Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайтовіч пра прызначэньне Гусакова: спэцыяліст ня ў тым кірунку


Уладзімер Гусакоў
Уладзімер Гусакоў

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прызначыў 60-гадовага Ўладзімера Гусакова старшынём прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Гэтая пасада заставалася вакантнай, бо папярэдняга кіраўніка Акадэміі навук Анатоля Русецкага прызначылі сябрам Савету рэспублікі.

Раней Уладзімер Гусакоў займаў пасаду намесьніка старшыні прэзыдыюму акадэміі. Гусакоў — вучоны ў галіне аграрнай навукі.

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды акадэмік Аляксандар Вайтовіч, які ўзначальваў АН у 1997—2000 гадах, адзначыў, што больш за год акадэмія заставалася без кіраўніка.
Аляксандар Вайтовіч
Аляксандар Вайтовіч

«Гэта вельмі дрэнна, і гэта адлюстраваньне таго стаўленьня, якога трымаецца дзейная ўлада да навукі. І гэта вельмі прыкра і дрэнна.

Цяпер што тычыцца Гусакова. Вельмі хочацца, каб кіраўніком акадэміі быў прызначаны адзін з вучоных, які пасьпяхова працуе ў адным з асноўных кірункаў цяперашняй навукі, дзе навука пераходзіць у найноўшыя тэхналёгіі. Я магу канстатаваць, што Гусакоў не адносіцца да такіх фігур, не падыходзіць пад гэты крытэрый. Але што зроблена, тое зроблена.

Я хачу пажадаць Уладзімеру Рыгоравічу посьпехаў у ягонай працы і думаю, што можна неяк зьмікшаваць той недахоп, што ён спэцыяліст ня ў тым кірунку. Гэта ж ад яго не залежыць, ён склаўся ў тым кірунку, які абраў. Але ён можа выправіць свае недахопы, калі будзе абапірацца на думку вучоных розных профіляў, зь імі кансультавацца і прыслухоўвацца да іх».

Карэспандэнт: «А чаму ж улады абралі менавіта Гусакова, а ня тых вучоных, пра якіх вы кажаце?»

Вайтовіч: «А гэта азначае, што ўлада не разумее, што такое навука і якая ў яе адказнасьць перад разьвіцьцём краіны, і наагул — які ўклад яна можа зрабіць у разьвіцьцё краіны. Гэта азначае, што ўлада не разумее гэтых абставін. І ўлада не разумела гэта 10 гадоў таму і нават болей, калі прызначала наагул не вучонага, не прафэсіянала кіраўніком акадэміі. А яна прызначыла непрафэсіянала і лічыла, што гэта будзе вельмі добра, што ён не прафэсіянал. Але аказалася, што нічога добрага. Улада не разумее».

Карэспандэнт: «У афіцыйным выданьні акадэміі Гусакова называюць ураўнаважаным і даволі кампрамісным...»

Вайтовіч: «Чалавечыя якасьці тут жа ні пры чым. Гэта ж зусім іншая справа».

Карэспандэнт: «Вы казалі пра стаўленьне ўладаў да навукі, пра тое, што амаль год Акадэмія навук была без кіраўніцтва...»

Вайтовіч: «Гэта значыць, што ўлада лічыць, што гэта не такая важная сфэра дзейнасьці ў дзяржаве. Яна не надае асаблівай важнасьці навуковай сфэры і разьвіцьцю навукі, разьвіцьцю тэхналёгій у краіне, калі больш за год не магла прызначыць кіраўніка. Для яе гэта здавалася няважным».

З 2004 па 2010 год старшынём прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі быў Міхаіл Мясьніковіч. Яго зьмяніў Анатоль Русецкі, які заставаўся кіраўніком Акадэміі да кастрычніка 2012 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG