Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадары краінаў Эўразьвязу вяртаюцца

абноўлена

Стэфан Эрыксан
Стэфан Эрыксан

У Беларусь вярнуліся амбасадары краінаў Эўразьвязу: Стэфан Эрыксан (Швэцыя), Лешэк Шарэпка (Польшча), Эдмінас Багдонас (Літва). Кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу Майра Мора таксама прыбудзе ў Менск 25 красавіка. Да канца тыдня вернуцца кіраўнікі дыпляматычных місіяў Эстоніі, Чэхіі і Нямеччыны.

15.50 Лабковіч: «Гэтае вяртаньне ніякім чынам не зьмякчыць пазыцыю і рыторыку Эўразьвязу»


Мы задаём вядомым людзям пытаньні — «Хто перамог у дыпляматычнай вайне? Ці своечасовае вяртаньне амбасадараў? Ці павінен Эўразьвяз здымаць санкцыі?»

Сваё меркаваньне выказвае экспэрт праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч: «Вельмі важна, што Эўропа — бадай што ўпершыню ў сваіх дачыненьнях зь беларускім рэжымам — паказала сваю салідарнасьць і адзінства. Гэта, я лічу, вялікая перамога эўрапейскай палітыкі, бо вельмі істотна, каб Лукашэнка ня мог гуляць на супярэчнасьцях і розных інтарэсах, якія ёсьць у Эўразьвязе ў дачыненьні да Беларусі.

Тут вельмі цяжка разважаць у катэгорыях „параза ці перамога“. Калі амбасадары палічылі для сябе прымальным вяртаньне, то гэтае вяртаньне дарэчы. Гэта дакладна не саступка з боку Эўропы. Лічу, што эўрапейцы не паказваюць гэтым сваю слабасьць і гэтае вяртаньне ніякім чынам не зьмякчыць пазыцыю і рыторыку Эўразьвязу.

Мы, праваабаронцы, безумоўна, салідарныя з тым патрабаваньнем, якое выстаўляе Эўразьвяз — а менавіта: неадкладнае і безумоўнае вызваленьне ўсіх палітвязьняў і іх рэабілітацыя. У гэтым пытаньні, мне здаецца, Эўропа будзе пасьлядоўная, і гэта, безумоўна, трэба вітаць».


15.30 Радаслаў Сікорскі, вітае вяртаньне амбасадара Польшчы ў Беларусі. На яго думку, гэта зьяўляецца вынікам эўрапейскай салідарнасьці, які аказаў уплыў на ўладу ў Менску і яе апошнія рашэньні.

15.20 Польскі амбасадар Лешэк Шарэпка прыбыў у Менск. Заўтра ён прыступіць да працы. Пра гэта паведаміў «Свабодзе» прадстаўнік амбасады Павал Марчук.

14.55
Прадстаўніца МЗС Беларусі Марыя Ваньшына: «Сёньня нашыя амбасадары прыбылі да месца службы ў Варшаве і Брусэлі».

14.54 Міндаўгас Лашас, прэсавы сакратар МЗС Літвы, паведаміў «Свабодзе», што амбасадар Эдмінас Багдонас ужо знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

14.30 «Учора Беларусь вярнула сваіх амбасадараў у Польшчу і Брусэль», — паведаміў супрацоўнік дыпляматычнага прадстаўніцтва адной з Эўрапейскіх краінаў. Аднак ранней прадстаўніца прэсавая службы МЗС Беларусі Марыя Ваньшына не пацьвердзіла гэтую інфармацыю.

14.26 Кіраўніца прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі Майра Мора таксама вернецца з Менск 25 красавіка. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла дыпляматычныя крыніца.

«Яе на месцы пакуль няма. Яна яшчэ не прыбыла», — заявілі «Свабодзе» у прадстаўніцтве Эўракамісіі ў Менску.


14.10 Марына Адамовіч: Амбасадары выканалі сваю функцыю вельмі годна і ўзгоднена

Мы задаём вядомым людзям пытаньні — «Хто перамог у дыпляматычнай вайне? Ці своечасовае вяртаньне амбасадараў? Ці павінны Эўразьвяз здымаць санкцыі?»

Меркаваньне жонкі палітвязьня Міколы Статкевіча Марыны Адамовіч:

Марына Адамовіч
Марына Адамовіч
«Я вітаю вяртаньне амбасадараў у Беларусь. Думаю, яны выканалі сваю функцыю вельмі годна і ўзгоднена, я маю на ўвазе іхні супольны ад’езд зь Беларусі. Але я думаю, што краіна павінна мець паўнавартасныя дыпляматычныя стасункі з краінамі Эўропы, таму вяртаньне амбасадараў як акт добрай волі я вітаю.

Я спадзяюся, што нікому ня ўдасца скарыстаць вяртаньне амбасадараў дзеля нейкіх прапагандысцкіх захадаў. Хоць не сумняюся, што такія спробы будуць рабіцца.

Я думаю, што наяўнасьць амбасадараў у краіне важная яшчэ і таму, каб да сьвету даходзіла інфармацыя пра сытуацыю ў краіне і каб палітвязьні атрымлівалі кансалідаваную падтрымку. Я вітаю пазыцыю Эўразьвязу, што санкцыі могуць быць зьнятыя толькі тады, калі Беларусь пачне выконваць свае міжнародныя і прававыя абавязкі, першы зь якіх — вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў».


14.05 Намесьнік амбасадара Швэцыі Давід Эмтэстам паведаміў, што Стэфан Эрыксан прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў. «Гэта усё, што я магу паведаміць», — сказаў дыплямат.

14.00 У амбасадзе Нямеччыны паведамілі, што кіраўнік дыпляматычнага прадстаўніцтва вернецца на гэтым тыдні.

13.00 Амбсадар Польшчы ўжо ў Берасьці

Польскі амбасадар у Беларусі Лешэк Шарэпка перасёк мяжу і вяртаецца на працу ў Менск. Пра гэта паведаміла Польскае радыё.

12.50 Гігін: «Менск сваю пазыцыю не мяняў»


Мы задаём вядомым людзям пытаньні — «Хто перамог у дыпляматычнай вайне? Ці своечасовае вяртаньне амбасадараў? Ці павінны Эўразьвяз здымаць санкцыі?»

Вадзім Гігін, галоўны рэдактара часопіса «Беларуская думка»: «Я б не казаў пра нейкія перамогі ці паразы. Нармальныя дыпляматычныя зносіны паміж краінамі — гэта натуральная зьява. Тое, што Эўразьвяз фактычна адклікае свой незразумелы крок з пасламі — варта толькі ўхваленьня. Мы бачым, што былі непасьлядоўныя заявы, што паслы будуць вяртацца адначасова, зараз мы бачым, што яны вяртаюцца не адначасова.

Менск не рабіў ніякіх крокаў, якія б былі накіраваныя на разрыў дыпляматычных адносінаў з Эўразьвязам. Мы бачылі, што адразу пасьля адкліканьня паслоў Эўразьвяз рабіў нейкія намёкі Менску, каб стала магчымым вяртаньне паслоў. Але Менск сваю пазыцыю ніякім чынам не мяняў.

Што тычыцца Саньнікава і Бандарэнкі, то проста была выкананая тая юрыдычная працэдура, пра якую казалі адразу. Яны напісалі прашэньні аб памілаваньні, яны былі разгледжаныя, пасьля гэтага гэтыя людзі выйшлі на свабоду. Мяч быў увесь час на баку Эўразьвязу, нарэшце яны зрабілі той крок, якога ад іх чакалі. Гэта вельмі добра».


12.26 Амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас вяртаецца ў Менск.

«Амбасадар Літвы вяртаецца ў Менск», — пацьвердзілі DELFI ў Міністэрстве замежных спраў гэтай краіны. Паводле неафіцыйных дадзеных літоўскага МЗС, амбасадары ЭЗ будуць вяртацца ў сталіцу Беларусі ня ўсе разам, а паэтапна.


12.10 Супрацоўнік амбасады Швэцыі паведаміў, што Стэфан Эрыксан ужо ў Менску. У дадзены момант ён знаходзіцца ў сваёй рэзыдэнцыі. На працы пакуль не зьяўляўся.

12.00 Лябедзька: «Менску ня ўдасца гуляць
на сытуацыі «добрыя і дрэнныя паслы»

Мы задаём вядомым людзям пытаньні — «Хто перамог у дыпляматычнай вайне? Ці своечасовае вяртаньне амбасадараў? Ці павінны Эўразьвяз здымаць санкцыі?»

Меркаваньне старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі: «Я думаю, што лягічна было б казаць не пра перамогу, а пра плюсы і мінусы. У сцэнары „паслы адляцелі — паслы прыляцелі“ Брусэль прад’явіў сцэнар салідарных дзеяньняў. І гэта вельмі важна. Беларускаму боку далі зразумець, што яму ня ўдасца гуляць на сытуацыі „добрыя і дрэнныя паслы“. Брусэль заявіў, што ён праводзіць салідарную замежную палітыку да Лукашэнкі. І гэта плюс Эўропе, гэта зьмяншае поле для манэўру беларускім уладам.

Што датычыць часу вяртаньня.. Адпушчана некалькі палітычных вязьняў, гэта ўспрынята пазытыўна Брусэлем, і гэта нагода да вяртаньня. Але гэта не азначае, што яны ня могуць адляцець зноў, бо прагназаваць беларускую зьнешнюю палітыку надзвычай складана.

Застаецца нязьменным тое, што пакуль ёсьць палітычныя вязьні, пакуль няма свабодных выбараў — нельга гаварыць, што адносіны паміж Брусэлем і Менскам будуць вернутыя ў стан да 19 сьнежня 2010 году».

10.50 Станіслаў Шушкевіч: «Перамога на баку Эўропы»

Мы задаём вядомым людзям пытаньні — «Хто перамог у дыпляматычнай вайне? Ці своечасовае вяртаньне амбасадараў? Ці павінны Эўразьвяз здымаць санкцыі?»

​ ​Меркаваньне былога старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча: «Перамога адназначная — на баку Эўропы. Бо толькі дзякуючы эўрапейскай салідарнасьці адбылося вызваленьне Саньнікава і Бандарэнкі. Палітвязьні — гэта цяпер самае галоўнае пытаньне, бо лепшыя людзі Беларусі сядзяць без усялякай віны. Я думаю, паслам лепш відаць, калі вяртацца. Калі яны вяртаюцца зараз, то, значыць, так і добра.

Я цалкам перакананы, што не павінна ставіцца пытаньне аб зьняцьці санкцыяў, пакуль застаюцца іншыя палітзьняволеныя. Павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні, толькі тады можа ісьці нейкая гаворка пра нармальныя кантакты з Эўропай».


10.20 Амбасадар Эстоніі Яак Лэнсмэнт заявіў «Свабодзе», што ён вернецца ў Менск да канца гэтага тыдня. Аднак ён не паведаміў канкрэтную дату. Сказаў толькі, што пакуль знаходзіцца ў адпачынку.


10.00 Амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан вяртаецца ў Менск 25 красавіка. Пра гэта «Свабодзе» стала вядома з дыпляматычных крыніцаў.


24 красавіка амбасадар Чэхіі ў Беларусі Іржы Карас заявіў «Свабодзе», што плянуе вярнуцца ў Менск у пятніцу 27-га.




28 лютага афіцыйны Менск у адказ на чарговае пашырэньне санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі адклікаў для кансультацыяў свайго амбасадара ў Польшчы і прадстаўніка пры Эўразьвязе. Амбасадару Польшчы ў Беларусі Лешаку Шарэпку і кіраўніцы прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майры Моры было прапанавана выехаць зь Беларусі ў свае сталіцы «для кансультацыяў». На знак салідарнасьці ўсе амбасадары краінаў Эўразьвязу былі адкліканыя зь Менску для кансультацыяў у свае краіны. Асноўнае патрабаваньне эўрапейскага боку да Беларусі — вызваленьне палітвязьняў.

30 сакавіка ЕUobserver паведаміў, што паслы ЭЗ усё разам вернуцца ў Беларусь неўзабаве пасьля каталіцкага Вялікадня, «калі Аляксандар Лукашэнка за гэты час ня зробіць якіх-небудзь рэзкіх крокаў».

14 красавіка з турмы вызвалілі былога кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. А на наступны дзень — чальца ягонай каманды Зьмітра Бандарэнку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG