Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХД заклікае эўрапейцаў не ўзнаўляць дыялёг з уладамі


Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

Беларускім дэмакратычным сілам насьпеў час вызначыцца са сваім стаўленьнем да магчымай адмены эўрапейскіх санкцыяў адносна групы неўязных чыноўнікаў.

З такой заявай сёньня выступілі прадстаўнікі аргкамітэту ў справе стварэньня партыі БХД. Яны таксама казалі пра неабходнасьць вызначыцца і з умовамі, пры якіх апазыцыя зможа ўдзельнічаць у перамовах з уладамі.

Сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня Партыі БХД Віталь Рымашэўскі заявіў журналістам: дэмакратычную супольнасьць вельмі насьцярожваюць спробы некаторых эўрапейскіх чыноўнікаў пад выглядам узнаўленьня дыялёгу з уладным рэжымам упусьціць у Эўропу спачатку міністра замежных спраў Уладзімера Макея — а затым адмяніць санкцыі адносна часткі, а можа, нават і ўсіх фігурантаў «чорнага» сьпісу. Таму сёньня БХД публічна пацьвердзіла, што пазыцыя партыі нязьменная: ніякага дыялёгу з уладамі да вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітвязьняў:

«Мы лічым, што адступленьне ад прынятых правілаў Эўразьвязу, у тым ліку скасаваньне сьпісу неўязных беларускіх чыноўнікаў, адказных за палітычныя рэпрэсіі альбо фальсыфікацыю выбараў, ня толькі абцяжарыць сытуацыю, у якой знаходзяцца палітзьняволеныя, але і нанясе сур’ёзны ўдар па магчымасьці дэмакратызацыі Беларусі. Да тых часоў, пакуль дзьверы вязьніцаў не адчыняцца для незаконна асуджаных беларускіх палітвязьняў, дзьверы Эўразьвязу павінны быць зачыненыя для спадара Макея. І для ўсіх тых, хто нясе пэрсанальную адказнасьць за рэпрэсіі ў дачыненьні да ні ў чым не вінаватых грамадзян Рэспублікі Беларусь».

Неабходнасьць вызваленьня і рэабілітацыі палітвязьняў упершыню была сфармуляваная пасьля Плошчы на пачатку 2011 году ў супольнай заяве шасьці суб’ектаў: чатырох партыяў — АГП, БНФ, БХД і «Справядлівы сьвет», руху «За свабоду» і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Сёньня намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч пацьвердзіў «Свабодзе» нязьменнасьць гэтай пазыцыі:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч
«Рух „За свабоду“ па-ранейшаму лічыць, што вызваленьне палітвязьняў — гэта першая і самая галоўная ўмова, якая павінна быць выкананая перад тым, як адбудуцца нейкія перамовы Эўразьвязу зь беларускімі ўладамі. Гэтая ўмова павінна быць выканана безагаворачна беларускім рэжымам. Толькі пасьля гэтага магчымае правядзеньне перамоваў альбо нейкіх іншых дзеяньняў з афіцыйнымі ўладамі».

«Контрапрадуктыўным» называе такі падыход кіраўнік праўладнага аналітычнага цэнтру Ecoom Сяргей Мусіенка:

Сяргей Мусіенка
Сяргей Мусіенка
«Справа ў тым, што пашырэньне кантактаў, супрацоўніцтва, дыялёг — гэта ўсё формы жыцьця. А тут атрымлівацца, што гэтыя людзі ня хочуць працягу жыцьця, нармальных дачыненьняў. Таму атрымліваецца, што гэтае іхнае жаданьне супрацьнатуральнае. На жаль, яно шмат гадоў цыркулюе ў іх сьвядомасьці.

Чаго турбавацца, што чалавеку (маецца на ўвазе спадар Макей. — РС) дазволяць кудысьці ехаць? Межы — гэта штучнае. І таму накладаць вэта, каб нехта ня мог кудысьці паехаць, — гэта і не гуманна, і не чалавечна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG