Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭГУ не пайшоў на міравую з выкладчыкам Церашковічам


Павал Церашковіч
Павал Церашковіч

Віленскі акруговы суд пачаў разгляд справы паводле пазову прафэсара Паўла Церашковіча, які аспрэчвае сваё звальненьне з Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Падчас папярэдняга пасяджэньня, якое адбылося 28 жніўня, Павал Церашковіч выказаўся за вырашэньне пытаньня мірным шляхам у дасудовым парадку. Яго галоўным патрабаваньнем было аднаўленьне на працоўным месцы.

Аднак, як высьветлілася ў судзе 25 верасьня, адказчык — адміністрацыя ЭГУ — адмовіўся ад міравога пагадненьня.

«Адміністрацыя ЭГУ выказалася, што іх не задавальняюць умовы. Таму будзе працягвацца судовы працэс, і першае пасяджэньне адбылося, на якім разглядалася сутнасьць пытаньня. Мне далі магчымасьць выступіць, а таксама майму прадстаўніку Ірыне Юдзінай, старшыні прафсаюзу. Таксама выказаліся юрысты, якія абараняюць інтарэсы ЭГУ. Справа пакуль не завершаная, і наступнае пасяджэньне будзе 17 лістапада», — апавёў карэспандэнту Свабоды Павал Церашковіч.

Паводле прадстаўніка прафсаюзу ЭГУ, былога выкладчыка гэтай навучальнай установы, якая працуе ў Вільні, Андрэя Ралёнка, звальненьне Паўла Церашковіча «мела рэпрэсіўны характар, па сутнасьці, за крытыку палітыкі ўнівэрсытэту».

Перад пачаткам навучальнага году яшчэ 20 выкладчыкаў ЭГУ даведаліся, што зь імі кантрактаў не працягнулі. Гэтыя выкладчыкі лічаць сваё звальненьне незаконным і таксама зьбіраюцца падаваць пазовы ў суд.

Сёлета ў лютым старшыня Сэнату ЭГУ прафэсар Павал Церашковіч быў звольнены з працы ў унівэрсытэце. Рашэньне аб звальненьні падпісаў выканаўца абавязкаў рэктара ЭГУ Бярнардас Гайлюс.

Рашэньне ўхваленае на падставе Статуту ЭГУ і Працоўнага кодэксу Літоўскай Рэспублікі. Кантракт зь Церашковічам фармальна заканчваўся ў верасьні, але быў спынены датэрмінова.

Раней рэктар Анатоль Міхайлаў адмовіў кіраўніку сэнату ЭГУ Паўлу Церашковічу ў магчымасьці працягнуць працоўны кантракт. Павал Церашковіч быў адным са стваральнікаў плятформы «За новы ЭГУ», якая крытыкавала адміністрацыю гэтай вучэльні.

Канфлікт у ЭГУ

Канфлікт адміністрацыі ўнівэрсытэту і выкладчыкаў ЭГУ, якія аб’яднаныя ў прафсаюз выкладчыкаў «Плятформа», доўжыцца ўжо некалькі месяцаў.

13 студзеня рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў падпісаў загад, якім абвясьціў адкрыты міжнародны конкурс на замяшчэньне 17 выкладчыцкіх пасадаў.

Старшыня сэнату ЭГУ Павал Церашковіч выказаў сумнеў у справядлівасьці і празрыстасьці гэтага конкурсу. Асноўная асьцярога, якую маюць прадстаўнікі сэнату, — гэта тое, якім чынам будзе фармавацца конкурсная камісія.

9 лістапада прайшлі выбары ў сэнат Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Сэнат — галоўны орган акадэмічнага самакіраваньня. У сэнат прайшло 12 з 13 прадстаўнікоў дэмакратычнай плятформы «За новы ЭГУ». Яна аб’яднала выкладчыкаў, нязгодных з прапанаваным адміністрацыяй ВНУ плянам разьвіцьця ўнівэрсытэту.

Плятформа хоча вярнуць праекту ЭГУ ягоны першапачатковы сэнс — эфэктыўнай беларускай гуманітарнай ВНУ з эўрапейскай якасьцю адукацыі і навуковай працы.

Цяпер канфлікт паміж выкладчыкамі і рэктаратам ЭГУ перамясьціўся ў залю суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG