Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выжыць на $4000?


На мінулым тыдні наш Інтэрнэт ускаламуціў допіс дзяўчыны Ірыны на Onliner.by. Тэкст аб тым, што ёй не хапае яе штомесячнага заробку $700 на тое, каб купляць новую вопратку ды адкладаць на адпачынак, засмуціў форум настолькі, што за суткі пад ім зьявілася амаль 2 тысячы камэнтароў. Вы можаце сабе ўявіць: 2 тысячы? Не да навіны, не да сэнсацыйнага выказваньня палітыка, а да артыкула дзяўчыны Ірыны аб уласным жыцьці.

Ступень агрэсіі, якая выказвалася ў камэнтарах мужчын была такой, што дзяўчына сказала ў інтэрвію таму ж Onliner.by: «Я б паказала вам свае фота і нават назвала сваё імя і праблема не ў палітыцы канфідэнцыйнасьці на маёй працы. Але ж вы мяне зьнішчыце! Вы пойдзеце ў сацыяльныя сеткі, вы расьцягнеце ўсе мае твіты і статусы па кавалачках, вы напішыце да іх мільён камэнтароў у абмен на маю шчырасьць з вамі (...) Таму што кожны з вас асобна – неблагі чалавек. Але ў Інтэрнэце і разам вы – натоўп. І я вас баюся». У тым жа інтэрвію яна дадала, што на яе думку жанчына ў Беларусі павінна зарабляць $2000, мужчына $4000 і тады можна жыць па-чалавечаму: хата, машына.

Я ня буду станавіцца на бок Ірыны ці яе «ворагаў»-камэнтатараў. Бо, як зазначыла адна пост-марксістка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку (так, так! Гэту зьяву ўжо абмяркоўваюць філёзафы ды сацыёлягі!): праблема ня ў тым, што было выказана. Праблема ў тым, як не-інтэлігентна гэта было выказана. Абараняць Ірыну ня хочацца, тым больш яна добра абараняе сябе сама. Тым больш ня хочацца праяўляць салідарнасьць з тымі, хто яе цяпер цкуе: выказваньні асобных зь іх наогул за межамі дабра і зла.

Што болей важна, дык гэта тое, якія сацыялягічныя высновы можна зрабіць з гэтай «электроннай бойкі» аб існым стане беларускага грамадзтва. Бо пасьля прачытаньня недзе сотага камэнта на цябе спускаецца такое глыбіннае разуменьне нашага сусьвету, нашага этасу, нашага калектыўнага розуму, што хочацца адкласьці справы ды правесьці некалькі дзён у мэдытацыі. Абодва залінкованыя тэксты вельмі раім вывучыць усім, хто вылучаецца ў прэзыдэнты ці дэпутаты ў гэтай краіне. Сур'ёзна. Свой народ трэба ведаць і адчуваць.

І, уласна, высновы:

1. Беларусы жывуць бедна. З камэнтароў бачна, што ў Менску няшмат людзей, якія атрымліваюць $700.

Трэба пры гэтым разумець, што такое Onliner.by: гэты сайт некалі сабраў супольнасьць чытачоў, якія абмяркоўвалі апошнія гаджэты ды чакалі рэвю новых тэлефонаў\фотакамэр\ноўтбукаў.

Паступова на «Анлайнэры» сфармаваўся чытацкі асяродак, якому патрабавалася нешта большае, чым толькі гаджэты, і сайт пачаў трансфармавацца (аб фэномэне Onliner.by ды яго каманды напісана вельмі шмат). Але большасьць (на маё адчуваньне, я магу памыляцца) наведнікаў – гэта менавіта тая самая беларуская «сярэдняя кляса», якая цікавіцца Apple і Samsung болей, чым КХП БНФ. Калі гэтая кляса наогул недзе існуе, яна існуе на «Анлайнэры». Гэта не жабракі ды лузэры, тыя людзі, якія чытаюць тут форум і ўдзельнічаюць у ім.

І вось высьвятляецца, што большасьць з «дыскутантаў» не атрымлівае $700. Ці ня дзіўна?

2. Беларусам ня сорамна ад таго, што яны атрымліваюць няшмат. Пад артыкулам Ірыны мы бачым камэнтары кшталту «заробак 2 мільёны і мне хапае». Такія камэнтары пакідаюць жывыя людзі пад уласнымі «нікамі», ня боты: людзі, што існуюць на форуме стала, шмат гадоў. Можна прасачыць гісторыю камэнтаваньня, зразумець інтарэсы. Усюды ў іншых краінах людзі хаваюць сваю беднасьць. Лічаць, што калі маеш $250, дык няма чым ганарыцца. Няма нагоды для фанабэрыі. У нас – па-іншаму. У нас яшчэ іншых вучыць гатовыя. Цікава!

3. Мантрай пра «500 даляраў заробку» ўрад сфармаваў ня толькі «мару беларусаў», аднак і столь, вышэй за якую штомесячны заробак у цябе падвышацца ня можа. Бо заплююць. Калі маеш болей, лепей маўчы.

4. У пляне разуменьня гендэрнай роўнасьці мы знаходзімся недзе ў XVIII стагодзьдзі. Абодва полы зыходзяць з таго, што дзяўчына павінна атрымліваць меней за мужчыну. Камэнтатараў прыводзіць у вар'яцтва тое, што «баба атрымлівае болей за мужыкоў». Гэта для іх сапраўды незразумела. Сама Ірына кажа, што мужчыну трэба плаціць $4000, жанчыне – $2000.

Чаму?

Адкуль наогул сэгрэгацыя? Мы ж не фізычнай працай усе займаемся, а ў офісе ад жанчыны часьцяком болей плёну, чым ад нас, мужыкоў. Дык чаму ёй – у два разы меней? Адкуль гэтыя забабоны?

5. У менчукоў прынцыпова іншыя крыніцы сацыяльнага раздражненьня, чым у жыхароў іншых буйных гарадоў. Тым, каму цікава, прапаную параўнаць гісторыю беларускай «Ірыны – сямсот баксаў» з даволі падобнай (паводле напалу жарсьці) гісторыяй дзяўчыны Вольгі, якая выклала ў кастрычніку летась рэпартаж аб тым, як жыве ў горадзе Дахабе (Эгіпет) разам з уласным каханым, які прафэсійна займаецца віндсэрфінгам. Гісторыя Вольгі, якая бавіць час каля мора, нікуды не сьпяшаецца, сустракае сьвітанкі і шмат загарае, зьявілася на сайце фатографаў і адразу ж выклікала шалёнае кіпеньне там. Людзей уводзіла ў шал тое, што прыгожая жанчына можа дазволіць сабе павольны, спакойны лад жыцьця. Пачытайце камэнтары (375!) ды заўважце, як падобныя яны на камэнты на Onliner.by. Аднак у нас людзей разьюшвае тое, што нехта ня можа пражыць на $700, у Маскве – тое, што нехта можа выпасьці з альгарытму праца-хата-праца. Адмовіцца ад кар'еры ды быць пры гэтым шчасьлівым.

Адчуйце розьніцу!

6. Удакладнім: беларусы ня толькі ня бачаць праблемы ў тым, што яны жывуць не заможна. Яны бачаць праблему ў тым, што іншыя не жывуць як жабракі.

7. Атрымліваючы 2 мільёны рублёў, яны задумваюцца не аб тым, як атрымліваць болей, аднак – аб тым, як эканоміць, у чым сабе адмаўляць, каб гэтых 2 мільёнаў хапіла на месяц.

8. Беларусы ўспрымаюць паход у кавярню як прыкмету dolce vita. Нават калі гэтая кавярня – «мак».

9. Гэтая сацыяльная сытуацыя ніяк не выліваецца ў галовах людзей – звычайных, не палітызаваных людзей – у гнеў да ўлады. Дзяржава, міністры, прэзыдэнт наогул адсутнічаюць як суб'екты спрэчкі – праглядзіце пільна. Зразумела, што ёсьць правілы форуму, зразумела, што можна атрымаць папярэджаньне, аднак калі б карцела, то і прарывала б! Тыповы «палітызаваны» камэнт гучыць тут прыкладна так: «во жыцьцё ў Беларусі! Чалавек кажа, што атрымлівае $700, а яму кажуць – ты абарзеў!»

10. Пакуль усё будзе так, як выкладзена ў папярэдніх пунктах, Лукашэнка – найлепшы прэзыдэнт для беларусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG