Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 траўня — гадавіна рэфэрэндуму 1995 году


Галадоўка дэпутатаў апазыцыі

Галадоўка дэпутатаў апазыцыі

14 траўня 1995 году ў Беларусі адбыўся рэфэрэндум, ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам.

У выніку беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай, а нацыянальныя сымбалі — бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня — былі замененыя ў якасьці дзяржаўных на падкарэктаваныя савецкія.

Рэфэрэндум 1995-га стаў першым у гісторыі незалежнай Беларусі.


У бюлетэнь для галасаваньня былі ўключаны наступныя пытаньні:

  1. Ці згодны Вы з наданьнем расейскай мове аднолькавага статусу зь беларускай?
  2. Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцягу і Дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь?
  3. Ці падтрымліваеце Вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?
  4. Ці згодны Вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі?

1-е, 2-е і 3-е пытаньні выносіліся на абавязковы рэфэрэндум, рашэньне якога зьяўляецца канчатковым, а 4-е пытаньне — для прыняцьця кансультацыйнага рашэньня, якое мае рэкамэндацыйны характар.

11 красавіка 1995 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь пачаў абмеркаваньне магчымасьці ўключэньня ў бюлетэнь рэфэрэндуму і пытаньня наконт мовы. У выніку дыскусіі і галасаваньня ініцыятыва прэзыдэнта не знайшла падтрымкі: з агульнай колькасьці 238 дэпутатаў бралі ўдзел у галасаваньні 141 чалавек, выступілі «за» 124, «супраць» 6, «устрымаліся» 11.

Пасьля адхіленьня парлямэнцкімі камісіямі прэзыдэнцкай прапановы аб ініцыяваньні рэфэрэндуму Лукашэнка заявіў, што правядзе рэфэрэндум безь яго санкцыі. У адказ на гэта больш за два дзясяткі дэпутатаў абвясьцілі галадоўку-пратэсту непасрэдна ў залі пасяджэньняў парлямэнту.

У ноч з 11-га на 12 красавіка людзі ў масках і камуфляжнай форме жорстка зьбілі дэпутатаў, праігнараваўшы статус іх недатыкальнасьці, і выкінулі з будынку Вярхоўнага Савету на вуліцу. Толькі пасьля гэтых падзеяў дэпутаты 13 красавіка прынялі з парушэньнем працэдуры пастанову аб правядзеньні рэфэрэндуму.

У часе прызначэньня і правядзеньня рэфэрэндуму 1995 г. былі парушаныя артыкулы 17, 78 і 142, ч.2 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Законы «Аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме)», )«, «Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь», «Аб статусе дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», а таксама «Часовы Рэглямэнт Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», адзначае дэпутат Вярхоўнага савету 12-га скліканьня Сяргей Навумчык.

Пазьней 14 траўня стала афіцыйным сьвятам — Днём дзяржаўнага герба і сьцяга.

Гл. таксама: Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG