Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР падтрымала абаронцаў Майдану – украінскіх і беларускіх


Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай, у якой прывітала памкненьне ўкраінскага народу да свабоды і дэмакратыі.

Рада БНР выказала “захапленьне мужнымі абаронцамі Майдану, усімі, хто выйшаў адстойваць сваё права на годнае жыцьцё. Рада БНР выказвае салідарнасьць з грамадзянамі Беларусі, якія прыехалі ў Кіеў, каб прадэманстраваць падтрымку ўкраінскаму народу”.

“Сёньня відавочна, што мільёны людзей на вуліцах гарадоў Украіны – гэта ня толькі прадстаўнікі пэўных палітычных сілаў, гэта – сам украінскі народ, у ягоным сьвятым памкненьні да свабоды, да справядлівасьці і да права самому вырашаць своё лёс, -- гаворыцца ў заяве. -- У 2004 годзе Рада БНР выказала сваю падтрымку тым, хто абараняў на Майдане сваё права дэмакратычна абіраць уладу; сёньня мы падтрымліваем тых, хто зрабіў эўрапейскі выбар.

Рада БНР вітае рашэньні дэпутатаў Эўрапарлямэнту пра больш хуткае падпісаньне асацыяцыі з Украінай, а таксама прапановы эўрадэпутатаў да міжнародных фінансавых арганізацыяў эканамічна спрыяць Украіне. Рада БНР асуджае выкарыстаньне Масквой мэтадаў палітычнага і эканамічнага ціску на Кіеў”.

Рада БНР назвала “недапушчальным ужываньне ўкраінскімі ўладамі сілы супраць удзельнікаў масавых народных акцыяў у Кіеве і ў іншых украінскіх гарадах. Прымяненьне такіх мэтадаў пагражае скінуць Украіну з цывілізаванага шляху разьвіцьця”.

“Мы верым, што народ Украіны, народ слаўнай гісторыі і багатай культуры, абароніць сваё права быць у шэрагу эўрапейскіх цывілізаваных народаў. Мы верым, што зойме сваё месца ў гэтым шэрагу і Беларусь. Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!” – гаворыцца ў заяве Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG