Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З мэтаю ачышчэньня


«Дзед, а што ты рабіў у тым Казахстане?»

Маўчыць.

«Казахі — яны якія?»

Ён кажа, што казахаў амаль ня бачыў. Але бачыў яўрэяў. Шмат. Цэлыя сем’і, зь якімі можна было паразумецца па-польску. Уражаны ўнук лезе ў сеціва — разьбірацца. Дзеду было тады восем гадоў — дзе тут усё ўпомніш.

...Нямецкі пісьменьнік і крытык Марсэль Райх-Раніцкі, паводле ягонага прызнаньня — «напалову немец, напалову паляк і на ўсе сто адсоткаў яўрэй», прыгадвае ў сваёй знакамітай кнізе «Маё жыцьцё» польскіх уцекачоў, якія ўвосень 1939 імкнуліся трапіць у Савецкі Саюз, ратуючыся ад вернай сьмерці. Чуткі пра тое, як абыходзяцца зь яўрэямі немцы, дайшлі да іх задоўга да пачатку вайны — і цяпер яўрэі ўсяляк імкнуліся апынуцца на савецкім баку, хаця ніякага сантымэнту да Саветаў ня мелі. Камусьці ўдалося, камусьці не — Райх-Раніцкі застаўся ў Польшчы і цудам ацалеў пад акупацыяй, але вось што цікава: наколькі па-іншаму склалася б ягонае жыцьцё, калі б у тыя дні ён усё ж трапіў у БССР. Наколькі іншы быў бы досьвед, наколькі іншыя былі б кнігі, мова, погляд — аднак нешта ўсё ж паўтарылася б... Абавязкова паўтарылася.

29 чэрвеня 1940 году ў БССР адбылася масавая дэпартацыя спэцперасяленцаў-уцекачоў з акупаванай немцамі Польшчы. Дваццаць тры тысячы чалавек, пераважна — яўрэі, былі мусова вывезеныя ў аддаленыя раёны імпэрыі. Гэта чымсьці нагадвала зьдзяйсьненьне колішняга праекту Гітлера пра высяленьне эўрапейскіх яўрэяў на Мадагаскар, у часы, калі фюрэр яшчэ не прыдумаў лягчэйшага спосабу ўвасобіць свае мары. Людзей, якія, дарма што ўцекачы, лічыліся небясьпечнымі для савецкага ладу, запіхвалі ў цягнікі, выкідвалі ў голым полі, прымушалі самім будаваць сабе жытло або сялілі ў непрыстасаваных для жыцьця будынках, выракалі на непасільную працу, з асалодай адрываючы іх ад іхнай «Эўрооопы» — «штоб жызьнь малінай не казалась», любілі паўтараць тыя, хто ладзіў гэтыя барбарскія перасяленьні. Уцякач ва ўсе часы быў бяспраўны, як жывёла — і СССР зусім не зьбіраўся адмаўляцца ад гэтай слаўнай традыцыі.

Савецкі чалавек ставіўся да тых яўрэяў па-рознаму. Расейская паэтка Ахматава ўспамінае, як з пачаткам вайны нехта ўжо з савецкіх эвакуантаў шаптаў, палахліва азіраючыся: «А я б тых яўрэяў усіх Гітлеру пааддаваў бы, хай бы ён іх усіх у зямлю закапаў жыўцом, мо і супакоіўся б...» Іншыя маўкліва пагаджаліся; былі і тыя, хто дапамагаў уцекачам незалежна ад нацыянальнасьці. Але факт: краіна рабочых і сялян, якая так голасна і гістэрычна супрацьпастаўляла сябе нацысцкай сыстэме, пасьпяхова спаборнічала з апошняй у бесчалавечнасьці.

Сярод дэпартаваных тымі чэрвеньскімі днямі былі і беларусы, каля 1700 чалавек — але для заходніх беларусаў і палякаў у Саветаў існавалі свае пляны. Той 1940 год наогул стаўся для Беларусі годам дэпартацый. У лютым былі выселеныя з Заходняй Беларусі ў Сібір і Казахстан так званыя «асаднікі», у красавіку надышла чарга «адміністратыўна высланых»: родных і сваякоў рэпрэсаваных польскіх афіцэраў, паліцыянтаў, жандараў, памешчыкаў, дзяржаўных службоўцаў, у чэрвені — уцекачоў... Праз год з заходніх раёнаў Беларусі былі выселеныя 200 000 чалавек. БССР пазбаўлялі ад непажаданага сацыяльнага элемэнту. Усё гэта называлася «ачышчэньнем» — знаёмы злавесны тэрмін. Каля 25 тысяч высланых былі беларусы паводле нацыянальнасьці, згодна з дакладам Бэрыі Сталіну: 27 з паловай тысяч — хаця разабрацца, хто там беларус, а хто паляк, не лягчэй, чым разьвязаць гэтае пытаньне цяпер. Цяпер, калі сьведкі амаль усе памерлі, а пра тыя дэпартацыі памятаюць хіба гісторыкі. Свайго музэю генацыду ў Беларусі няма, дый ніколі ня будзе — вялікія айчынныя ня церпяць канкурэнтаў, дый тэма ўжо даўно неактуальная. А мусіў бы існаваць — хаця б як філіял музэю Беларускай чыгункі, той самай, па якой дзясяткі тысяч ехалі некалі на Ўсход, у невядомасьць, асуджаныя на сьмерць — праходзіць свой страшны тэст на жывучасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG