Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віншую таварыша мільярдэра Пефціева...


Другі дзень сьмяюся... Адкрыю наш сайт, пагляджу на матэрыял “Дом прэміюм-клясы для мільярдэра Пефціева” і сьмяюся... Не з матэрыялу. З дому. І нават ня з дому, але з архітэктара, які яго запраектаваў.

Калі б такая будыніна зьявілася ў Менску на мяжы 60-70-х гадоў, то гэта была б іншая справа. Успомнім будынкі таго часу: Палац спорту, кінатэатры "Піянэр" і “Современник”, Дом мод на Нямізе, басэйн “Янтарь” на Аўтазаводзе, урэшце забягалаўка пры 9-павярховіку на вуліцы Харкаўскай, якую мясцовыя жыхары ў 70-я гады называлі “Мутный глаз”... Тыя самыя адносна невысокія аб’ёмы, адхіленыя ад вэртыкалі лініі і шмат шкла.

Але ў 2013 годзе для мяне гэта – прыкмета дрэннага густу і заказьніка, і архітэктара-выканаўцы. Ва ўсім сьвеце людзі з грашыма будуюць сабе дамы зусім у іншым стылі, і там шмат шкла і бэтону, шмат геамэтрыі і функцыянальнасьці, але... Але штосьці няўлоўна адрозьнівае сучасныя багатыя дамы за мяжой і ў нас. Гэтае няўлоўнае – добры густ і стыль. Гэтыя дзьве якасьці ўзьнікаюць толькі на глебе культуры і традыцыі, толькі тады, калі архітэктура ўспрымаецца як мастацтва і зьяўляецца ім. Гэтага, на жаль, не назіраецца ў нас.

Новы дом бізнэсмэна Пефціева
Новы дом бізнэсмэна Пефціева


Заказьніка-уладальніка гэтага дому зразумець можна – мае права рабіць тое, што хоча. І архітэктар таксама мае права адказваць на запатрабаваньні заказьніка і зарабляць грошы.

Але вось калі ён сам прапанаваў заказьніку такі праект – гэта ўжо іншая справа. Гэта ўжо праблема грамадзкая: якасьць і стыль менскіх (і ня толькі) навабудаў. Тут, як вядома, пануючы стыль – безгустоўе і бясконцыя алюзіі ў сьвет расейскіх казак (зь церамкамі і вежачкамі), мангольскіх стэпаў і шумерскіх храмаў. Толькі паглядзець і заплакаць.

Цікава даведацца, ці абставіць уладальнік новага менскага дому яго такой самай куртатай мэбляй у стылі 60-70-х гадоў – на доўгіх вострых ножках? Напрыклад такой:



Здымак з сайту domspline.com

Зрэшты, тут магчымы і іншы варыянт. Магчыма, мы чагосьці ня ведаем, і гэта – найноўшы трэнд у архітэктуры. Магчыма, гэта – архітэктурнае адкрыцьцё менскага архітэктара. Сапраўды, цяпер носяць вузкія штаны і кароткія пінжакі ў стылі 60-х гадоў, рагавыя аправы акуляраў ў стылі тых жа 60-х... Можа архітэктар і яго заказьнік такім свой твор і задумалі? І там сапраўды будзе ўнутры куртатая мадэрная мэбля на доўгіх ножках?

Калі гэта працяг сучаснага моднага трэнду вяртаньня ў 60-я гады, то я бяру сваю іронію назад і віншую Ўладзімера Пефціева і яго архітэктара з мастацкім дасягненьнем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG