Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазьняк: «Турэмныя мэнгеле закасваюць рукавы»


Лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк лічыць неабходным распаўсюджаньне інфармацыі пра галадоўку Сяргея Каваленкі.

«Турэмныя мэнгеле закасваюць рукавы. Афіцыйны заказ. Адказнасьць. Лячыць ад жыцьця. Але службовыя асобы, якія павольна забіваюць Сяргея Каваленку (і выканаўцы, і арганізатары), добра ведаюць тое, што яны яго забіваюць. Упэўненасьці ў беспакаранасьці ім надае маўчаньне запалоханага грамадзтва. Аднак гэта іх не ўратуе», — лічыць Зянон Пазьняк.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:52 0:00
Наўпроставы лінк


Далей лідэр КХП-БНФ піша: «Сяргей Каваленка не зрабіў ніякага злачынства. (Немагчыма судзіць чалавека на гады турмы за вывешваньне на навагодняй ёлцы Беларускага Нацыянальнага Сьцяга.) Каваленку асудзілі незаконна. Ён абвясьціў галадоўку пратэсту з патрабаваньнем адмяніць бяспраўны прысуд і выпусьціць яго з турмы, дзе ён знаходзіцца не павінен.

Ягоная падстава і абгрунтаваньне галадоўкі сур’ёзныя і справядлівыя. І менавіта таму галадоўка Каваленкі ёсьць у гэтых умовах апошняй і адзінай зброяй абароны годнасьці і гонару чалавека. Тут не самагубства — тут, як на вайне, — сьмяротная барацьба.

Забівае той, хто чыніць насільле, бяспраўе і гвалт над іншым, хто трымае чалавека ў турме за сымболіку нацыі. Гвалтаўнік ёсьць забойцам галадоўніка, а не галадоўнік. Каваленка законна пратэстуе голадам супраць несправядлівасьці і зьнявагі, абараняючы гонар ідэі і годнасьць асобы. Тут самаахвярнасьць у абароне вялікага, што належыць усім пакаленьням (цяперашнім і будучым). Так паводзяць сябе моцныя людзі. Іхняя апэляцыя ахвярай свайго здароўя і жыцьця накіравана да направы закону, да вяртаньня справядлівасьці, да сумленьня тых, хто парушыў закон і справядлівасьць, і, галоўнае, да ўсяго грамадзтва як заклік да салідарнасьці, дапамогі і барацьбы.

Калі беларускі ксёндз у часе нямецкай акупацыі і вайны ўзяў у рукі крыж і пайшоў у агонь, каб згарэць зажыва разам са сваімі вяскоўцамі, якіх немцы сагналі і падпалілі ў гумне, — то ён, гэты ксёндз, хто? Самагубца, што ня дбаў пра сваё здароўе, ці чалавек, які зьдзейсьніў ахвярны подзьвіг вялікай духоўнай сілы? Гэтае пытаньне магло б быць для Яго Эксцэленцыі (і іх „святейшеств“ таксама.) І хто вінаваты ў яго сьмерці? Ён сам ці немцы?», — пытаецца Зянон Пазьняк.

«Ісус Хрыстос таксама ня дбаў пра сваё здароўе — усё ведаў і даў сябе ўкрыжаваць, працягвае Пазьняк. — А мог бы й ня дацца — ён жа Бог. Аж вунь як сталася — пайшоў на зьдзекі, пакуты і ўкрыжаваньне.

Змагарная ахвяра Каваленкі мае высокі сэнс. Нацыянальны Сьцяг — гэта сымбаль нацыі. Гонар Сьцяга абараняюць і нават ідуць за яго на сьмерць. Усе гэта ведаюць. І таму нечысьць, прайграўшы моцнаму духам Каваленку, забівае яго цела.

Забойства ў тым, каб мэтадам гвалтоўнага ўзьдзеяньня ўмяшацца ў працэс галадоўкі і ператварыць арганізм у руіну, зрабіць з Каваленкі невылечнага калеку, які ня мусіў бы доўга жыць.

Ад няправільнага (у гэтых абставінах) прымусовага кармленьня праз зонд, ад рэпрэсіўнага мэдыкамэнтознага ўзьдзеяньня Каваленку стала вельмі дрэнна. Да яго перасталі пускаць на спатканьне жонку, маці і нават адваката. 10 красавіка прынялі рашэньне зачыніць Каваленку ў псыхіятрычны шпіталь „Навінкі“ пад Менскам. У псыхушцы нелюдзі будуць рабіць зь яго вар’ята. У іх ёсьць вялікі савецкі вопыт рэпрэсіўнай псыхіятрыі і набор разбуральных мэдычных сродкаў», — перакананы Пазьняк.

Завяршае свой артыкул Зянон Пазьняк наступнымі словамі: «Цяпер (і як заўсёды) важна, каб шырока распаўсюджвалася інфармацыя (у Беларусі і за мяжой) пра стан і змаганьне Сяргея Каваленкі, пра злачынныя дзеяньні рэжыму супраць яго асобы. Нельга дапусьціць каб рэжым заблякаваў інфармацыю і галасы пратэсту добрых людзей. Хацеў бы заклікаць салідарна жывых беларусаў і актыўныя групы грамадзтва падтрымаць справу распаўсюджваньня зьвестак пра Каваленку і далучыць свае словы ў абарону героя, выказаць пратэсты супраць рэпрэсіўнай мэдыцыны, супраць мэдычнага катаваньня Каваленкі, супраць гвалту над яго асобай, справядлівасьцю і свабодай», — піша лідэр КХП-БНФ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG