У рамках жалобнай імпрэзы быў усталяваны крыж у памяць афіцэраў Войска Польскага, якія былі закатаваныя ў Беларусі падчас сталінскіх рэпрэсіяў. Зрэшты, крыж усталяваны паўторна: у Дзень памяці ахвяраў рэпрэсій 29 кастрычніка ў Курапатах зьявіўся мэмарыяльны знак у памяць пра расстраляных польскіх афіцэраў зь беларускага катынскага сьпісу. Але літаральна на наступны дзень гэты знак зьнік.
Не абышлося без канфузу: тэкст на таблічцы, прымацаванай да крыжа, псавалі тры памылкі. Слова «афіцэры» напісана як «афіцеры», без патрэбы ўжытае «у нескладовае», прапушчана коска.
Адзін з удзельнікаў цырымоніі ўсталяваньня крыжа Ўладзімер Раманоўскі паабяцаў, што заўтра ж усё будзе выпраўлена:
«Тэрмінова, заўтра ж усё будзе заменена, таму што гэта сапраўды прыкрая памылка. У гарачцы арганізацыі неяк не заўважылі, прызнаюся. Дзякуй, заўтра ж недахопы будуць выпраўленыя...».
Фотарэпартаж вялікім памерам