Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцыбашава і Вінаградава арыштавалі на 15 сутак

абноўлена

Павал Вінаградаў
Павал Вінаградаў

Суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў актывістаў кампаніі «Гавары праўду» Аляксандра Арцыбашава і Паўла Вінаградава на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Іх затрымалі напярэдадні ў зьвязку з плянаванай цацачнай акцыяй пратэсту, а зьвінавацілі ў дробным хуліганстве паводле артыкула 17.1 Адміністрацыйнага кодэксу.

Аляксандара Арцыбашава затрымалі на падыходзе да вуліцы Няміга. Там меўся адбыцца флэш-моб з удзелам плюшавых цацак пад назвай «Мы прыйшлі, каб нас зноў пасадзілі». Але зьвінавацілі яго ў брыдкаслоўі і пасадзілі на 15 сутак, не зважаючы, што Аляксандар — бацька малога дзіцяці і галоўны кармілец сям’і, кажа жонка Марыя:

«За ім сачылі, бо стаяла машына і да яго адразу падляцелі, пачалі ў машыну пхаць. А за пакараньне я ўвогуле ў шоку, бо ёсьць такія зьмякчальныя абставіны, як малое дзіця — адзін год. Гэта ў судзе нават не разглядалася як падстава для зьмякчэньня прысуду. Для мяне гэта проста шок. Але такімі дзеяньнямі, усімі гэтымі пасадкамі ўлады штурхаюць людзей на яшчэ большы супраціў».

Лідэра «Зьмены» — моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду» — Паўла Вінаградава затрымалі дома позна ўвечары. Аднак сьведкі-міліцыянты склалі пратакол і заявілі ў судзе, нібыта абодвух затрымлівалі разам на Нямізе. На сьведчаньні жонкі суд таксама не зьвярнуў увагі, кажа Сьвятлана Вінаградава:

«Судзьдзя адхіліла ўсе хадайніцтвы абароны. Я таксама выступала сьведкам і казала, што Павал увесь дзень быў дома і яго затрымалі ўвечары. Аднак судзьдзя не зьвярнула і на гэта ўвагі, прызнала яго вінаватым у правапарушэньні і прысудзіла 15 сутак. Я думаю, што гэта помста за „зьменаўскія“ акцыі, бо ўчора плянаваўся цацачны пікет. Таму і затрымалі лідэра».

Актывісты кампаніі «Гавары праўду», якія прыйшлі падтрымаць сваіх паплечнікаў у суд, а таксама адвакаты і праваабаронцы адзначылі шматлікія супярэчнасьці ў складзеных пратаколах і заявах сьведак-міліцыянтаў. Гаворыць праваабаронца з Цэнтру прававой трансфармацыі Міхаіл Мацкевіч:

«Дасьледаваньне гэтай адміністрацыйнай справы праваабаронцамі патрабуе часу, аднак можна сказаць, што на гэты момант існуе шмат супярэчнасьцяў. Яны выклікаюць цікавасьць і будуць мець юрыдычнае дасьледаваньне».

Паводле сваякоў Паўла Вінаградава і Аляксандра Арцыбашава, рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менску яны будуць абскарджваць у судах вышэйшых інстанцыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG