Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маё і нашае


Тры — магічная лічба. Сьвятая, сакральная.

Тройчы адракаюцца, тройчы цалуюцца, тройчы кропку ставяць, калі словаў няма... ці каб наморшчыць фразу, як скуру на лбе.

Тройчы. А маглі б семдзесят чатыры ці сто пятнаццаць і шэсьць дзясятых — дык не, магія з рэлігіяй не дазваляюць: тры і ўсё тут, не памнажай сутнасьці без патрэбы. Тры сямёркі на партвэйне, і парашок пральны — тры ў адным, і той, чыё імя нельга называць, таксама адзін у трох асобах: адзін спакушае, другі па фінансах, трэці ў кацельнай завіхаецца. На траіх «саабражалі», калі гарэлка была амаль па тры рублі. «Тры топалі» на нейкай там Плюшчысе, а на дыванку, які раней можна было пабачыць у любой беларускай вясковай хаце, тупалі трое расейскіх асілкаў — як іх там звалі? Дабрыня, Шырыня і Даўжыня? Тры ў любога народу — больш за проста тры. Ідзе, як тры дні ня еўшы, тры чвэрці да сьмерці, кажуць на Лагойшчыне. Як пойдзеш нацянькі, дык праходзіш тры дзянькі. Што можа, і някепска, калі сэнс — у самой дарозе.

«Нашых Ніваў», як вядома, таксама было тры. «Наша Ніва» першая, Вольскага, Уласава і Купалы, стартавы нумар якой выйшаў 23 лістапада 1906 году, і дзень гэты варта было б лічыць пачаткам беларускай журналістыкі (да першай НН далучым і тыя дзевяць нумароў, што выйшлі ў 1920-м). Была «Наша Ніва», адноўленая ў 1991-м. Ужо другі дзясятак гадоў маем трэцюю. Улічваючы пройдзеную ёй дарогу, яна наагул сьвятая: што ў шырыню, што ў даўжыню, што ў дабрыню. Ёсьць і іншыя вымярэньні — прыватныя. Але прыватнае — гэта, як у школе кажуць, «яно маё».

Магчымасьць знайсьці «маё» ў «нашым» — тое, што робіць натоўп народам. Немэдыйная па сваёй складанасьці місія, якую «Наша ніва» бярэ на сябе ўжо больш за стагодзьдзе.

Якая з трох НН самая мая? Пэўне, усе тры ўплывалі і ўплываюць на кожнага, хто можа зьвязаць два словы па-беларуску. Уявіць сабе беларускае жыцьцё без НН — немагчыма. Як немагчыма жыць у доме бязь люстраў — бо так і не даведаешся, чаму суседзі зь цябе сьмяюцца. Першая НН — гісторыя, другая — літаратура, трэцяя — проста песьня. Падшыўку першай вывучаюць, як дакумэнты, падшыўку другой захоўваюць дома, як скарб, падшыўку трэцяй...

Сёньняшняя «НН» выглядае шыкоўна і дэманічна, зразумець яе — задача ледзьве не з галіны эзатэрыкі. Яна — тэтраграматон беларускай мэдыйнай прасторы, яна як кубак Грааля. Аўтар «Нашай нівы» — гэта гучыць горда. Вораг «Нашай нівы» — ганебна. Чытач «Нашай нівы» — гэта дыягназ. Герой «Нашай нівы» — гэта вырак. Кожны другі загаловак «Нашай нівы» — загадка. У гэтым усім цяжка разабрацца, калі ты не беларус, калі ня звыкся, што наша — яно ўсё такое. Трошачкі нерэальнае, калі думаць пра яго ўсур’ёз. Трошкі занадта сур’ёзнае для нармальнай рэальнасьці.

Не, у тым, што яна «Наша», сумневу няма. Часам яна настолькі наша, што страшна робіцца. Але «наша» — гэта яшчэ і нічыя. У сэнсе, непартыйная, непадуладная, незалежная. Што, напэўна, лепш, чым калі б для кагосьці яна зрабілася сваёй. Усё ж самае папулярнае выданьне на беларускай мове — а ў папулярнасьці, як вядома, два бакі. Як і ў люстра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG