Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Францкевіч выйшаў на волю

абноўлена

3 верасьня ў 5.30 ранку з калёніі «Воўчыя норы» ў Івацэвічах вызвалены палітвязень Аляксандар Францкевіч.

Каля калёніі Аляксандра Францкевіча сустрэлі журналісты, аднадумцы і маці Тацяна Францкевіч.

«Паднялі ў 5.00, а не як звычайна пад’ём у калёніі ў 6.00. За паўгадзіны аформілі ўсе дакумэнты і ў 5.30 выпусьліці з турмы. Хутчэй за ўсе гэта зроблена раней, каб я не пасьпеў разьвітацца з сябрамі па калёніі», – мяркуе Аляксандар Францкевіч.

Што было найбольш цяжкім за гэтыя 3 гады?

Адказ на гэтае пытаньне Аляксандар Францкевіч пачаў зь пералічэньня зусім ня побытавых цяжкасьцяў.

«Найперш было цяжка назіраць падзеі, якія адбываліся на волі. 2010-ты, 11-ты, 12-ты. Што ўсё ішло да заняпаду, у тым ліку актыўнасьць народу. Цяжка было таксама глядзець на здраду знаёмых людзей. Але ў любым выпадку — гэта таксама досьвед, ад якога нельга адмаўляцца. Пра якую здраду я кажу? І ў калёніі, і на судзе, сярод маіх былых сяброў. Былі такія Веткін, Захар, мой былы сябра Юнэс, якога зламалі псыхалягічна, ён таксама даў на нас паказаньні, а потым нават не прыйшоў на суд».


«Калі чалавек моцны, неважна па якіх прычынах ён сядзіць, то ён вытрымае».

Сам Аляксандар Францкевіч на судзе сябе вінаватым не прызнаў. Хоць не адмаўляў, што гэта ён здымаў на відэа адзін з эпізодаў, якія былі інкрымінаваныя анархістам і якія суд прызнаў злачыннымі. Таксама ў калёніі Аляксандар Францкевіч не падпісаў паперу аб намеры стаць на шлях выпраўленьня. «На шлях выпраўленьня я так і ня стаў», — паведаміў былы палітвязень.

Апошнія пяць месяцаў Аляксандар Францкевіч правёў у ПКТ. Ведае пра тое, што адбываецца ў краіне па прэсе і лістах. Тое, што адбываецца сёньня ў Беларусі назваў «дзяржаўным тэрорам».

«У краіне перасьледуюць палітычных актывістаў, фактычна зьнішчанае самакіраваньне, дзяржава не дае грамадзянам выказваць свае погляды і пратэставаць, што яскрава выявілася ў 2011 годзе падчас маўклівых акцый», — патлумачыў актывіст анархісцкага руху Аляксандар Францкевіч.

«Мае погляды не зьмяніліся, а толькі ўмацаваліся», – адзначыў палітвязень.

Перад зьмяшчэньнем ў ПКТ некалькі разоў бачыўся з Эдурдам Лобавым, ведае, што пайшоў вучыцца на сваршчыка.

Аляксандар Францкевіч на волі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:39 0:00

Палітвязень распавёў, што ў калёніі вельмі дрэннае харчаваньне.

«Пражыць можна толькі з таго, што дасылаюць сваякі. З гародніны, якую давалі ў турме, я бачыў толькі моркву».

У планах Аляксандра аднавіцца на фірме, дзе працаваў да арышту. Аляксандар праграміст.

«Да кампутара не дакранаўся 3 гады, але калі бачыў яго ў турэмшчыкаў, ажно рукі часаліся».

Калёнія, у якой адбыў 3 гады Аляксандар Францкевіч, знаходзіцца ў лесе паміж станцыямі Даманава і Івацэвічы. Амаль на 10 кілямэтраў вакол няма жытла і сьцяной стаіць лес. Такім чынам, назва калёніі «Воўчыя норы» вельмі ёй пасуе. Ці адпавядае назва і парадкам у калёніі? Аляксандар Францкевіч паведаміў пра вельмі дрэннае харчаваньне, частыя прычэпкі адміністрацыі да вязьняў, немагчымасьць выканаць усе патрабаваньні ўнутранага распарадку, адсутнасьць нармальнай працы. Але ў параўнаньні зь некаторымі іншымі калёніямі Беларусі, як мяркуе Аляксандар Францкевіч паводле зьвестак ад іншых вязьняў, яму яшчэ пашанцавала:

«Ёсьць першаходзкія калёніі, дзе сядзяць тыя, хто першы раз асуджаны, а ёсьць, дзе рэжым строгі. Таму сярод іншых калёній „Воўчыя норы“ могуць назваць нават санаторыем. Параўнальна. Бо, прыкладам, наваполацкая калёнія, дзе сядзіць Ігар Аліневіч, вельмі цяжкая і адносна экалёгіі, і адносна рэжыму. Шмат што залежыць ад пазыцыі адміністрацыі, бо гэта закрытая сыстэма і асоба аднаго чалавека можа моцна ўплываць на парадкі. Калі адзін чалавек усіх падмінае, вельмі дрэнна».

Аляксандар Францкевіч сочыць за лёсам сваіх аднадумцаў, актывістаў анархісцкага руху, якія знаходзяцца за кратамі. Былы палітвязень мяркуе, што Ігара Аліневіча і Мікалая Дзядка не вызваляюць датэрмінова таму, што існуе вялікі ціск «сілавікоў», якія не жадаюць саступаць са сваіх пазыцый.

Цяпер плянуе ехаць у Наваполацк, дзе яму прызначылі нагляд, але паспрабуе перавесьціся ў Менск, каб мець магчымасьць працаваць у кампутарнай фірме.

Аляксандар Францкевіч вельмі дзякаваў усім за падтрымку і лісты, якія яму дасылалі ўвесь час. Калі ён выйшаў, то нёс вялікі пакунак з лістамі.

________________________________________________

Тры гады таму, у верасьні 2010 году, яго арыштавалі па справе анархістаў. А 24 траўня 2011 году Заводзкі суд прысудзіў Аляксандру Францкевічу тры гады пазбаўленьня волі.

Падрабязнасьці пазьней на нашым сайце
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG