Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вёска Асмолавічы — пасьля пяцісотгадовага юбілею зьнікла школа


На Магілёўшчыне сёлета закрылі сямнаццаць вясковых школ. Усе яны, як заяўляюць чыноўнікі, малакамплектныя. Утрымліваць іх ня мэтазгодна. Вучняў будуць вазіць у школы з большай колькасьцю дзяцей.

У Клімавіцкім раёне, што на Магілёўшчыне, зачынілі дзьве школы. Адна з іх у вёсцы Асмолавічы. Сёлета 1 верасьня ля мясцовай школы, узьведзенай амаль сорак пяць гадоў таму, не зьбярэцца на сваю ўрачыстую лінейку вясковая дзятва, а само паселішча больш не пачуе школьнага званка.

Будынак школы
Будынак школы

Да закрыцьця ў Асмолавіцкай беларускамоўнай школе вучыліся 28 дзетак. Сямёра наведвалі тутэйшы дзіцячы садок. Ад першага верасьня вучняў будуць вазіць у адну са школ Клімавічаў. Дашкольнікаў таксама ўладкавалі ў дзіцячыя садкі райцэнтру. Тое, што дзеці сталі гарадзкімі, іхных вясковых бацькоў ня надта радуе. Свайго незадавальненьня яны не хаваюць:

«Чаму ад гэтага нам павінна быць добра. Маленькіх дзяцей будуць жа вазіць за адзінаццаць кілямэтраў. Забяруць а восьмай раніцы і прывязуць толькі а чацьвёртай», — абураецца група вяскоўцаў, занятая выбіраньнем бульбы з узаранага поля.

«Якая нам розьніца, будуць яны гарадзкія, ці вясковыя. У нас жа ніхто не запытаў — зачыняць школу ці не. Яе зачынілі, і ўсё на гэтым. Усе тут нязгодныя з гэтым, а толку... На школьным двары ўсё ўжо развалаклі. Дзіцячую пляцоўку там адразу ж прыбралі. А хочуць яшчэ, каб вёскі заставаліся, і каб яны жылі. Ніхто тут не захоча заставацца цяпер», мяркуюць вяскоўцы.

Будынак школы пакуль ёсьць, а дзіцячую пляцоўку ўжо паламалі
Будынак школы пакуль ёсьць, а дзіцячую пляцоўку ўжо паламалі

У Клімавічах усе школы — з расейскай мовай навучаньня. Гэта акалічнасьць не застаецца па-за ўвагай бацькоў.

«Ладна першаклясьнікі. У іх ўсё будзе ад пачатку на расейскай мове, а вось гэтае дзіця ў восьмай. Ён зь беларускай адразу пойдзе на расейскую, — даводзіцца маці аднаго са школьнікаў, —Як яму прызвычаіцца? Яму дужа цяжка будзе! Гэта кепска, але выйсьця ў нас няма».

Настаўнікі прыехалі забіраць працоўныя кніжкі на роварах. Іх звыкла паставілі ля школьнага ганку
Настаўнікі прыехалі забіраць працоўныя кніжкі на роварах. Іх звыкла паставілі ля школьнага ганку

Незадаволенасьць закрыцьцём школы і садка выказвалі ўсе, зь кім удалося пагутарыць у вёсцы. Кожны вясковец не прамінаў адзначыць, што са зьнікненьнем школы шпарчэй будуць паміраць і самі Асмолавічы.

«Жывуць тут во мае ўнучкі ды ўнукі, дык іх нязручна будзе вазіць у Клімавічы. Давядзецца штодня іх сустракаць. Яны ж маленькія яшчэ, — выказваецца сталага веку вяскоўка. — Трэба значыцца зьяжджаць у горад, а гэта значыць — пакінуць вёску. Тут жа больш нічога няма. Яны зьбіраліся і пошту закрыць, але нам удалося яе абараніць».

У маладзейшага пакаленьня вяскоўцаў больш аптымізму адносна сваёй будучыні. У іхных выказваньнях няма нотак асуджанасьці, хаця шкадаваньне, што школа, у якой яны вучыліся, зачынілася прысутнічае.

«Шкада, вядома ж. Будынак школы дужа добры застанецца. Дзецям давядзецца дабірацца да новых сваіх школ, хаця і падвозка будзе, але нязручна, — выказвае сваё стаўленьне да пераменаў у вёсцы маладая жанчына.

«Пакуль дзеці да новага прывыкнуць, дык будзе адчувацца розьніца. Ім жа давядзецца перходзіць зь беларускай мовы на расейскую. Але гадок, другі і ўцягнуцца і будзе ўсё добра».

Двухпавярховы цагляны будынак мясцовай школы і дзіцячага садка звонку выглядае няблага. У самой школе нязвыклая цішыня. Стэндаў са сьпісамі вучняў у фае, якія выстаўляюць на пярэдадні новага навучальнага году, няма. Невялікая грамада настаўнікаў цярпліва чакае пакуль дырэктар аддасьць ім працоўныя кніжкі.

Настаўнікі прыехалі забіраць працоўныя кніжкі на роварах. Іх звыкла паставілі ля школьнага ганку
Настаўнікі прыехалі забіраць працоўныя кніжкі на роварах. Іх звыкла паставілі ля школьнага ганку

Пэдагогі кажуць, што пазнаходзілі сабе працу, але журналісту задалі адразу пытаньне: «Ці можа ён дапамагчы, каб уратаваць ад закрыцьця школу?» Дырэктару няма часу гутарыць зь нечаканым госьцем. Да 1 верасьня, як ён кажа, яму трэба падрыхтаваць будынак школы да кансэрвацыі. Што будзе зь ім, яму пакуль невядома. Практыка аднак паказвае, што вясковыя школьныя будынкі спрабуюць прадаць, але не заўжды знаходзіцца ахвотнікі іх купіць. Яны так пакрысе і разбураюцца.

Паклоны крыж. Знак старадаўнасьці вёскі
Паклоны крыж. Знак старадаўнасьці вёскі

Гісторыя заняпаду вёскі характэрная для усіх такіх паселішчаў. Быў некалі вялікі і багаты калгас. Ён збанкрутаваў. Яго рэарганізавалі. У выніку ў Асмолавічах з вытворчых сельгасаб’етаў нічога не засталося жывога.

Два гады таму Асмолавічы ўрачыста адзначылі сваё пяцісотгодзьдзе. На юбілей з усяго сьвету зьехалася багата нашчадкаў шляхетнага роду Асмалоўскіх, якому некалі належалі землі вакол вёскі. Пра старадаўнасьць паселішча нічога не нагадвае. На месцы Мікалаеўскай праваслаўнай царквы на юбілей усталявалі паклонны крыж. А пра саму знакавую для вёскі дату — памятны знак з надпісам па-расейску, што ёй 500 год.

Памятны знак
Памятны знак

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG