Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Моўчан: Я пайшоў, каб падтрымаць Сяргея Каваленку

абноўлена

Андрэй Моўчан: калі ляжыш у кайданках, бачыш толькі міліцэйскія боты
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:01 0:00
Наўпроставы лінк

Андрэй Моўчан: калі ляжыш у кайданках, бачыш толькі міліцэйскія боты

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Моўчан знайшоўся ў аддзяленьні траўматалёгіі бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:55 0:00
Наўпроставы лінк

Моўчана зьбівалі невядомыя ў міліцэйскай форме

Сястра актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Моўчана Вольга спрабавала па гарачым сьледзе высьветліць, хто ж зьбіваў яе брата. Спачатку прыехала машына зь міліцыянтамі Першамайскага РУУС, з гарадзкога аддзелу міліцыі, што месьціцца па вуліцы Уруцкай, 8, распавяла Вольга:

«Яны выклікалі яшчэ адных. Ня ведаю, адкуль яны дакладна, таму што самі міліцыянты зь Першамайскай міліцыі казалі, што гэта, маўляў, «ня нашы». Гэта нейкія кантрактнікі, наколькі я зразумела. То бок яны былі ў форме супрацоўнікаў міліцыі, але адрозьненьне па фуражках ідзе. У іх такія кепачкі кшталту як ва ўнутраных войскаў. Але хто канкрэтна гэтыя людзі, я вам сказаць не магу.

«Гомаўскія» ўсе перапужаліся, кажуць: «Мы сябе так не паводзім. Мы іншыя мэтады выкарыстоўваем». Пасьля таго як яны яго ў ГАМ даставілі, яны хуценька зьехалі. Як нам сказалі «гомаўскія», «мы знойдзем іх, каб не сьпіхнулі на нашых».

Начальнік гарадзкога аддзелу міліцыі на вуліцы Ўруцкай, 8 — Андрэй Віктаравіч 21 траўня адпачывае пасьля начнога дзяжурства. На працы будзе толькі 22 траўня, паведаміў Радыё Свабода дзяжурны.
Ластоўскі: «Моўчан мае права зьвяртацца са скаргай на дзеяньні супрацоўнікаў»

Прэсавы сакратар менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі інфармацыяй пра зьбіцьцё актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Андрэя Моўчана не валодае.

«У мяне няма ніякай інфармацыі, я вам нічога не скажу. Мне няма чаго вам паведаміць. Што рабіць у гэтай сытуацыі? Адназначна, калі чалавек перакананы ў сваёй праваце і перакананы, што ў дачыненьні да яго былі парушаны правы і супрацоўнікі міліцыі, як ён сьцьвярджае, перавысілі свае паўнамоцтвы, — то, вядома ж, ён мае права зьвяртацца са скаргай на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі», — заявіў Ластоўскі.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:09 0:00
Наўпроставы лінк


Андрэй Моўчан: «Сябры, змагайцеся!»

«Я выйшаў з бел-чырвона-белым сьцягам у падтрымку Сяргея Каваленкі. Але далёка не прайшоў. Пад’ехалі супрацоўнікі міліцыі. Яны пачалі мяне забіраць, выхватваць сьцяг. На пытаньне, чаму вы мяне чапаеце, яны нічога не адказвалі. Потым мяне са сьцягам павалаклі да машыны. Там на мяне нацягнулі кайданкі. І пагрузілі ў іншую машыну.

У той машыне мяне і пачалі зьбіваць. Некалькі разоў я адключаўся. Ня помню, як мяне везьлі. Ачуняў толькі ў аддзяленьні міліцыі на нейкай лаве. Адтуль „Хуткая дапамога“ павезла ў шпіталь. Вазілі па шпіталях, ну і пасьля прывезьлі сюды».​

Сёньня ўдзень Андрэю зрабілі рэнтгенаўскае дасьледаваньне:

«Чэрапна-мазгавая траўма, пералом сківіцы. Пакуль невядома, што з хрыбетнікам. Шмат ушыбаў па ўсяму целу. Зараз вось хадзіў рабіць здымкі. Пасьля лекары вырашаць, што з хрыбетнікам»

Андрэй кажа, што ён ніколькі не шкадуе пра свой учынак. І што ён рабіў усё, усьведамляючы магчымыя наступствы:

«Я ўжо шмат думаў пра гэта. Але раней неяк усё адкладаў, ня мог наважыцца. Аднак нарэшце наважыўся, бо ўжо надалей немагчыма цярпець. І трэба нешта рабіць. Калі мяне круцілі міліцыянты на вуліцы, шмат людзей падышло. Яны спрабавалі адбіць мяне, заступаліся за мяне. І мяне вельмі парадавала, што людзі хоць сталі неабыякавымі».


Андрэй раіць сваім сябрам па «Эўрапейскай Беларусі» працягваць змаганьне з рэжымам:

«І каб яны ішлі тым жа шляхам, як нашы лідэры — Андрэй Саньнікаў і Зьміцер Бандарэнка. Гэта яны — сапраўдныя героі. І я спадзяюся, што ўсе дэмакратычныя актывісты будуць браць зь іх прыклад».

Супраць Моўчана хочуць узбудзіць крымінальную справу.

«Была сястра, яе толькі адну пусьцілі са мною ў шпіталь. Так дазволіў супрацоўнік міліцыі, якога прыставілі да мяне. Сястра кажа: ёй сказалі, што супраць мяне хочуць узбуджаць крымінальную справу. Аказваецца, гэта я супраціўляўся супрацоўнікам міліцыі, і я іх пазьбіваў. І лаяўся на прэзыдэнта.

Я так разумею, што гэта сястры сказалі ў дзяжурнай частцы. І яны ўзбуджаюць крымінальную справу па абразе прэзыдэнта і нападзе на супрацоўнікаў міліцыі. Хоць ж вы бачыце, які я зьбіты».

Андрэй Моўчан кажа, што ягоныя бацькі разумеюць ягоны ўчынак:

«Але маці вельмі перажывае. Яна трымаецца. Учора маці прыяжджала да мяне. Ёй вельмі дрэнна. Але яна трымаецца».

Лекар: Ну, зьбіты міліцыяй

Палатны лекар Моўчана кажа: «Ну, зьбіты міліцыяй. Пакуль інфармацыі мы не даём, будзем яго даабсьледаваць, у яго, магчыма, пералом сківіцы».

Карэспандэнтка: «А пералом сківіцы дакладна ёсьць?»

«Пакуль ня ведаю, ідуць абсьледаваньні».

Карэспандэнтка: «А наагул, у якім ён стане?»

«У нармальным стане. Можаце прыйсьці з 17-й да 19-й, наведаць яго, паразмаўляць».

Карэспандэнтка: «Ён пры сьвядомасьці, у прытомнасьці?»

«Так, канечне, пры сьвядомасьці».

Карэспандэнтка: «Ён моцна пабіты?»

«Умерана. Вы проста ня бачылі, што такое моцна...»

Карэспандэнтка: «На вашае ўяўленьне — сярэдне?»

«Ну, калі ён у аддзяленьні знаходзіцца, а не ў рэанімацыі».

Актывіста грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэя Моўчана затрымалі 19 траўня.

Ён разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг каля ўнівэрсаму «Першамайскі» ва Ўруччы на знак салідарнасьці з Сяргеем Каваленкам. Пасьля чаго пачаў рухацца ў бок вуліцы Русіянава.

Андрэй Моўчан да зьбіцьця. Фота Хартыя'97
Андрэй Моўчан да зьбіцьця. Фота Хартыя'97
Праз некалькі хвілінаў да яго пад’ехала машына з супрацоўнікамі міліцыі, якія папрасілі актывіста прайсьці зь імі. Моўчан паспрабаваў удакладніць, зь якой нагоды яго затрымліваюць, пасьля чаго яго паспрабавалі сілком заштурхаць ў машыну без тлумачэньня прычыны затрыманьня. Андрэй супраціўляўся і міліцыянты ўжылі грубую сілу. Пакуль яго зьбівалі проста на вуліцы, пад’ехала другая машына. Андрэя пасадзілі ў машыну ў кайданках.

У аддзяленьні міліцыі сказалі, што зьбіраюцца заводзіць крымінальную справу за абразу прэзыдэнта і зьбіцьцё супрацоўніка міліцыі пры выкананьні службовых абавязкаў, паведамляе прэсавая служба «Эўрапейскай Беларусі».

Да Андрэя Моўчана пусьцілі толькі сястру. Пасьля размовы з Андрэем стала вядома, што зьбіцьцё працягвалася і ў машыне. Паводле папярэдняй высновы лекара, у Андрэя чэрапна-мазгавая траўма, пералом ніжняй сківіцы і рэбраў, адбітыя ныркі і ногі. На вечар суботы Андрэй Моўчан знаходзіўся ў 11-ай бальніцы Менску.

У панядзелак зранку, «Свабодзе» ў менскім гарадзкім шпіталі № 11 паведамілі, што Андрэя Моўчана там няма. «Апошні Андрэй Моўчан быў у нас яшчэ ў 2009 годзе», — заявілі ў даведцы.

У шпіталі не выключаюць, што Андрэя Моўчана маглі пасьля агляду накіраваць у іншы шпіталь: «У нас займаюцца траўмамі твару, сківіцы. Калі ў яго зламаныя рэбры, то тады яго маглі накіраваць у 10-ю бальніцу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG