Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацапытаньне: Беларусы прагнуць перамен


У Вільні прайшла прэзэнтацыя вынікаў апошняга сацыялягічнага апытаньня праведзенага ў Беларусі НІСЭПД і BISS. Дыскусія з удзелам беларускіх сацыёлягаў і палітолягаў называлася «Аб чым думаюць беларусы?»

Як паведамляе літоўскі партал delfi.lt гэтае складанае пытаньне стала галоўным у ходзе праведзеных у 2013 годзе беларускімі сацыёлягамі дасьледаваньняў. Нягледзячы на некаторы рост даходаў беларусы ўсё часьцей выказваюцца за неабходнасьць пераменаў і аддаюць перавагу рынкавай мадэлі эканомікі, а таксама лічаць, што краіна разьвіваецца ў няправільным кірунку, адзначалася ў часе дыскусіі, якая праходзіла ў Вільні.

Паводле дадзеных апытаньня, праэўрапейскія настроі застаюцца ўстойлівымі, прарасейскія падаюць, зьяўляецца больш прыхільнікаў знаходжаньня Беларусі па-за якіх-небудзь саюзаў. У той жа час беларусы не давяраюць адзін аднаму і больш асьцерагаюцца грамадзянскай вайны, чым зьнешняй агрэсіі.

Нягледзячы на афіцыйныя дадзеныя, рэальныя даходы насельніцтва ўпалі, стабілізацыя эканамічнага самаадчуваньня беларусаў становіцца ўсё больш няўстойлівай, адзначыў у часе дыскусіі сацыёляг Алег Манаеў. Паніжэньне ўзроўню эканамічнага самаадчуваньня ўзмацняе крытычнае стаўленьне да ўладаў, усё больш адчуваецца раскол грамадзтва ў дачыненьні да ўлады, аднак пры гэтым, такія настроі пакуль не пераносяцца на кіраўніка дзяржавы.

Алег Манаеў
Алег Манаеў
«Рэсурс грамадзкага даверу да прэзыдэнта яшчэ не вычарпаны. Аўтарытэт апазыцыйных структур панізіўся, але вырас і недавер людзей адзін да аднаго», — рэзюмаваў Манаеў.

Што тычыцца зьнешнепалітычнай арыентацыі, то, калі за апошнія 20 гадоў праэўрапейскія настроі заставаліся на прыкладна адным і тым жа ўзроўні, то прарасейскія пачалі падаць.


Беларусы хочуць пераменаў і чакаюць дэвальвацыі


Манаеў сьцьвярджаў, што паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва беларусаў вырасьлі, аднак у пэрспэктыву жыхары суседняй краіны глядзяць без аптымізму. Па дадзеных апытаньня, праведзенага НІСЭПД у сакавіку 2013 года, суадносіны станоўчых адказаў на сьцьвярджэньне аб тым, што цяпер «стала жыць лепш» да сьцьвярджэньня «стала жыць горш» — адзін да трох.

«Чаканьні ад пэрспэктыў пагоршыліся», — дадаў ён і паказаў, што прыкладна трое з чацьвярых беларусаў чакаюць магчымай дэвальвацыі, нягледзячы на зваротныя запэўніваньні беларускіх уладаў.

Алег Манаеў таксама адзначыў, што колькасьць людзей, якія мяркуюць, што краіна разьвіваецца ў няправільным кірунку, у суме склала 52% і ў параўнаньні з зімой такія настроі ўзмацніліся.

«Калі матэрыяльнае становішча чалавека пагаршаецца, то з вялікай ступеньню верагоднасьці ён будзе меркаваць, што краіна разьвіваецца ў няправільным кірунку», — так камэнтаваў гэтыя зьвесткі сацыёляг.

Паводле яго слоў, грашовыя даходы пасьля крызіснага 2011 павольна, але растуць, але па ўсіх фактычным паказчыках істотнага павышэньня няма. Беларусы, сказаў ён, выказваюцца за рынкавую эканоміку, а не дзяржаўнае рэгуляваньне, а таксама за працу на прыватных прадпрыемствах.



Больш за мільён выяжджалі на заробкі ў ЭЗ


Паводле афіцыйных дадзеных, на працягу многіх гадоў ўзровень беспрацоўя ў Беларусі не перавышае больш за 1%, нагадаў Манаеў, аднак, паводле дасьледаваньня, карціна выглядае інакш:

«Рэальна — амаль 36,5% адсоткаў зарэгістравана. Працоўныя рэсурсы краіны складаюць каля 5 млн. чалавек. Ці можаце падлічыць, колькі атрымліваецца беспрацоўных ».

Паводле вынікаў апытаньня, амаль палова беларусаў выяжджалі на заробкі за мяжу.

«Больш за ўсё выяжджалі ў Расею, у краіны ЭЗ — 14,1% чалавек, г.зн. каля мільёна беларусаў», — казаў сацыёляг.

Умовы жыцьця ў Беларусі таксама не выклікаюць у яе жыхароў вялікага захапленьня. 57% беларусаў так ці інакш імі не задаволеныя пры тым, што для 41% грамадзян больш-менш прымальныя. Трое з чатырох лічаць, што Беларусі патрэбныя перамены, 44% апытаных сказалі, што ў Беларусі не выконваюцца правы чалавека, пералічваў лічбы сацыёляг. 70% адсоткаў апытаных сказалі, што не давяраюць адзін аднаму. Таксама беларусы паказалі, што асьцерагаюцца росту свавольства ўладаў і грамадзянскай вайны.

«Грамадзянскай вайны беларусы асьцерагаюцца больш, чым замежнай агрэсіі, што кажа пра раскол грамадзтва», — падкрэсьліў сацыёляг. Аднак да гэтага часу, большасьць беларусаў (60%) мяркуюць, што краіне больш неабходныя лідэры і кіраўнікі, чым добрыя законы.


53% беларусаў лічаць, што Лукашэнка павінен сысьці


Як ацэньваюць беларусы прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнку? Паводле вынікаў дасьледаваньня, 38,2% — станоўча, 36,1% — адмоўна. Манаеў падкрэсьліў, што рэйтынг даверу прэзыдэнту Беларусі са сьнежня мінулага года некалькі вырас: «Сёньня аднолькавая колькасьць людзей давярае і не давярае прэзыдэнту — 43% і 43% (у сьнежні было 39% і 49%)».

Паводле яго слоў, некалькі вырас і рэйтынг А.Лукашэнка. У той жа час, адказваючы на пытаньне пра надзеі эканамічнага разьвіцьця Беларусі, беларусы зьвязвалі іх з замежным капіталам і прадпрымальнікамі (раней яны зьвязвалі іх з прэзыдэнтам).

«З суме парадку 53% беларусаў лічаць, што А. Лукашэнка павінен сысьці (не ўдзельнічаць у выбарах), не павінен сысьці — 36%, — такія лічбы прывёў Манаеў. — Пры гэтым каля 70% апытаных грамадзян былі б сёньня гатовыя прагаласаваць за новага кандыдата ».

Колькасьць тых, хто лічыць сябе ў апазыцыі цяперашнім уладам са сьнежня мінулага года зьменшылася з 21,3% да 16,9%. 76% беларусаў не гатовыя больш актыўна ўдзельнічаць у палітыцы, 13,1% давяраюць апазыцыйным партыям (у сьнежні — 20%), 60% не давяраюць. Акрамя таго, амаль 11% гатовыя былі б удзельнічаць у мясцовых выбарах.

Што тычыцца геапалітычнай сытуацыі, то, як паказаў прафэсар Манаеў, колькасьць прыхільнікаў і праціўнікаў аб’яднаньня з ЭЗ сёньня прыкладна аднолькавая, у той час як прарасейская арыентацыя зьніжаецца.




Расьце колькасьць прыхільнікаў Беларусі па-за якіх-небудзь саюзаў


Палітоляг, супрацоўнік BISS Дзяніс Мельянцоў, прадставіў вынікі сацыялягічнага апытаньня, якое праводзіў яго інстытут у рамках праекта дасьледаваньні сацыяльнага кантракту ў Беларусі. Ён распавёў, што думаюць беларусы аб розных інтэграцыйных праектах на эўразійскай і эўрапейскай прасторы. Паводле Мельянцова, самым цікавым высновай стала тое, што ўзрастае колькасьць беларусаў, якія выступаюць за незалежнасьць Беларусі, за Беларусь па-за усялякіх саюзаў.

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў
"Мы называем іх, хутчэй, ізаляцыяністамі, паколькі для іх незалежнасьць не гэтак важная як каштоўнасьць, ім проста важна не быць ні ў якіх саюзах, быць у незалежнай Беларусі«,— падкрэсьліў ён.

З 2010 года, у тым ліку і ў гэтым годзе, дасьледчыкі BISS задавалі не толькі бінарнае пытаньне (дзе вы хочаце жыць — у ЭЗ ці ў Расіі), у адказах прысутнічаў і пункт аб знаходжаньні ў саюзе і з ЭЗ, і з Расеяй, а таксама пункт аб незалежнай Беларусі па-за усялякіх саюзаў.

Дзяніс Мельянцоў адзначыў, што назіраецца падзеньне прарасейскіх настрояў пры росьце настрояў за незалежную Беларусь (з 20% у 2010 годзе да 31%). Падтрымка ЭЗ пры гэтым застаецца на адным і тым жа ўзроўні. Палітоляг адзначыў, што паказчыкі, калі беларусы выказваліся за знаходжаньне ў двух саюзах адначасова, зьнізіліся.

«На гіпатэтычным рэфэрэндуме за ўступленьне ў ЭЗ галасавалі б 38%, супраць галасавала б менш, — адзначыў ён. — Гэта значыць, калі будзе рэфэрэндум, то для праэўрапейскіх беларусаў ён пройдзе пасьпяхова».


Прарасейскія настроі падаюць


Рэспандэнтаў падзялілі на тры гіпатэтычных групы: патерналтсты, незалежныя аўтанамістаў і тых, хто не вызначыўся. «У групе патерналістаў дамінуюць тыя, хто хацеў бы жыць у незалежнай Беларусі і ў якіх назіраюцца прарасейскія настроі», — зазначыў Мельянцоў.

Ён таксама падкрэсьліў, што з ліку прыхільнікаў незалежнасьці краіны, хто адказаў бы станоўча на пытаньне, ці апраўдвае парушэньне правоў чалавека і абмежаваньне дэмакратыі паляпшэньне дабрабыту, аказалася «не так ужо і багата». Пры гэтым 70% беларусаў выступаюць за аб’яднаньне з Расеяй на пэўных умовах: калі на тое будуць эканамічныя прычыны, ці такі саюз будзе садзейнічаць паляпшэньню сацыяльна-эканамічнай сытуацыі.

«Колькасьць тых, хто катэгарычна супраць аб’яднаньня з Расеяй у тры разы больш, чым тры гады таму, — пракамэнтаваў дадзеныя палітоляг, сьцьвярджаючы, што гэта пацьвярджае зьніжэньне прарасейскіх настрояў. — З тых, хто выступае за інтэграцыю з Расеяй, палова выступае проста за зону свабоднага гандлю. 13% ужо з агульнай выбаркі выступаюць за адзіную эканамічную прастору без палітычнага саюза, і толькі менш за 3% насельніцтва выступаюць за поўнае аб’яднаньне з Расеяй ».


Пра Эўразьвяз беларусы ведаюць мала


Мельянцоў таксама рэзюмаваў, што беларусы мала ведаюць пра ЭЗ і праграмы супрацоўніцтва з ім. Па дадзеных апытаньня, аб ініцыятыве ЭЗ «Усходняе партнэрства» 86% грамадзян Беларусі нічога не ведаюць.

«За тры гады людзі нават забыліся пра гэтую ініцыятыву. Гэта вытлумачальна, паколькі праграма практычна не працуе для Беларусі і інфармацыя да грамадзян не паступае, тэлебачаньне гэтыя праграмы не асьвятляе, а ЭЗ не надае дастатковай увагі для папулярызацыі гэтых праграм», — адзначыў ён і дадаў, што пра запушчаную год таму праграму «Эўрапейскі дыялёг для мадэрнізацыі Беларусі» ведаюць крыху менш за 5% рэспандэнтаў.

Не абышлі дасьледчыкі і пытаньне санкцый. Паводле палітоляга Мельянцова, цяпер па пытаньні санкцый дасьведчанасьць беларусаў некалькі лепшая, чым гэта было тры гады таму:

«Палова беларусаў пра санкцыі чулі. З паловы тых, хто чуў пра санкцыі, на пытаньне аб прычынах увядзеньня санкцый 40% адказалі, што ЭЗ увёў санкцыі таму, што Беларусь праводзіць занадта незалежную палітыку. Яшчэ 13% упэўненыя, што ЭЗ такім чынам рыхтуецца зьмяняць уладу ў Беларусі, 36% перакананыя, што санкцыі былі ўведзеныя ў адказ на парушэньні ў Беларусі правоў чалавека».

Прэзэнтацыя вынікаў апытаньня была арганізавана Цэнтрам ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў і Беларускім навукова-дасьледчым саветам.

Дасьледаваньні былі праведзены намаганьнямі НІСЭПД, BISS (Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў) пры падтрымцы USAID, Freedom House, PACT.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG