Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іларыёнаў: Я не бяруся прагназаваць незалежнасьць Беларусі пасьля 25 траўня


Андрэй Іларыёнаў
Андрэй Іларыёнаў

Андрэй Іларыёнаў, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту Катона (Вашынгтон), у інтэрвію Радыё Свабода апавядае, як Уладзімер Пуцін плянуе захапіць усходнюю Ўкраіну і калі Беларусь можа страціць незалежнасьць.

Былы міністар абароны Ўкраіны Яўген Марчук заявіў, што што найбліжэйшымі днямі можа пачацца «маштабная наступальная апэрацыя Расеі на ўсходнія рэгіёны Ўкраіны». Ён спасылаецца на канцэнтрацыю расейскіх войскаў на ўкраінскай мяжы і вялікую колькасьць «пуцінскіх турыстаў» у Данецку і вакол яго.

— Андрэй Мікалаевіч, вы яшчэ ў лютым прагназавалі ўвод расейскіх войскаў адразу пасьля заканчэньня Алімпіяды. Ці анэксія Крыма — гэта канчатковая мэта Ўладзімера Пуціна, ці ён гатовы ісьці далей?

— У апошнія дні сапраўды шмат паведамленьняў пра канцэнтрацыю расейскіх войскаў, цяпер зьявілася заява Яўгена Марчука. Я лічу, што ўсё гэта выключна сур’ёзна.

Я не адмаўляю таго, што ўварваньне можа быць. У той жа час мне здаецца, што падзеі, якія мы цяпер назіраем, вельмі сур’ёзна па ўсіх зьнешніх прыкметах адрозьніваюцца ад таго, як Пуцін рыхтуе ўварваньне.

У заяве Марчука гаворыцца пра канцэнтрацыю групоўкі ў памеры трыццаці тысяч чалавек. Шэсьць гадоў таму падчас расейска-грузінскай вайны армія ўварваньня, якая ўвайшла на тэрыторыю Грузіі, складала звыш сарака тысяч расейскіх вайскоўцаў. З улікам дапаможных частак уся групоўка дасягала 80-100 тысяч чалавек.

Цяпер параўнайце: насельніцтва Грузіі — чатыры з паловай мільёны чалавек. Насельніцтва Ўкраіны ў дзесяць разоў большае.

Нават калі мы пакінем у баку дапаможныя часткі, то часткі, якія былі накіраваныя на захоп Паўднёвай Асэтыі ды Абхазіі і магчымую апэрацыю супраць Тбілісі, складалі сорак тысяч чалавек. Цяпер супраць Украіны сканцэнтраваная групоўка ў памеры трыццаці тысяч чалавек. Я тут бачу гіганцкі разрыў паміж рэсурсамі, неабходнымі для правядзеньня апэрацыі.

Нават калі апэрацыя разьлічана толькі на Луганскую, Данецкую і, дапусьцім,
Ня можа праводзіцца вайсковая апэрацыя супраць краіны з узброенымі сіламі, большымі за сто тысяч, нават калі яны ня ўсе знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасьці, сіламі трыццацітысячнай групоўкі.
Харкаўскую вобласьці, усё адно зразумела, што армейскія часткі Ўкраіны будуць у гэтым удзельнічаць. І хочацца спадзявацца, што яны не здадуць гэтыя вобласьці гэтаксама, як быў здадзены Крым.

Узброеныя сілы Ўкраіны налічвалі 130 тысяч вайскоўцаў да крымскай катастрофы, а цяпер, напэўна, гэта крыху больш за 100 тысяч. Ня можа праводзіцца вайсковая апэрацыя супраць краіны з узброенымі сіламі, большымі за сто тысяч, нават калі яны ня ўсе знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасьці, сіламі трыццацітысячнай групоўкі. Я сабе не магу гэтага ўявіць.

Але ў нас ёсьць факт сканцэнтраваньня войскаў з расейскага боку мяжы з Украінай. Шмат якія часткі высокага ўзроўню гатоўнасьці, матарызаваныя, танкавыя часткі і гэтак далей. Навошта гэта робіцца?

Мяркую, гэта робіцца для таго, каб узмацняць ціск на Ўкраіну. А таксама для псыхалягічнай падтрымкі тых, хто ў Данецкай і Луганскай абласьцях
Вайсковае ўварваньне будзе тады, калі «пуцінскія турысты» і так званыя прыхільнікі руху «Руская вясна» створаць пляцдармы ў выглядзе захопу адміністрацый ці захопу ўлады ў адным ці некалькіх рэгіёнах Украіны.
выступае ў ролі «пуцінскіх турыстаў», накіраваных для дэстабілізацыі абстаноўкі, распальваньня грамадзянскага супрацьстаяньня і грамадзянскай вайны.

Але пакуль, на маю думку, гэта яшчэ ня момант для наўпроставага ўварваньня. Гэта не азначае, што наўпроставага ўварваньня ня будзе. Яно магчымае, але яно будзе рэалізаванае тады, калі «пуцінскія турысты» і так званыя прыхільнікі руху «Руская вясна» створаць пляцдармы ў выглядзе захопу адміністрацый ці захопу ўлады ў адным ці некалькіх рэгіёнах Украіны. Гэта будзе зроблена для таго, каб легітымізаваць уваход расейскіх войскаў.

Толькі ў гэтым выпадку, мне здаецца, магчымая апэрацыя ўварваньня. Калі гэтага ня будзе зроблена, я сумняваюся, што Пуцін пойдзе на ўварваньне.

У чым Яўген Марчук можа мець рацыю, дык у тым, што наступныя дні сапраўды могуць быць вельмі цяжкімі й напружанымі, але ня з пункту гледжаньня наўпроставай інтэрвэнцыі, а з пункту гледжаньня эшалёнавага разьвіцьця спэцапэрацыі. Спачатку — спроба дэстабілізацыі, спроба арганізацыі грамадзянскага супрацьстаяньня, атакі на будынкі адміністрацыі, міліцыі, пракуратуры, службаў бясьпекі, судоў, радыё- і тэлестанцый, іншых СМІ, арганізацый, якія забясьпечваюць сувязь, і іншых інфраструктурных аб’ектаў. Калі гэтыя апэрацыі будуць пасьпяховымі, тады да іх могуць быць падключаныя расейскія войскі. Калі ж гэтыя апэрацыі ня будуць пасьпяховымі ці Пуцін палічыць, што яны недастаткова пасьпяховыя, то ўварваньне на гэты раз удасца адкласьці.

— Як вы ацэньваеце здольнасьць цяперашняй украінскай улады ў Кіеве супрацьстаяць стварэньню такіх пляцдармаў ва ўсходніх рэгіёнах?

— Цяперашняя ўкраінская ўлада працуе сумесна з Пуціным па здачы асобных частак Украіны. У мяне гэтае ўражаньне склалася некалькі тыдняў таму, і з кожным днём яно толькі ўзмацняецца. Я прашу прабачэньня за такі шчыры тэкст, але ў мяне няма іншых словаў, каб ахарактарызаваць тое, як здаваўся Крым.

— Вы маеце на ўвазе дзейнасьць канкрэтных асобаў, ці ўся структура вышэйшай улады так дзейнічае?

— Я ня буду казаць пра канкрэтных асобаў, бо гэта справа ўкраінцаў — вызначаць меру асабістай адказнасьці таго ці іншага чалавека. Але мне не прыходзіць у галаву іншага прыкладу настолькі грандыёзнага адкрытага працэсу здачы гіганцкай тэрыторыі з насельніцтвам, узброенымі сіламі, умацаваньнямі, ваенна-марскім флётам без аніякіх спробаў супраціву.

— Па-вашаму, гэта вынік асабістых дамоўленасьцяў?

— Няма іншага тлумачэньня. Я тры тыдні таму казаў, што альбо гэта жахлівая, неймаверная наіўнасьць, альбо глупства, альбо цынічная здрада. Я ізноў жа выбачаюся.

Аднак наконт гэтай наіўнасьці і глупства за гэтыя тры тыдні было сказана столькі і столькімі людзьмі, і шматкроць апісана і апаведзена, што менавіта трэба рабіць
Цяперашняя ўкраінская ўлада працуе ў згодзе з расейскім агрэсарам.
для таго, каб запабегчы гэтаму сцэнару, — і нічога зь неабходных мераў не было зроблена. Нягледзячы на тое, што гэта было сказана ня толькі ў закрытым, але і ў публічным рэжыме.

Гэта немагчыма патлумачыць наіўнасьцью, гэта немагчыма патлумачыць няведаньнем. Гэта можна патлумачыць толькі адкрытым ажыцьцяўленьнем пляну ў той ці іншай ступені згоды з агрэсарам.

Ступені згоды могуць быць рознымі. Я дапускаю, што гэта можа ажыцьцяўляцца пад ціскам, у выглядзе шантажу, у выніку адкрытага пагадненьня і ўзаемадапамогі — могуць быць розныя варыянты. Але тое, што гэта робіцца ў той ці іншай ступені па ўзгадненьні з агрэсарам, у мяне не выклікае ніякіх сумненьняў.

— Якая роля ў гэтых падзеях адведзена Беларусі, і наколькі яна самастойная?

— Пакуль сытуацыя не да канца зразумелая. Мне здаецца, што рашэньне пра выкарыстаньне ўзброеных сілаў Беларусі прымаецца Лукашэнкам.
Любы ўдзел Беларусі ў апэрацыях супраць Украіны вельмі небясьпечны і для краіны, і асабіста для Лукашэнкі


Выкарыстаньне расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі таксама ня можа быць бяз той ці іншай згоды з боку Лукашэнкі.

Пры гэтым Лукашэнка надзвычай не зацікаўлены ў той ці іншай ступені ўдзелу Беларусі, яе ўзброеных сілаў і тэрыторыі ў любой атацы на Ўкраіну. Ён наколькі мог асьцярожна дыстанцыяваўся ад свайго магутнага ўсходняга суседа з тым, каб не правакаваць агрэсіўную рэакцыю супраць яго самога, але каб і паказаць, што ў яго ёсьць дыстанцыя. І для Беларусі, і для Лукашэнкі асабіста любы ўдзел Беларусі ў апэрацыях супраць Украіны вельмі небясьпечны.

— Тое, што вы кажаце, паказвае Аляксандра Лукашэнку як абсалютна незалежнага, самастойнага палітыка...

— Не. Ніхто не зьяўляецца цалкам незалежным, але Лукашэнка дастаткова самастойны, каб не паддаваць самога сябе вялікай колькасьці рызыкаў. А рызыкі тут зьвязаныя найперш з надзвыычайным пагаршэньнем стасункаў паміж ім і любой іншай украінскай уладай.

Бо, па-першае, гэта адразу ператварае ўсю беларуска-украінскую мяжу ў мяжу патэнцыйнага канфлікту.

Другое. Гэта адразу псуе ягоныя і так не бліскучыя стасункі з Захадам і большай часткай зьнешняга сьвету. Ён выракае сябе на зусім іншы ўзровень
Пускаючы расейскія войскі на тэрыторыю Беларусі Лукашэнка адкрывае ім магчымасьць пасьля маршу на Кіеў зрабіць марш на Менск
ізаляцыі. Хоць ён і зараз ня можа пахваліцца надта добрымі стасункамі са зьнешнім сьветам, але ўсё тое, што было і яшчэ будзе прымененае ў дачыненьні да Расеі, будзе дакладна скарыстанае і супраць Беларусі, але толькі памножанае на дзесяць. Калі заходнія краіны яшчэ ў чымсьці асьцерагаюцца ці саромеюцца прымяніць такія меры да Пуціна, то ўжо дакладна іх ня будзе нічога стрымліваць у дачыненьні да Беларусі і Лукашэнкі.

І трэцяе — самае галоўнае. Пускаючы расейскія войскі на тэрыторыю Беларусі і даючы ім магчымасьць дзейнічаць, Лукашэнка адкрывае ім магчымасьць пасьля маршу на Кіеў зрабіць марш на Менск.

Уласна кажучы, ніхто ж ня можа выключаць, што «раптоўна» ня знойдуцца выпадкі перасьледу расейскамоўных на тэрыторыі Беларусі, і нейкія
Калі Пуцін прыме рашэньне, то захоп Беларусі — гэта магчымыя апэрацыя.
пацярпелыя грамадзяне Расеі. Лукашэнка такім рашэньнем на пустым месцы адкрыў бы тры новыя франты. Прычым трэці фронт накіраваны непасрэдна супраць яго самога. Нягледзячы на ўсе ягоныя экзатычныя заявы, ён ня ёсьць настолькі неадэкватным.

— На дадзены момант вы бачыце варыянты, пры якіх Беларусь стала б часткай Расеі — ці праз палітычнае рашэньне, ці праз вайсковае ўварваньне?

— Канечне, можа стаць. Калі Пуцін прыме рашэньне, то захоп Беларусі — гэта магчымыя апэрацыя.

— А ён хоча?

— Канечне, хоча. Натуральна.

— Як моцна і як хутка?

— Вядома ж, моцна, а вось як хутка, то гэта ўжо трэба глядзець на сытуацыю. Натуральна, што гэта ўваходзіць у ягоныя пляны. Але пляны немагчыма ажыцьцявіць усе адразу.

— То бок «плян Пуціна» па далучэньні Беларусі да Расеі ёсьць?

— Глядзіце, ён жа пра гэта сказаў 18 сакавіка ў сваёй знакамітай прамове. Там шмат ёсьць адсылак, але у адным зь першых абзацаў ён кажа пра тое, што «хрышчэньнем князя Ўладзімера была створана база для адзінага народу Расеі, Украіны і Беларусі». І неаднаразова было сказана, што вялікі й адзіны народ працягвае заставацца разьяднаным. Таму яго задача, як ён яе бачыць, палягае ў тым, каб аб’яднаць разьяднаны народ.

— Ці ёсьць пагроза незалежнасьці Беларусі з боку Расеі ў самы блізкі час?

— Давайце падзелім вашае пытаньне на дзьве часткі. Першая: «Ці ёсьць пагроза незалежнасьці Беларусі?» Так, ёсьць.

Другая. Давайце вызначымся, які часовы гарызонт вы ставіце?

— Адзін год. У 2015-м у нас прэзыдэнцкія выбары.

— Гэта вы доўгі пэрыяд прапануеце. Вось Яўген Марчук лічыць двума днямі. Я б так сказаў — цягам двух дзён пагрозы незалежнасьці Беларусі няма. Я б нават рызыкнуў выказацца, што, магчыма, да 25 траўня (дзень датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне — рэд.) у вас ёсьць яшчэ паўза. А вось далей я б ня стаў прагназаваць.

Андрэй Іларыёнаў, які быў дарадцам Уладзімера Пуціна падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну і на пачатку другога (2000—2005), яшчэ ў кастрычніку 2013 году заявіў: прэзыдэнт Расеі лічыць, што частка Ўкраіны мусіць належаць Расеі. Менавіта Іларыёнаў прагназаваў, што ў плянах Уладзімера Пуціна разьвязаньне грамадзянскай вайны ва Ўкраіне і захоп часткі тэрыторыі. Іларыёнаў жорстка крытыкуе новыя ўкраінскія ўлады за непрыняцьце вайсковага супрацьстаяньня з Расеяй і здачу Крыма.

Цяпер Андрэй Іларыёнаў — старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту Катона (ЗША).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG