Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бар «Тутэйшыя»: Зьніжка за белмову — жарт


Новы бар зь незвычайнай канцэпцыяй на гэтым тыдні адкрываецца на вуліцы Карла Маркса ў Менску. Пакуль што ён будзе працаваць у тэставым рэжыме — як кавярня з дэсэртамі, кавай, лёгкімі напоямі і закускамі.

А з новага году бар «Тутэйшыя» запрацуе на ўсю моц — тут будзе шырокі выбар алькаголю, а таксама трансьляцыя спартовых перадач, паведаміў Свабодзе прадстаўнік кампаніі, якая валодае барам, Арцём Музін:

«Засталося вырашыць некалькі пытаньняў зь Менгарвыканкамам. Ліцэнзію на алькаголь мы атрымаем у момант паўнавартаснага адкрыцьця з Новага году, тады ж запрацуе і другая заля. Да Новага году будзем працаваць у тэставым рэжыме і будзем прымаць гасьцей, каб пагутарыць зь імі і адказаць на шматлікія
выказваньне пра зьніжку было жартам аднаго з гасьцей
пытаньні, якія ўзьніклі пасьля публікацыі інфармацыі пра зьніжку 15% для беларускамоўных. Ужо цяпер людзі проста грукаюцца ў дзьверы бару, хоць мы яшчэ і не адчыніліся. Насамрэч выказваньне пра зьніжку было жартам аднаго з гасьцей, які зайшоў да нас у момант, калі ў мяне бралі інтэрвію. Мы тады доўга сьмяяліся на гэтую тэму, аднак гэты жарт апублікавалі на поўным сур’ёзе, а пасьля расейскія сайты яшчэ і скажона інтэрпрэтавалі гэтую інфармацыю як нейкую дыскрымінацыю па моўнай прыкмеце», — кажа Арцём Музін, які ў межах рэстараннага кансалтынгу займаецца распрацоўкай ідэяў для пунктаў харчаваньня.

Інфармацыя пра зьніжку для беларускамоўных, якая зьявілася ў мінулую пятніцу, выклікала хвалю абмеркаваньняў у беларускім сэгмэнце Інтэрнэту. Некаторыя лічылі, што такім чынам будзе парушацца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, паводле якой беларуская і расейская мовы маюць аднолькавы статус. Арцём Музін кажа, што трымальнікі любых установаў мусяць улічваць гэты фактар:

«Я асабіста вітаю беларускамоўных грамадзянаў. Аднак толькі паводле гэтай прыкметы даваць зьніжкі, вядома, ня будзем. Цяпер не магу сказаць нічога дакладна, але я знайду рашэньне гэтага пытаньня, бо доўгі час працую ў рэстаранным бізнэсе і ад сваіх словаў ніколі не адмаўляюся. Таму нешта мы прыдумаем, каб ніхто ня крыўдзіўся», — кажа Арцём Музін.

Нягледзячы на даволі агрэсіўнае афармленьне бару (дызайн заляў выкананы ў чорна-чырвоных колерах, на сьценах — стэнсіл «Гонар ды павага» і стылізаваныя партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзімера Караткевіча і Максіма Танка, а таксама вялізны плякат з выявай вершніка), Арцём Музін кажа: апошняе, што яны з дызайнэрам укладалі ў канцэпцыю «Тутэйшых», — гэта палітыка.

«Палітыкі ў „Тутэйшых“ няма абсалютна. І тут не нацыяналістычная,
у нас ёсьць культура ў стылі work-out, сучасная якасная музыка, розныя сучасныя тэндэнцыі
а нацыянальная стылістыка. Колер сьцен узьнік сам па сабе. Трэба было нешта яркае — падумалі, вырашылі, што будуць чорна-чырвоныя сьцены. Таксама думалі, як прынесьці частку беларускай культуры ў інтэр’ер. У выбары троху абапіраліся на дызайн рэстарацыі „Васількі“, але цалкам запаўняць інтэр’ер збанамі і верацёнамі палічылі недарэчным і вырашылі частку выдзеліць пад моладзевую тэматыку, каб пазнаёміць наведнікаў, у тым ліку і замежных грамадзянаў, з сучаснай беларускай культурай. А паказаць нам ёсьць што — у нас ёсьць культура ў стылі work-out, сучасная якасная музыка, розныя сучасныя тэндэнцыі», — кажа Арцём Музін.

У сацыяльных сетках стваральнікі бару «Тутэйшыя» кінулі кліч, што зьбіраюць старыя рэчы: шукаюць старыя нумары газэты «Правда», а таксама любыя іншыя савецкія газэты, кнігі на беларускай мове, прадметы беларускага побыту, музычныя інструмэнты, лапці, кальчугі. Нягледзячы на вялікую разнастайнасьць гэтых элемэнтаў інтэр’еру, залі «Тутэйшых» не ператворацца ў кучу хламу, лічыць Арцём Музін:

«Мы ня хочам, каб старыя цікавыя рэчы ляжалі ў кагосьці і пыліліся. Хочам, каб іх бачылі. Дзеля гэтага спрабуем канструктыўна выбудаваць канцэпцыю разьмяшчэньня прадметаў у інтэр’еры. Калі ў чалавека ёсьць баян 1941 году, то мы ня можам проста так яго цьвіком да сьцяны прыбіць. Мы б хацелі, каб для яго была адмысловая паліца. Я не кажу, што гэта будзе музэй, але будзе шэраг каштоўных экспанатаў. Наведнікі будуць мець магчымасьць ня толькі паглядзець на іх, але і ўзяць у рукі, зайграць, калі хто ўмее. Мне гэта будзе вельмі прыемна».

Арцём Музін прызнаўся, што бачыць «Тутэйшых» ня толькі як пункт харчаваньня. Ужо цяпер ён кажа, што на новай пляцоўцы абавязкова будуць ладзіцца міні-канцэрты. Таксама наш суразмоўца спадзяецца, што бар «Тутэйшыя» стане цудоўным месцам для знаёмства зь беларускай культурай.

«Напрыклад, мы хочам супрацоўнічаць з вытворцамі беларускага нацыянальнага адзеньня, а таксама сувэніраў. Будзе цэлая сэкцыя, дзе ахвотныя змогуць іх набыць. Але мы б хацелі працаваць з сувэнірамі, якія адлюстроўваюць не сучасную беларускую архітэктуру, а гістарычныя падзеі эпохі Вялікага Княства Літоўскага, а таксама беларускія арнамэнты. Цяпер акурат шукаем таленавітых людзей, якія б захацелі з намі супрацоўнічаць на прымальных для ўсіх бакоў умовах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG