Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская мова ў нас — два разы ў нядзелю...»


«Русский язык более красивый...»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:52 0:00

У менскай гімназіі № 29 адбылося сьвята беларускай мовы для трэціх клясаў.

Дзеці разгадвалі беларускія загадкі, тлумачылі прыказкі, сьпявалі песьні і разыгрывалі невялічкія сцэнкі са школьнага жыцьця. Пад канец сьвята на сцэне зьявіўся гурт «Тутэйшыя», які выконвае старажытную беларускую музыку. Адметна, што гімназія гэта — з расейскай мовай навучаньня.

Гімназія знаходзіцца ў цэнтры сталіцы і лічыцца прэстыжнай. Трэціх клясаў там ажно шэсьць. Навучаньне вядзецца па-расейску. Дзяцей зь беларускамоўных сем’яў амаль няма. Таму ідэю сьвята, сцэнар і арганізацыю ўзяла на сябе мама трэцяклясьніка Мсьціслава Алена Церашкова. Дарэчы, у Церашковых у сям’і трое дзяцей, зь якіх Мсьціслаў старэйшы. Дома размаўляюць толькі па-беларуску. Сама Алена — сківічна-тваравы хірург, піша таксама творы для дзяцей, выдала некалькі кніг.
Сьпявае Мсьціслаў Церашкоў, яго выйшаў падтрымаць трэцяя «б» кляса.
Сьпявае Мсьціслаў Церашкоў, яго выйшаў падтрымаць трэцяя «б» кляса.

Алена Церашкова: «Менавіта таму, што гэтая школа не беларускамоўная і тут няма такой добрай плеяды беларускамоўных бацькоў і дзяцей, зь якіх можна рабіць апірышча беларускай мовы. Тут мова — рэдкі госьць на ўроках. І толькі ў аб’ёме пераходу з клясу ў кляс. Тут гэта больш патрэбна, дзе дзеці ня чуюць беларускай мовы, і для іх гэта хутчэй цяжар, чым сьвята».

Сапраўды, падчас конкурсаў было відаць, што дзеці ня ведаюць звычайных беларускіх fсловаўк — «кашуля», «журавіны», «кавун». Нельга сказаць, што і настаўнікі дэманстравалі красамоўства. Адна зь іх уручала музыкам торт са словамі «Мы даруем вам гэты торт», а ўдзячнасьць удзельнікам сьвята выказвала выразам «дзякуем вас». Затое калі ўганароўвалі пераможцаў, яна зьвярнула ўвагу ўсёй дзіцячай залі на тое, што перамог адметны кляс — ва ўсіх на кашульках ёсьць чырвоныя зорачкі. Гэтыя дзеткі — акцябраты.
Перамагла ў конкурсах кляса «акцябратаў»
Перамагла ў конкурсах кляса «акцябратаў»

Алена Церашкова: «Настаўнікі пастаўленыя ў такія ўмовы, калі яны мусяць падпарадкоўвацца будучым патрабаваньням. Яны мусяць адкрытым тэкстам казаць бацькам, што на ўступных у гімназію вы будзеце не сьпяваць і не размаўляць, а пісаць дыктоўкі. І вы мусіце вучыцца пісаць дыктоўкі. Мы ўдзельнічаем у такіх пацучыных скачках за месца ў гімназіі. Яны ня могуць аддаваць столькі ўвагі вывучэньню беларускай мовы як народнага скарбу. Толькі ў межах — каб пісалі без памылак. Хоць настаўнікі тут вельмі добрыя, і нашая настаўніца заўсёды падтрымлівае нашыя ініцыятывы і спрыяе. А рабіць гэта „ад нуля“ няма ані часу, ані сіл».

Маленькія гімназісты хорам патлумачылі, як менавіта яны вывучаюць беларускую мову (захоўваем асаблівасьці маўленьня):

— Колькі ў вас урокаў беларускай мовы ў тыдзень?

— Два раза ў нядзелю па беларускай мове і адзін раз па беларускаму чытаньню.

— А рускай мовы колькі?

— Рускай мовы трі дня ў нядзелю.

— Замежная мова ёсьць?

— Англійскій. Тры разы ў нядзелю.

— Можна вывучыць мову, адзін раз на тыдзень займаючыся?

— Нее (хорам).

— А калі б у вас усе прадметы былі па-беларуску, вам бы спадабалася?

— Нееееет (хорам).

— Ну, если бы мы разговаривали на беларускай мове, то нам бы было легко все предметы по-беларуски. А мы по-русски разговариваем, нам тяжело будет.

— Мы тогда не сможем поехать в другую страну. Не сможем там разговаривать. И то, и то надо, и по-беларуску, и по-руску, и по-английску.

— Нет, мы уже привыкли. Мы не все слова знаем. Нам будет тяжело.

— А хто гаворыць па-беларуску?

— Беларусы.

— Проста так усе на вуліцах па-беларуску гавораць?

— Не.

— А чаму?

— Таму што в Беларуси больш развиты руский язык.

— А чаму так атрымалася?

— Ня ведаю.

— А ты як думаеш?

— Потому что русский язык более красивый, выразительный.
Алена Церашкова (справа) атрымлівае падзяку ад кіраўніцтва гімназіі за арганізацыю сьвята беларускай мовы.
Алена Церашкова (справа) атрымлівае падзяку ад кіраўніцтва гімназіі за арганізацыю сьвята беларускай мовы.

Настаўніца пачатковых клясаў Тацьцяна Астроўская тлумачыць, што адбываецца на ўроках беларускай мовы ў пачатковых клясах:

«Вельмі цяжка, вельмі незразумела, дзеці не ўспрымаюць матэрыял. Амаль што цэлы ўрок даводзіцца перакладаць на рускую мову. Увесь урок так праходзіць. Старэйшая школа, канечне, крыўдзіцца, што дзеці прыходзяць не падрыхтаваныя, але ў межах дзьвюх гадзін у тыдзень што можна зрабіць? Рэальна немагчыма. Але пры гэтым на англійскую мову тры-чатыры гадзіны ў тыдзень. А іспыты пасьля чацьвёртай клясы здаюцца на адным узроўні з рускай мовай. Яны таксама мусяць напісаць дыктант, нічым ня меней словаў, цяжкі дыктант.

Дадатковая нагрузка кладзецца на плечы бацькоў, канечне. Каб дзеці маглі размаўляць, пісаць, трэба дома займацца. На жаль, у нашых сем’ях на сёньняшні дзень гэта вельмі рэдка сустрэнеш. Таму мы ў школе зьвяртаемся да бацькоў, просім іх, каб яны кожны дзень хаця б 10–15 хвілін знаходзілі. Аддавалі ўвагу беларускай мове. Чыталі, дыктавалі нейкія словы, тлумачылі гэтыя словы. І гэтым мы ня толькі дзяцей, але і бацькоў прыцягваем. Яны самі даўно мовы ня чулі, пачынаюць тэлевізар глядзець па-беларуску, зьвяртацца да слоўніка. Я спадзяюся, што гэта дасьць свой плён. Можа, і „адукацыя“ да нас зьвернецца і заўважыць, што нам гэтых гадзін вельмі мала для вывучэньня роднай мовы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG