Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курапатах — «Бульбаш-хол», у Гомелі — «Русские сладости»


На поўдзень ад Гомеля, каля 11-га кілямэтру Чарнігаўскай шашы, адкрытае акцыянэрнае таварыства «Русские сладости» будуе лягістычны цэнтар. На тэрыторыі будоўлі застаўся крыж, пастаўлены гомельскімі грамадзкімі актывістамі на знак памяці аб ахвярах сталінскіх рэпрэсіяў — адзін з чатырох ахвярных крыжоў, усталяваных паабапал Чарнігаўскай шашы.

На адрас кіраўніцтва менскага таварыства «Русские сладости» грамадзкія актывісты Гомеля сёньня накіравалі ліст, у якім пытаюцца, што будзе з крыжам, усталяваным на знак памяці аб бязьвінна забітых мірных жыхарах? Ці плянуе фірма праводзіць дасьледаваньне будаўнічай пляцоўкі на наяўнасьць расстрэльных ямаў і людзкіх парэшткаў?

Гаворыць падпісант ліста ад імя грамадзкага камітэту Кастусь Жукоўскі:

Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі
«У Курапатах будуюць „Бульбаш-хол“, а ў Гомелі — „Русские сладости“. І ўсё на месцах масавых расстрэлаў. Гэта насамрэч блюзьнерства. Там, у тым лесе, расстрэльвалі людзей — былі забітыя сьвятары, прадстаўнікі рабочай клясы, інтэлігенцыі, а зараз будуюць лягістычны цэнтар. Там яшчэ на тэрыторыі стаіць крыж у памяць людзей, якіх расстрэльвалі».

Спадар Жукоўскі кажа, што на дадатак да ліста на адрас кіраўніцтва «Русских сладостей» дасланы й аматарскі фільм, у якім сьведкі сьцьвярджаюць, што энкавэдысты расстрэльвалі мірных жыхароў менавіта ў лесе паабапал Чарнігаўскай шашы, пачынаючы з 9 кілямэтру:

«Нейкі такі тут ёсьць злы лёс, ці што. Фірма называецца „Русские сладости“, расейскі капітал — не расейскі. Параўнаем з Курапатамі — там таксама нібыта расейскі капітал. Атрымліваецца, што Расейская імпэрыя зьнішчае на корані памяць пра рэпрэсіі. Справа гэтая нядобрая. Таму мы стварылі аргкамітэт ня тое што па супрацьдзеяньні забудове, а дзеля перасьцярогі, каб далей не прасоўваліся ў лес. Гэтую забудову нельга ўжо спыніць, задача — не пусьціць далей у лес. Па-другое, трэба ўратаваць крыж, які стаіць на тэрыторыі забудовы».

Мэмарыяльны крыж на знак памяці аб ахвярах сталінскіх рэпрэсіяў
Мэмарыяльны крыж на знак памяці аб ахвярах сталінскіх рэпрэсіяў


Ахвярны крыж на 11-м кілямэтры Чарнігаўскай шашы — адным зь месцаў расстрэлаў мірных жыхароў у гады сталінскіх рэпрэсіяў — гомельскія актывісты ўсталявалі 6 лістапада 2010 году, у Дзьмітраўскую памінальную суботу. Крыж гэты прадстаўнікі аргкамітэта партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» несьлі праз увесь горад на плячах. Тры дні пазьней, калі праваслаўны сьвятар прыехаў асьвяціць крыж, яго на месцы не аказалася. Актывісты знайшлі крыж прыкладна за сотню мэтраў у засьмечанай прыдарожнай лесапаласе. Ён ляжаў іконкамі ў зямлю. Крыж ачысьцілі, сьвятар прачытаў малітву й асьвяціў яго.

Міліцыя вандалаў так і не знайшла.

Зараз побач з крыжам будаўнікі паставілі чырвоную драўляную альтанку з надпісам «Месца для курэньня», усталявалі бытоўкі й навазілі высачэзную гурбу зямлі. Ладны ўчастак, уключна з крыжам, абнесены яркай поліэтыленавай сеткай.

Прадстаўнік генпадрадчыка «Тэхбудрэсурс Плюс», які назваўся Вячаславам, наадрэз адмовіўся штосьці патлумачыць. Сказаў толькі, што іхні заказчык — таварыства «Русские сладости» — атрымаў усе неабходныя дакумэнты на будоўлю.

Заліўка падмурка
Заліўка падмурка


Начальнік інжынэрна-эксплюатацыйнай службы «Русских сладостей» Сяргей Доўнар, адказны за будоўлю лягістычнага цэнтру, у тэлефоннай размове апавёў, што яшчэ да пачатку распрацоўкі праекту таварыства зьвярнулася ў Гомельскі райвыканкам па тлумачэньні наконт крыжа:

«Мне афіцыйна Гомельскі райвыканкам адказаў, што ніякіх зьвестак пра месцы масавых пахаваньняў на дадзенай тэрыторыі няма».

Суразмоўца, аднак, запэўніў: крыж зносіць яны не зьбіраюцца:

«Мы нічога зь ім ня хочам рабіць, бо такія месцы ў прынцыпе чапаць нельга. Мы яго абыдзем, акуратна абнясем агароджаю, і ён застанецца стаяць каля дрэваў».

У прымацаваным ля плоту пашпарце лягістычнага цэнтру не пазначана, хто й калі даў дазвол на забудову. Прадстаўнікі таварыства сьцьвярджаюць, што зямельны ўчастак выдзелены Гомельскім райвыканкамам, а інвэстыцыйная дамова падпісаная з абласным выканаўчым камітэтам.

Пашпарт лягістычнага цэнтру
Пашпарт лягістычнага цэнтру


Паводле неафіцыйнай інфармацыі, побач зь лягістычным цэнтрам адна замежная аўтамабільная фірма будзе ўзводзіць яшчэ й свой сэрвісны цэнтар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG