Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэты візыту ў Менск парлямэнцкай дэлегацыі Малдовы


Васіліў Батнару
Васіліў Батнару
Сёньня ў Беларусі з візытам знаходзілася дэлегацыя парлямэнту Малдовы на чале са сьпікерам, кіраўніком Дэмакратычнай партыі Мар’янам Лупу. Госьці сустракаліся з кіраўнікамі абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Беларусі, па выніках візыту было падпісанае пагадненьне аб супрацоўніцтве паміж парлямэнтамі дзьвюх краін.

«Падпісаўшы гэты дакумэнт, мы прадэманстравалі адзін аднаму і ўсяму сьвету, што на аглядную пэрспэктыву краіны маюць намер наладжваць сяброўскія адносіны, нарошчваць супрацоўніцтва» — сказаў старшыня Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў.

Нечаканы візыт малдоўскай парлямэнцкай дэлегацыі мы папрасілі пракамэнтаваць дырэктара кішынёўскага бюро нашага радыё Васіліў Батнару.

Дракахруст: Адразу пасьля парлямэнцкіх выбараў 2008 году ў Беларусі краіны Эўразьвязу не прызналі легітымнасьці іх вынікаў, парлямэнт Беларусі ня быў запрошаны ў Парлямэнцкую асамблею Ўсходняга партнэрства, заходнія краіны, нават падтрымліваючы кантакты з прэзыдэнцкай адміністрацыяй і ўрадам Беларусі, падкрэсьлена байкатавалі Нацыянальны сход. Здаецца, нават такія краіны, як Грузія, якія праводзяць асобную палітыку адносна афіцыйнага Менску, ад кантактаў менавіта на парлямэнцкім узроўні ўсё ж устрымліваліся. І вось Малдова, краіна, якая вельмі далёка прайшла па шляху эўраінтэграцыі, на чале якой стаіць праэўрапейская ўрадавая кааліцыя, ўсталёўвае з беларускім парлямэнтам афіцыйныя шчырыя адносіны. Чаму?

Батнару: Можна меркаваць, што пасьля нядаўняга зьезду Дэмакратычнай партыі, лідэрам якой зьяўляецца Мар’ян Лупу, ён павінен быў зрабіць нейкі манэўр, каб прадэманстраваць сваю палітычную ўсяяднасьць ці хаця б роўную аддаленасьць ад Захаду, ад Румыніі і ад Расеі. Таму і быў выбраны такі сярэднеарытмэтычны палітычны азімут, прычым адразу ж пасьля візыту ў ЗША. Гэта — сыгнал для Малдовы і вонкавага сьвету, што Дэмакратычная партыя будзе прытрымлівацца левацэнтрысцкай палітыкі, ў тым ліку і зьнешняй.

Дракахруст: Але Дэмакратычная партыя — партнэр ва ўрадавай кааліцыі, там, магчыма, ёсьць партыі, якія глядзяць на гэта інакш. Візыт сп-ра Лупу ў Менск не спарадзіў ніякага канфлікту ва ўрадавай кааліцыі?

Батнару: Напярэдадні абвешчанага візыту Мар’яна Лупу ў Менск ніякіх рэакцый не было. Унутры кааліцыі існуе своеасаблівая спэцыялізацыя: ёсьць ясная прарумынская арыентацыя правай Лібэральнай партыі, і ёсьць левацэнтрысцкая Дэмакратычная партыя. Напэўна, існуе паміж імі негалоснае пагадненьне, што яны раскідваюць свае крылы максымальна шырока, каб прыцягнуць некамуністычны электарат. Яны ствараюць ўражаньне антаганістычных пазыцый, але мне здаецца, што гэта скаардынаваная палітыка.

Дракахруст: Іншымі словамі, вы ня лічыце, што візыт сп-ра Лупу ў Менск выкліча скандал ва ўрадавай кааліцыі?

Батнару: Ну, для формы нехта з дэпутатаў выкажа сваё «фэ» наконт гэтага візыту. Але я ня думаю, што Мар’ян Лупу — такі чалавек, які не пралічыць на два крокі наперад, чым гэта можа абярнуцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG