Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкая думка ў Беларусі і Расеі пра падзеі ва Ўкраіне


Юры Дракахруст.
Юры Дракахруст.

Як адрозьніваецца стаўленьне да падзеяў ва Ўкраіне ў беларусаў і расейцаў? Ці зьмянілася стаўленьне беларусаў да Расеі? Ці па-ранейшаму для беларусаў важна традыцыйнае — абы вайны не было?

Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць сацыёлягі Алена Арцёменка, Аляксей Ластоўскі і Сяргей Нікалюк.

Чый Крым для беларусаў і для расейцаў?

Дракахруст: Паводле апошніх апытаньняў, якія праводзілі ў Беларусі незалежныя сацыялягічныя цэнтры, беларускае грамадзтва ў канфлікце ва Ўкраіне ў большасьці схільнае да расейскай пазыцыі. Унушальная большасьць ухваляе анэксію Крыму і дзейнасьць сэпаратыстаў у Данбасе, асуджае спробы ўкраінскай улады задушыць забурэньні. У Расеі падтрымка палітыкі Масквы яшчэ больш высокая, але чаму яна такая высокая ў Беларусі? «Крымнаш» — гэта ўжо пэўна не пра беларусаў. Што ім да вайны за межамі іх краіны? Ці справа толькі ва ўсемагутнай расейскай прапагандзе? Але паводле апытаньня НІСЭПД, нават сярод тых, хто не глядзіць расейскае тэлебачаньне, і атрымлівае зьвесткі пра падзеі ва Ўкраіне зь незалежнага друку, большасьць усё роўна падзяляе пазыцыю Расеі.

Аляксей Ластоўскі
Аляксей Ластоўскі

Ластоўскі: Сапраўды, самы просты шлях — патлумачыць зьмену грамадзкай думкі ўзьдзеяньнем расейскай прапагандысцкай машыны. Але гвалтоўнае ўзьдзеяньне на сьвядомасьць таксама мае свае абмежаваньні і не заўжды можа працаваць — для гэтага мусяць быць спрыяльныя фактары, чалавек мусіць быць гатовым уключыць тэлевізар і паверыць у тое, што кажуць. Пытаньне ў тым, чаму жыхары Беларусі так ахвотна прынялі рацыю расейскага тэлебачаньня? На жаль, наша палітычная незалежнасьць — умоўная і хісткая, і нават калі не зважаць на эканамічныя фактары, бачная няздольнасьць выбудаваць самастойнасьць мысьленьня і дзеяньня ў пляне сьвядомасьці і паводзінаў. Фактычна, Беларусь не адгароджаная моцнымі сымбалічнымі маркерамі, якія б пазначалі сваю, уласную тэрыторыю на мэнтальных мапах. Мы ня проста глядзім расейскае тэлебачаньне, мы выбудоўваем мысьленьне на тых катэгорыях, якія запазычаныя ад усходняга суседа.

Баюся, пакуль беларусы (ці прынамсі беларуская эліта) ня будуць размаўляць на беларускай мове, пакуль не перастануць мысьліць ў межах расейскай культуры, наша грамадзтва будзе наўпрост залежным ад інфармацыйных уплываў Расеі, і ня важна, ці то будзе тэлеканал НТВ, ці то сацыяльная сетка «Одноклассники». У такой сытуацыі Беларусь — гэта культурная і эканамічная калёнія Расеі.

Дракахруст: Алена, як вы тлумачыце вось гэтыя лічбы? Ці сапраўды з гэтых лічбаў вынікае, што беларуская незалежнасьць хісткая, як сказаў Аляксей?

Алена Арцёменка
Алена Арцёменка

Арцёменка: Я б паглядзела на гэтае пытаньне больш вузка і разглядала б інфармацыйнае поле, інфармацыйныя паводзіны беларусаў. Я б не рабіла высноў на гэтай падставе аб ступені незалежнасьці і аўтаноміі ад Расеі. Проста па гэтай праблеме ў беларусаў, акрамя расейскай пазыцыі, у распараджэньні іншых пазыцый па вялікім рахунку і няма. Беларуская афіцыйная прапаганда не прапануе выразнага бачаньня і выразных пазыцый. Я думаю, што тыя 25% людзей, якія не падтрымліваюць паводзіны Расеі, маюць магчымасьць спажываць інфармацыю зь незалежных крыніц і знаёміцца з альтэрнатыўнымі пазыцыямі. Тое, што ў Беларусі не прапаноўваецца іншае бачаньне на гэтую праблему, якраз і зьяўляецца прычынай таго, што беларусы прымаюць расейскую пазыцыю.

Я б ня зьвязвала гэтыя ўяўленьні зь нейкімі каштоўнаснымі рэчамі. У гэтым моманце якраз выяўляецца эфэкт «сьпіралі маўчаньня»: большасьць беларусаў, ня маючы перад вачыма агучанай іншай пазыцыі, ня ўпэўненыя ў тым, што яны могуць заяўляць адкрыта пра падтрымку Ўкраіны, украінскай незалежнасьці, украінскай улады. Калі мы будзем працягваць задаваць пытаньне, каго яны будуць падтрымліваць, ня бачачы ў сваім асяродзьдзі, у сваім інфармацыйным полі ніякіх іншых альтэрнатываў, ніякіх іншых пазыцый, яны будуць выказваць расейскую пазыцыю. Але насамрэч, як паказала Элізабэт Ноэль-Нойман, якая адкрыла гэты эфэкт «сьпіралі маўчаньня», іх меркаваньне можа быць іншым. Я думаю, што ў цэлым беларусы ня так масава падтрымліваюць расейскі бок у канфлікце.

Дракахруст: Сяргей, як вы можаце параўнаць стаўленьне беларусаў і стаўленьне расейцаў да канфлікту? Калі беларусы мэнтальна такія расейцы, дык чаму ж лічбы ў Беларусі заўважальна ніжэй, чым у Расеі?

Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк

Нікалюк: Я б не разглядаў беларусаў выключна як ахвяраў расейскай прапаганды. Як фармуецца грамадзкая думка? У першую чаргу яна фармуецца нейкімі базавымі характарыстыкамі грамадзтва. Потым ужо на гэтыя базавыя характарыстыкі накладаецца бягучая сытуацыя, як эканамічная, гэтак, вядома, і сытуацыя мэдыйная. Мэдыйная сытуацыя добра накладаецца або добра ўзмацняе толькі тое, што ў грамадзтве ўжо ёсьць. Асноўным сацыяльным тыпам беларуса застаецца чалавек савецкі, калі так можна выказацца. На самай справе ўплыў украінскіх падзей пачаўся не з расейскай прапаганды, а з Майдану. На жаль, большасьць — 60-65% — успрыняла Майдан як выклік савецкасьці. Гэта каштоўнасны выклік. Рэакцыя на Майдан стварыла нейкую сетку каардынатаў. Або, як кажуць сацыёлягі Лявада-центру — рамку разуменьня. А ўжо ўнутры гэтай рамкі разуменьня сфармаваліся ўсе астатнія думкі: і па Крыме, і па падзеях у Данбасе. На жаль, беларускае грамадзтва застаецца савецкім. Але па сваёй структуры яно ўсё ж такі больш празаходняе, чым расейскае. Калі ў нас савецкага чалавека 60-65%, то ў Расеі, як паказваюць вынікі апытаньняў, савецкага чалавека 80%. Вось гэтае адрозьненьне і фіксуецца.

«Абы вайны не было» Дракахруст: Вядомае беларускае выслоўе, зь якога самі беларусы часам кпяць — «абы вайны не было». Наколькі гэты прынцып прысутнічае ў беларускіх ацэнках падзеяў ва Ўкраіне, ці адрозьніваюцца беларусы ў гэтым ад расейцаў?

Нікалюк: Мы ўсе прызвычаіліся да гэтай фразы і прызвычаіліся да таго, што беларусы кіруюцца ёю. Але я пагадзіўся б са Станіславам Бялкоўскім, які растлумачыў, што расейцы падтрымліваюць вайну па тэлевізары. Гэта не сапраўдная вайна для іх. Яго спыталі, як хутка людзі стомяцца ад вайны? Ён адказаў — ад якой вайны? Ад той, што ідзе па тэлевізары? Дык яна ідзе як спэктакль. Гэта ня тая вайна, якая наўпрост адбіваецца на жыцьці тэлегледачоў і іх сем’яў.

І ў беларусаў да таго, што адбываецца, шмат у чым стаўленьне тэлегледачоў. Я ведаю, канкрэтных людзей, якія пасьля працы бягуць дадому паглядзець, як жа там падзеі разьвіваюцца. Яны адчуваюць нейкі драйв, які, вядома, у нас ніжэй, чым у Расеі. Структура грамадзтва ў нас іншая. У нас каля 30% выступае супраць аўтарытарызму.

Дракахруст: Аляксей, а на ваш погляд, наколькі гэты фактар асьцярожнасьці беларусаў, іх моцнай рэакцыі нават на прывід канфлікту, ня кажучы пра сам канфлікт — наколькі ён уплывае на стаўленьне да ўкраінскіх падзеяў?

Ластоўскі: Адрозьненьне ад расейцаў самае відавочнае — Расея як дзяржава паўставала і мацавалася як праект няспыннай экспансіі і агрэсіі. Усе спробы ператварыць яе ў мірную дэмакратычную дзяржаву, фактычна, ставілі Расею на мяжу распаду. І, шчыра кажучы, я са скепсісам стаўлюся да магчымасьцяў лібэралізацыі Расеі. Вяртаньне да рыторыкі спрадвечных рускіх тэрыторый, абароны правоў рускіх ці рускамоўных па-за межамі краіны хутчэй адпавядаюць вяртаньню да звыклых мадэляў. Надзвычайная грамадзкая падтрымка сьведчыць, што маленькая пераможная вайна для Расеі застаецца ўнівэрсальным рэцэптам аднаўленьня гарманічнага стану ўлады і народу. Для Беларусі ж ад пачатку сымбалем долі стала тутэйшасьць, прывязанасьць да ўласных абшараў, да сваёй жмені зямлі. Вайна для нас — гэты заўжды нешта чужое, навязанае і прыўнесенае. Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне — так, гэта гонар для нацыі, але наўрад ці хто хоча яшчэ Перамогі № 2. Узровень мілітарызму ў нас вельмі нізкі, што, праўда, ставіць шмат пытаньняў і аб абароназдольнасьці краіны.

Паводле апошняга апытаньня НІСЭПД, 14% гатовы абараняць краіну ад расейскага ўварваньня са зброяй у руках — і гэта заканамерна. Таму мне здаецца, што такое нежаданьне беларусаў ваяваць, памяркоўнасьць у значнай ступені адбіваюцца на ўспрыняцьці ўкраінскіх падзей. Ёсьць моцнае нежаданьне таго, каб гэтыя падзеі прыйшлі сюды, альбо праз зьмену ўлады, альбо праз зьмену стасункаў з Расеяй. Таму грамадзкая думка падтрымлівае канфармісцкі статус максымальнай адаптацыі да тых зьменаў, якія навязаныя Расеяй. Усе спадзяюцца, што Беларусь, як дрыгва, праглыне любога захопніка.

Дракахруст: Алена, Сяргей, сказаў пра прыроду стаўленьня беларусаў да Майдану, да таго, што там адбываецца ва Ўкраіне, як савецкую? Але празь Беларусь стагодзьдзямі пракатваліся войны, што выпрацавала пэўнае стаўленьне. Дык можа і стаўленьне да падзеяў ва Ўкраіне ня столькі савецкае, колькі беларускае?

Арцёменка: Я ня згодная з тым, што мэнтальнасьць беларусаў зараз савецкая. Паводле апытаньняў НІСЭПД, год ад году колькасьць тых, хто жадае аднаўленьня СССР, няўхільна і заўважальна зьніжаецца. Тое, што тычыцца прагі беларусаў да міру, я ўпэўненая ў тым, што для беларусаў — гэта вельмі вялікая каштоўнасьць, і для моладзі ў тым ліку.

З гэтым я зьвязваю і тое, што некаторыя беларусы не падтрымліваюць эўрапейскую інтэграцыю зараз, а больш схільныя мірна прыняць умовы Расеі, каб пазьбегнуць ваенных дзеяньняў на тэрыторыі краіны. Я мяркую, што зьніжэньне праэўрапейскіх настрояў у Беларусі выклікана наступствамі падпісаньня Ўкраінай дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Каб гэтага пазьбегнуць, каб нікога не правакаваць і захаваць стабільную сытуацыю ўнутры краіны, беларусы адмаўляюцца ад ідэі інтэграцыі з Эўропай. Таксама асьцярогі беларусаў наконт такога разьвіцьця падзеяў праяўляюцца ў тым, наколькі лепш яны зараз ацэньваюць сытуацыю ўнутры краіны, у прыватнасьці, эканамічнае становішча. Нягледзячы на тое, што яны дэкляруюць пагаршэньне свайго ўласнага дабрабыту, сытуацыю ў краіне ў цэлым яны ацэньваюць ўсё лепш і лепш.

Мір — гэта істотная каштоўнасьць для беларусаў, што вельмі моцна ўплывае на іх стаўленьне да сытуацыі ва Ўкраіне. Беларусы адмаўляюцца падтрымліваць альтэрнатыўныя праекты, якія могуць прывесьці да такіх жа падзеяў у нас.

Ці мацуе падтрымка расейскай пазыцыі прагу да інтэграцыі?

Дракахруст: Ухвала грамадзкай думкай палітыкі Расеі ва Ўкраіне — наколькі яна трансфармуецца ў рост праінтэграцыйных настрояў, у імкненьне да умацаваньня беларуска-расейскага саюзу?

Ластоўскі: Паводле ўсіх дасьледаваньняў, двух апошніх апытаньняў НІСЭПД, і паводле дадзеных лябараторыі «Новак», якія агучыў Андрэй Вардамацкі, мы бачым паралельнае нарастаньне падтрымкі дзеяньняў Расеі і прарасейскіх інтэграцыйных настрояў. Зь іншага боку, адсотак тых, хто хоча стварэньня адзінай дзяржавы з Расеяй, застаецца стабільна нізкім, і гэта таксама важна адзначыць. Мне падаецца, што тут істотнай зьяўляецца і дэвальвацыя эўрапейскай мары, міта вяртаньня ў Эўропу. Сучаснае ўкраінскае кіраўніцтва зрабіла стаўку на эўраінтэграцыю, але пазытыўныя наступствы гэтага выглядаюць пакуль сумнеўнымі, а рознага кшталту праблемы ад такога выбару відавочныя.

Я думаю, што для беларусаў па-ранейшаму застаецца каштоўнай геапалітычная амбівалентнасьць, жаданьне есьці пірагі з абодвух бакоў. Але зараз мы бачым, што прынцыпова зацікаўленая ў Беларусі толькі Расея, толькі з гэтага боку адчуваюцца рэальныя прапановы, што натуральна адбіваецца і на грамадзкім успрыняцьці.

Нікалюк: Мне здаецца, што нейкія амбівалентныя моманты праскокваюць ў маіх апанэнтаў. Гаворыцца, што расейскія СМІ ўплываюць на беларусаў і ўплываюць вельмі моцна. Прабачце, а што выклікалі расейскія СМІ ў Расеі? Страх або небывалы ўздым? Ёсьць дадзеныя сакавіцкага апытаньня НІСЭПД, у якое «крымнаш» ужо трапіў. І што — у Расеі гэта выклікала эўфарыю, а ў нас — страх? Не, яно і ў нас таксама выклікала эўфарыю. Толькі амплітуда гэтай эўфарыі, як я тлумачыў раней — менш. Таму ў Беларусі на хвалі гэтай эўфарыі, вядома, падвысілася жаданьне інтэгравацца з Расеяй, як з крыніцай эўфарыі, падвысілася пазытыўнае стаўленьне да ўлады і пазытыўнае ўспрыманьне стану эканомікі. Гэта цалкам натуральна.

Усё тое самае, толькі зь меншай амплітудай, было зафіксавана ў Беларусі ў 2008 годзе, калі частка беларусаў вайну ў Грузіі, фактычна, успрыняла, як сваю маленькую пераможную вайну. Таму яшчэ да вынікаў апытаньня ў сакавіку тэндэнцыі былі зразумелыя: было відавочна, што яны паўтораць Грузію, толькі з большай амплітудай. У цэлым гэта пазытыў, які ахапіў частку беларускага грамадзтва. Для яе «крымнаш» — гэта выдатна, радасна і натхняльна.

Дракахруст: Алена, я не зусім зразумеў, каму была адрасаваная крытыка Сяргея, але вам даю магчымасьць адказаць.

Арцёменка: Так, на меркаваньні беларусаў ўплывае расейская прапаганда, а з другога боку, я казала пра тое, што на меркаваньні беларусаў уплывае страх таго, што і ў нас магчымыя такія падзеі. Заўважце, пры ўсім пры гэтым нашы ўлады не выказваюць поўнай падтрымкі расейскай палітыкі ва Ўкраіне. Лукашэнка займае нэўтральную пазыцыю. Пры ўсім пры гэтым падтрымка Лукашэнкі значна вырасла са сьнежня. Я б гэта зьвязвала ня з тым, што ў нас падымаецца такая магутная хваля прарасейскай эўфарыі, а менавіта з асьцярожнай пазыцыяй беларускай улады. Тое, што ў беларусаў няма альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі для таго, каб сфармаваць сваё меркаваньне адносна ўкраінскіх падзей, прымушае іх прымаць тое, якое прапаноўвае прапаганда. Але я ня думаю, што ўсе татальна эўфарычна ўспрымаюць гэтыя падзеі. Ці спадабаюцца беларусам украінскія перамовы ў Менску?

Дракахруст: Напрыканцы ліпеня Менск стаў пляцоўкай перамоваў і кансультацыяў варагуючых ва Ўкраіне бакоў. На ваш погляд, як паставіцца да гэтага беларускае грамадзтва?

Арцёменка: Рост рэйтынгу Лукашэнкі ў сакавіку збольшага быў зьвязаны зь яго ўзважанай пазыцыяй, якая паважалася ў тым ліку і ўкраінскімі уладамі. Гэтая роля пляцоўкі для перамоваў, на мой погляд, узмоцніць падтрымку беларусамі кіраўніка дзяржавы.

Дракахруст: Сяргей, калі народ з такім энтузіязмам прымае «крымнаш», то гэтыя пасярэдніцкія манэўры, калі запрашаюцца прадстаўнікі, кажучы мовай расейскай прапаганды, «хунты карнікаў» — гэта у мінус ці ў плюс?

Нікалюк: Я сказаў, што пэўная частка беларусаў успрыняла «крымнаш» з захапленьнем і эўфарыяй. Што да Менску як пляцоўкі для перамоваў, то ня думаю, што гэта неяк паўплывае на стаўленьне да ўлады ў цэлым. Гэта лякальная падзея і праз тыдзень беларусы забудуць пра яе.

Дракахруст: Сяргей, яна лякальная, але індыкатыўная. Калі беларусы ў гэтым канфлікце падтрымліваюць безагаворачна адзін бок, то які сэнс падтрымліваць перамовы паміж бакамі?

Нікалюк: Гэта крыху розныя рэчы. Калі пытаюцца ў цэлым: вы за перамовы, то, вядома, за перамовы. Але хто ведае дэталі і зьмест? У нас нават пра штогадовае пасланьне прэзыдэнта ведаюць 50% насельніцтва? А аб гэтай падзеі які адсотак будзе ведаць? І як яно паўплывае на стаўленьне да ўлады? Ды ніяк. Дракахруст: Аляксей, вы згодны з тым, што сярод беларусаў будзе татальная падтрымка гэтых перамоваў, незалежна ад таго, якое ў іх стаўленьне да канфлікту?

Ластоўскі: Я думаю, што такая міратворчая пазыцыя Менска — яна спрыяе пашыраным стэрэатыпам пра Беларусь як краіну стабільнасьці і парадку. Мне падаецца, што і з боку Расеі, і з боку Ўкраіны ёсьць істотная патрэба, каб знайсьці супольную мову, каб прынамсі перавесьці канфлікт у цывілізаваныя рамкі. У дадзеным выпадку Менск — гэта такая кампрамісная кропка, якая ўсіх задавальняе. І з боку грамадзтва я ня бачу ніякіх пярэчаньняў таму, каб афіцыйны Менск заняў менавіта дадзеную пазыцыю.

Украіна і палітычныя густы беларусаў

Дракахруст: Як стаўленьне да крызісу ва Ўкраіне ўплывае на ўнутрапалітычныя ўстаноўкі беларусаў — на стаўленьне да пераменаў, да магчымых акцыяў пратэсту і да спосабаў іх падаўленьня, нарэшце на электаральныя густы беларусаў?

Ластоўскі: Тут застаецца толькі пагадзіцца з большасьцю экспэртаў, што ўкраінскія падзеі (Эўрамайдан і яго наступствы) хутчэй нэгатыўна адбіліся на рэвалюцыйным патэнцыяле беларускага грамадзтва. Можа і не пахавалі канчаткова наступную Плошчу, як тое прарочыць Карбалевіч, але відавочна ўмацавалі электаральныя пазыцыі Лукашэнка, паколькі ў выгадным сьвятле дэманструюць яго як абаронцу парадку і стабільнасьці. Гатоўнасьць да пратэстных дзеяньняў таксама зьніжаецца, паколькі трагічны кошт рэвалюцыі, прадэманстраваны ва Ўкраіне, вымушае задумацца — а якімі будуць наступствы зрынаньня ўлады ў Беларусі? Калі развальваецца ўся сыстэма міжнародных стасункаў, пераразьмяркоўваюцца тэрыторыі, тэрарызм і сэпаратызм набіраюць моц побач, хочацца больш цаніць трываласьць тых палітычных інстытутаў, якія мы маем. Нават у асяродзьдзі беларускай апазыцыі можна заўважыць істотнае зьніжэньне крытычнага градусу датычна Лукашэнкі і пашырэньне спадзяваньняў на яго, як на абаронцу нацыі. Што ўжо казаць пры звычайных беларусаў, ня ўключаных у палітычныя працэсы. Але мова ідзе пра тое, што агульная сытуацыя ў рэгіёне зараз стала вельмі хісткай — гэта ж датычыць і Беларусі. Любая памылка можа стаць трагічнай, і пры такім росьце нестабільнасьці падставаў для сучаснай беларускай улады спакойна спаць у шапку няма. Легітымнасьць дамоваў і перамоваў, улады і тэрыторыі — усе гэтыя рэчы зараз зьнікаюць, як дым, і трэба максымальна гнуткае і рацыянальнае рэагаваньне на зьнешнія імпульсы.

Я б сказаў, што зараз беларускае грамадзтва насьцярожана назірае за дзеяньнямі беларускай улады, ці здолее яна апраўдаць той мандат даверу, які зараз выдадзены. Зноў жа, любая памылка пры гэтым можа радыкальна зьмяніць расклад сілаў унутры краіны.

Арцёменка: Мы зь нецярпеньнем чакалі дадзеных па электаральным рэйтынгу Лукашэнкі, таму што ўсплёск ў сакавіку можна было растлумачыць, але было незразумела, наколькі ён будзе стабільным. Цяпер стаіць пытаньне аб тым, ці пратрымаецца гэты ўзровень падтрымкі, ці пратрымаецца тэндэнцыя росту рэйтынгу да выбараў 2015 году. Таму што ў эканоміцы, магчыма, ня будзе рэсурсаў для забесьпячэньня звыклага росту дабрабыту ў рамках палітыка-дзелавога цыклу. Магчыма, менавіта на гэтых украінскіх падзеях і будзе збудаваная электаральная кампанія 2015 году.

На мой погляд, пратэстны патэнцыял зараз нізкі. І толькі экзагенныя фактары могуць прывесьці да таго, што кажа Аляксей. Ня думаю, што ў нас грамадзтва расхістанае так, што ад іскры можа ўспыхнуць нейкае полымя. Я думаю, што калі падзеі будуць такімі ж драматычнымі, як цяпер, калі Лукашэнка будзе прытрымлівацца такіх жа стрыманых пазыцый, як цяпер, то гэты высокі рэйтынг можа трымацца досыць доўга. На мой погляд, асьцярогі беларусаў наконт магчымых наступстваў пратэстаў і любых хваляваньняў высокія і на гэтым можна гуляць колькі заўгодна. Забясьпечваць грамадзкую падтрымку, кіруючы гэтым страхам, маніпулюючы ім, таму што гэта тычыцца базавых каштоўнасьцяў беларусаў.

Нікалюк: Я хачу сказаць, што такі тып улады, які ёсьць у Беларусі, ня мае патрэбу ў падтрымцы грамадзтва і не абапіраецца на яе. Гэтая ўлада абапіраецца на пасіўнасьць грамадзтва. Выкажу такую парадаксальную думку: у нас спачатку адбываецца рэвалюцыя, а потым ўзбуджаецца грамадзтва і выходзіць на плошчу, а не наадварот. Ельцын сыходзіў з улады, калі рэйтынг у яго быў 5%. Але ніякіх пратэстаў не было.

Што тычыцца сёньняшняй сытуацыі, то, безумоўна, Лукашэнка выйграў у кароткатэрміновай пэрспэктыве. Ня выключана, што гэтая сытуацыя працягнецца і ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве, гэта значыць, і на 2015 год. Але калі сытуацыя зломіцца, то не з-за Ўкраіны, а з-за таго, што можа адбыцца ў Расеі. Таму што Расея, сама таго не жадаючы, запусьціла магутныя дынамічныя працэсы ўнутры сябе. Як яна там будзе разьвівацца, у якія тэрміны, я прадказваць не бяруся. Ёсьць такая прымаўка, ня мною прыдуманая: «У Расеі нічога не мяняецца за 200 гадоў, але ўсё можа зьмяніцца за два дні».

Зьмены ў Беларусь прыйдуць не з Украіны, а з Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG