Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дажынкі ў Жлобіне: усім фарбавацца ў сьветлае


Раіса Маркіна: Шлюць папярэджаньні — фарбуйце дах і фасад
Раіса Маркіна: Шлюць папярэджаньні — фарбуйце дах і фасад
Жлобін аўральнымі тэмпамі рыхтуюць да «Дажынак». Мясцовыя ўлады пад пагрозай адміністрацыйных штрафаў прымушаюць прыватнікаў у горадзе й у прыгараднай вёсцы Лебядзёўка фарбаваць фасады дамоў, дахі, агароджу, прычым — абавязкова ў сьветлыя колеры.

Прыгарадная вёска Лебядзёўка трапіла пад абавязковую афарбоўку, бо яна на ўезьдзе ў горад.

83-гадовая пэнсіянэрка Раіса Маркіна апавядае:

«Да «Дажынак» паперу прыслалі, потым прыехалі: дах, фасад фарбуйце! Я ім гэтую паперку паказваю й кажу: «Мы з мужам ня можам гэта зрабіць, бо мы нямоглыя». З райвыканкаму прадстаўнік, ці адкуль ён, запісаў нешта: «А вы жаліліся старшыні сельскага савету?» Я адказваю: «Не, я ня жалілася».

Пэнсіянэрка кажа, што ў хуткім часе прыехаў старшыня Луцкага сельсавету, да якога належыць Лебядзёўка, з інспэктарам пажарнага нагляду. Праводку праверылі, грубку. Кіраўнік сельскага савету таксама патрабаваў купляць фарбу сьветлых адценьняў і заключаць зь сельсаветам дамову-абавязаньне на фарбаваньне фасаду й даху:
Хата Маркіных
Хата Маркіных

«Старшыня сказаў купляць фарбу. Самі ня можаце пафарбаваць — вулічкам хутка пафарбуе. А потым, кажа, з пэнсіі будуць вылічваць. Фарбу мы купілі самі — мільён 800 тысяч аддалі. Наймалі пафарбаваць. Акурат з Украіны прыехаў чалавек да суседкі, зарабіць, ці што. Параілі. Дык яны за два дні пафарбавалі — аддалі мы 2 мільёны 800 тысяч».
Фарбы купілі на 1 мільён 800 тысяч
Фарбы купілі на 1 мільён 800 тысяч

На пытаньне, дзе ўзялі грошы, спадарыня Раіса ўздыхае:

«Зьбірала на сьмерць мужу й сабе. Мы ж старыя, хворыя. Муж амаль ня ходзіць, зроку ня мае. Яго месца — толькі ложак і вядро. І я таксама такая».

Гараджане, якія жывуць у Жлобіне ў прыватных дамах на цэнтральных вуліцах альбо паблізу, таксама атрымалі грозныя пісьмовыя папярэджаньні за подпісам галоўнага раённага архітэктара Ўладзімера Бабка з патрабаваньнем пафарбаваць фасады й платы ў сьветлыя адценьні — жоўты, бэзавы, карычневы, а яшчэ — купіць і пасадзіць кветкі. У іншым разе — адміністрацыйнае пакараньне. Раённая афіцыйная газэта паведаміла ўжо, што 37 прыватных домаўладальнікаў з вуліц Акцябрскай, Дзяржынскага, Вароўскага, Парыскай камуны ды некаторых іншых аштрафаваныя.

Адзінокая пэнсіянэрка з вуліцы Барташова, былая рабочая мэблевай фабрыкі кажа, што ня ў стане за сваю пэнсію выканаць патрабаваньне ўладаў:
Жлобін: сьветлыя й цёмныя колеры «Дажынак»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:21 0:00

«Платы́ прымушаюць памяняць — камісія прыходзіла, дом фарбаваць прымушаюць. Шыфэрны дах альбо памыць, альбо памяняць. Вы ж ведаеце, якія кошты — вар’яцкія. Я нічога рабіць не зьбіраюся — хай штрафуюць. У мяне пэнсія мільён 900 тысяч — няхай штрафуюць, гэта будзе на іх сумленьні».

Жанчына кажа, што была ў райвыканкаме й жалілася на немагчымасьць выканаць патрабаваньне. Там сказалі, што школьнікаў прышлюць пафарбаваць плот, але пакуль ні чуткі ні прачуткі:

«Я нічога не зраблю, хоць забіце. Гляньце во туды: я аддала мільён дзьвесьце тысяч толькі на дровы. А цяпер мне трэба чалавека наняць. каб парэзаў. І ўсё з пэнсіі. Прыедзе Лукашэнка, дык няхай зойдзе да мяне ў хату й паглядзіць».

За колькі сотняў мэтраў ад вуліцы Барташова будаўнікі з многіх арганізацыяў рэгіёну літаральна штурмуюць бульвар Мэталюргаў. У цэнтры яго высіцца Палац культуры — самы заўважны арыенцір.

Рабочы Мазырскай дарожнабудаўнічай арганізацыі, які назваўся Віктарам, з гумарам камэнтуе будаўнічую панараму:

«Вось тут будзе нешта падобнае да гарадзкога пляжа. Далей там „бацька“ будзе ўзнагароджваць пераможцаў „Дажынак“ — сцэну-арэну такую ўзьвядуць.

Мы тут бардзюры ставім, дарогі асфальтуем. Карацей, узьлётныя палосы робім, каб „Боінгі“ садзіліся. Спачатку мы тут па 15 сутак былі, а цяпер па дзесяць — з восьмай раніцы і да восьмай вечара, без выходных. Сваё адбылі — і мяняемся. У ссылку адпраўляюць: хочаш ня хочаш, а ехаць трэба. Карацей, увесь аблдарбуд сядзіць тут».

Мясцовы жыхар Міхаіл заўважыў, што як у горадзе, так і ў прыгарадзе Жлобіна дарожнікі надзвычай часта ўкладваюць бардзюры для ходнікаў, а назаўтра мяняюць іх:

«Гэтыя хлопцы ўжо два разы бардзюры мяняюць. Паклалі — яны на выгляд харошыя, але ўсё трэскаюцца. Учора да мяне дайшлі — рэзалі піламі й мянялі. Выдзёўбваюць і мяняюць. Відаць, такая вытворчасьць. Ці, можа, цэмэнт прапілі. Ламамі выбіваюць. Падыдзе начальнік, паглядзіць — лопнуў. Выбіваюць і мяняюць, мяняюць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG