Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International не прызнала Каваленку вязьнем сумленьня


Amnesty International адказала адмовай на афіцыйную просьбу дэпутата Эўрапарлямэнту Марэка Мігальскага прызнаць Сяргея Каваленку вязьнем сумленьня.

Пры гэтым дырэктар праграмы Amnesty International у Эўропе і Цэнтральнай Азіі Джон Дальхузен, заявіў у сваім лісьце Мігальскаму, што арганізацыя будзе працягваць сачыць за справай Каваленкі і пры неабходнасьці ўмешвацца, паведамляе UDF.BY.

Прымаючы рашэньне, у арганізацыі кіраваліся паказаньнямі супрацоўнікаў міліцыі, якія заявілі, што Каваленка аказваў ім супраціў, піша на сваім сайце Марэк Мігальскі, які шэфствуе над Сяргеем Каваленкам у межах кампаніі Libereco-Partnership for Human Rights .

У сувязі з тым, што Amnesty International "паверыла словам органаў, якія сьлепа выконваюць каманды беларускага рэжыму", Марэк Мігальскі даслаў у арганізацыю яшчэ адзін ліст з просьбай перагледзець справу і прызнаць Каваленку палітвязьнем.

Тацяна Равяка з Праваабарончага цэнтру «Вясна» зазначыла, што беларускія праваабаронцы прызнаюць Сяргея Каваленку «палітычным вязьнем».

«Гэта тлумачыцца тым, што ягоныя дзеяньні былі матываваныя выказваньнем грамадзянскай пазыцыі, ягонага сьветапогляду. Што датычыць Amnesty International, то яны „вязьнямі сумленьня“ прызнаюць людзей, якія не зьдзяйсьнялі ніякіх гвалтоўных дзеяньняў. Калі зьвярнуцца да справы Каваленкі, то пад час затрыманьня, пасьля таго, як ён на елцы вывесіў сьцяг, была інфармацыя, у тым ліку ў прэсе, што ён аказваў супраціў міліцыянтам. А па крытэрах Amnesty International гэта непрымальна, каб прызнаць яго вязьнем сумленьня. Гэта рашэньне Amnesty International. Мы ж гэта разумеем, што гэта былі натуральныя паводзіны чалавека, якога арыштоўваюць і б’юць, гэта была абарончая рэакцыя».

Паводле спадарыні Равяка, калі вядзецца размова пра вызваленьне палітвязьняў у Беларусі, то Сяргей Каваленка безумоўна разглядаецца як палітычны зьняволены, вызваленьня якога праваабаронцы патрабуюць безумоўна і неадкладна

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG