Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дык хто загадаў блякаваць сайт «Хартыя’97»?

абноўлена

Карыстальнікі па-ранейшаму адзначаюць праблемы з доступам да сайта Charter’97. 15 жніўня сайт быў заблякаваны па ўсёй тэрыторыі Беларусі на працягу некалькіх гадзін. Праблемы з доступам маюць кліенты byfly, «АтлянтТэлекам», «Космас ТВ», Velcom, МТС, Life, Белінфанэту і шмат якіх драбнейшых інтэрнэт-правайдэраў.

Прэс-сакратар Белтэлекаму Андрэй Абраменкаў на пытаньне Радыё Свабода, з чым зьвязаныя праблемы з доступам да сайта, адказаў: «Без камэнтароў».

Аднак намесьніца дырэктара Нацыянальнага цэнтру абмену трафікам Вольга Агеенка паведаміла Радыё Свабода наступнае:

«Карыстальнікі з тэрыторыі Беларусі, калі ў іх быў недаступны сайт „Хартыя’97“, — гэта практычна ўсе кліенты Белтэлекаму.

Белтэлекам сам мае выхад на міжнародныя сеткі сувязі і ўзаемадачыненьні зь міжнароднымі апэратарамі, якія яму даюць доступ да інтэрнэту, што ён дае карыстальнікам Беларусі. 99% карыстальнікаў Беларусі — гэта кліенты Белтэлекаму.

У нас канцавых карыстальнікаў няма. Мы не працуем зь фізычнымі асобамі. Нашы карыстальнікі ня скардзіліся».

НЦАТ непасрэдна падпарадкоўваецца Апэратыўна-аналітычнаму цэнтру пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Гэтая структура адказная за зьяўленьне ў Беларусі «чорнага сьпісу» рэсурсаў, доступ да якіх абмежаваны ў дзяржаўных установах, установах культуры і адукацыі.

«Чорны сьпіс» зьявіўся згодна з пастановай Апэратыўна-аналітычнага цэнтру ад 29 чэрвеня 2010 году. Сярод іншых у яго трапілі рэсурсы: «Хартыя’97», электронны абменьнік валют «Пракаповіч», блог Яўгена Ліпковіча ў «Жывым журнале», сайт праваабарончага цэнтру «Вясна».

Прадстаўнік ААЦ паведаміў Радыё Свабода, што яны «не займаюцца такімі пытаньнямі», і параіў зьвярнуцца ў дзяржаўную інспэкцыю па электрасувязі.

Раней гэтая ж установа, адказваючы на падобны ж запыт праваабаронцы Валянціна Стэфановіча ў дачыненьні да блякаваньня рэсурсу «Вясна’96» у дзяржаўных установах, заявіла наступнае: «Нарматыўнымі прававымі актамі не рэглямэнтаваныя паўнамоцтвы РУП „БелДІЭ“ па распаўсюджваньні інфармацыі аб ідэнтыфікатарах інтэрнэт-рэсурсаў, якія зьмяшчаюцца ў сьпісе абмежаванага доступу».

«Хартыя’97» трапіла ў «чорны сьпіс» з ініцыятывы Генэральнай пракуратуры Беларусі. Пра гэта стала вядома 11 красавіка 2011 году. У той дзень на брыфінгу начальнік упраўленьня па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў Генэральнай пракуратуры Павал Радзівонаў паведаміў, што «на названых сайтах разьмяшчалася інфармацыя, якая не адпавядае заканадаўству. У прыватнасьці — заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах».

Прадстаўніца Генэральнай пракуратуры паведаміла Радыё Свабода, што да цяперашніх праблемаў з доступам установа ня мае ніякага дачыненьня.

Прэс-сакратар КДБ Артур Стрэх на пытаньне Радыё Свабода, ці мае КДБ дачыненьне да ўчорашніх праблемаў з доступам да сайта, адказаў: «Не».

Памочніца міністра сувязі і інфарматызацыі Натальля Аляшкевіч лічыць, што ў выпадку праблемаў у кліентаў byfly трэба зьвяртацца ў Белтэлекам:

«Наша міністэрства да гэтага дачыненьня ня мае. Калі мы кажам пра апэратара byfly, то трэба зьвяртацца да Белтэлекама і прасіць камэнтар у іх».

Абвяргае датычнасьць да блякаваньня сайта і Міністэрства інфармацыі. Кіраўнік упраўленьня электронных СМІ Ўладзімер Ядрэнцаў сказаў Радыё Свабода наступнае:

«На сёньняшні дзень Міністэрства інфармацыі да інтэрнэту ня мае аніякага дачыненьня. Гэта ня сродак масавай інфармацыі. Больш камэнтароў няма».

Праблемы з доступам пачаліся каля 18.00 14 жніўня. Наведнікі паведамлялі ў рэдакцыю, што ня могуць зайсьці на сайт зь Беларусі, але пры выкарыстаньні проксі сайт быў даступны, паведамляе рэдакцыя.

Расьсьледаваньне паказала, што блякаваньне ўсталяванае на шлюзе дзяржаўнай сеткі перадачы дадзеных «Белпак» (структурнае падразьдзяленьне РУП «Белтэлекам»), празь якую да інтэрнэту падлучаныя астатнія правайдэры.

Раней рэдакцыя «Хартыі’97» паведамляла, што расейскі магістральны апэратар сувязі Ростелеком унёс charter97.org у чорны сьпіс, з-за чаго доступ да «Хартыі’97» зьнік для ўсіх карыстальнікаў. Але разблякаваць доступ да сайту зь Беларусі ўдалося цягам некалькіх гадзін.

Роскомнадзор унёс некалькі артыкулаў «Хартыі’97» у «чорны сьпіс».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG