Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белтэлекам» заблякаваў доступ да сайту charter97.org у Беларусі. Пра гэта паведамляе рэдакцыя сайту.

Праблемы з доступам пачаліся каля 18 гадзінаў. Наведвальнікі паведамлялі ў рэдакцыю, што не могуць зайсьці на сайт зь Беларусі, але пры выкарыстаньні проксі сайт быў даступны, паведамляе рэдакцыя.

Пад блякаваньне патрапілі кліенты byfly, «АтлянтТэлекам», «Космас ТВ», Velcom, МТС, Life, Белінфанэт і многіх іншых больш дробных інтэрнэт-правайдэраў.

Расьсьледаваньне паказала, што блякаваньне ўсталяванае на шлюзе дзяржаўнай сеткі перадачы дадзеных «Белпак» (структурнае падразьдзяленьне РУП «Белтэлекам»), праз якую ў інтэрнэт падлучаныя астатнія правайдэры.

Рэдакцыі Хартыі 97 пакуль не ўдалося зьвязацца з прадстаўнікамі «Белтэлекама». Прычына блякаваньня невядомая.

Раней расейскі магістральны апэратар сувязі «Ростелеком» унёс charter97.org у чорны сьпіс, з-за чаго доступ да «Хартыі-97» зьнік для ўсіх карыстальнікаў інтэрнэт-правайдэраў. Але разблякаваць доступ да сайта зь Беларусі ўдалося цягам некалькіх гадзін.

«Роскомнадзор» унёс некалькі артыкулаў «Хартыі-97» у «чорны сьпіс»,

Цяпер доступ абмежаваны непасрэдна беларускім дзяржаўным інтэрнэт-правайдэрам, паведамляе рэдакцыя.

Рэдактарка сайту «Хартыя −97» Натальля Радзіна пракамэнтавала сытуацыю карэспандэнту Свабоды:

«Заблякаваў сайт „Белтэлекам“ на тэрыторыі Беларусі. Скардзяцца абанэнты розных правайдэраў, якія падпарадкоўваюцца „Белтэлекаму“. У розных гарадах Беларусі сайт не адчыняецца. Мы цяпер высьвятляем прычыну, з чым гэта зьвязана. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што нас заблякаваў у Расеі „Ростелеком“. Магчыма. гэта зьвязана з тым, што „Белтэлекам“ уводзіць чарговыя карныя меры супраць нашага сайту. Відавочна, што гэта чарговая атака на свабоду слова, зьнішчаюцца апошнія крыніцы свабоднай інфармацыі ў Беларусі. Гэта блякіроўка адбываецца ў парушэньне нават тых дыктатарскіх законаў, якія ёсьць цяпер у Беларусі і згодна зь якімі нас блякуюць у дзяржустановах. Мы знаходзімся у „чорных сьпісах“ апэратыўна-аналітычнага цэнтра пры адміністрацыі Лукашэнкі. Цяпер нас пачынаюць блякаваць на тэрыторыі ўсёй краіны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG