Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бывай, арганаўт!..


Адыходзіць туды, дзе сьвятыя маршуюць, першае пакаленьне тых, хто распачынаў рок-музыку ў Беларусі. Адыходзяць музыкі, чые песьні ніколі не гучалі па радыё, іх не паказвалі ў тэлебачаньні, аднак імёны тых музыкаў напрыканцы 60-х і пачатку 70-х ведалі, прынамсі ў Менску, усе, хто захапляўся новай на той час музыкай. Сёньня ўранку памёр Уладзімер Сьпірыдовіч, лідэр групы «Аргонавты»...

Я добра быў зь ім знаёмы, яшчэ з тых часоў, калі на ўласныя вушы пачуў, як ён амаль адзін у адзін сьпявае высокім, чыстым голасам славутую песьню «Massacusetts» групы «Bee Gees». Час быў такі, што беларуская мова ў біт-музыцы (так тады называлі рок) амаль не прысутнічала: выканаўцы часьцей «здымалі» ангельскамоўныя арыгіналы, а калі і пісалі нешта сваё, дык на расейскай мове. Валодзя скончыў радыёфізыку, як музыка дэбютаваў у 1968 годзе ў складзе групы «Весёлыя лисы», а на самым пачатку 1970 году сабраў квартэт, якому даў назву «Аргонавты». Тады ж ён сам пачаў пісаць песьні, група здабыла 1 месца ў конкурсе менскага рок-фэсту 1971 году, але слухачам «Аргонавты» запомніліся перад усім дзякуючы выдатнаму голасу Сьпірыдовіча ды таму, што гэтая група ледзь ня першай у СССР стварыла праграму з удзелам камэрнага струннага аркестру. Ягоныя песьні «Белое-крепкое», «Скажи, зачем открыта эта дверь», «В лагерях как на войне» сьпяваліся ў многіх менскіх дварах. У 80-я гады Валодзя адышоў ад музыкі, вярнуўся да асноўнай спэцыяльнасьці, займаўся пытаньнямі гармоніі сьветабудовы ды ўплыву гукаў на разьвіцьцё расьлін. Аднак працягваў пісаць песьні на ўласныя вершы і на вершы вядомых паэтаў, сам іх запісваў у хатніх умовах і прэзэнтаваў запісы сябрам. Праўда, голас ягоны зьмяніўся непазнавальна. Дарэчы, гэтак сама рабіў і яшчэ адзін зь першапраходцаў беларускага року Яўген Канавалаў, які пакінуў гэты сьвет у красавіку 2011. Сымбалічна, што годам раней абодва яны сустрэліся на лецішчы Сьпірыдовіча пад Лепелем, куды Валодзя зьяжджаў ад гарадзкой мітусьні ледзь не на паўгода. І відэакамэра зафіксавала сустрэчу гэтых двух насамрэч творчых людзей — дзьвюх сапраўдных асобаў.

Апошні раз я бачыўся з Валодзем і чуў ягоныя расповеды пра рок-мінулае ўлетку 2012 году, калі з ініцыятывы Ўладзімера Кандрусевіча ў Астрашыцкім гарадку сабраліся некалькі чалавек зь ліку тых, хто распачынаў у Беларусі рок-гісторыю. Ім было што расказаць.

Некалькі гадоў таму пайшоў з жыцьця ягоны сын ад першага шлюбу з Аленай Сьпірыдовіч. А цяпер і сам арганаўт выправіўся ў сваё апошняе падарожжа.

Бывай, Сьпірык! Ты пакінуў сваё імя ў гісторыі...

Уладзімер Сьпірыдовіч. Вянок памяці
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:01 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG