Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «Тытаніку» былі і пасажыры зь Беларусі


Роўна сто гадоў таму, 10 красавіка 1912 году, у Саўтгэмптане 24-гадовая Жэня Дробкіна з Магілёву ўвайшла ў каюту трэцяй клясы самага вялікага у той момант акіянскага трансатлянтычнага ляйнэра.

Наперадзе было тыднёвае падарожжа да Нью-Ёрку, дзе чакала новае жыцьцё. Будучае жыцьцё яе сапраўды будзе адрозьнівацца ад папярэдняга – праз год яна пабярэцца шлюбам з Максам Матліным, народзіць чатырох сыноў і памрэ ў 1951 годзе ў Нью-Ёрку. Але ў гісторыю яна ўвойдзе як пасажырка «Тытаніка» – разам зь іншымі 2223 пасажырамі і чальцамі экіпажу карабля, якім давялося патрапіць у самую знакамітую марскую катастрофу.

Дробкіна плыла ў трэцяй клясе – менавіта пасажыры трэцяй клясы, як сьведчыць статыстыка, мелі менш за ўсё шанцаў уратавацца: з 710 выжылі толькі 174.

Жэня Дробкіна была не адзінай пасажыркай «Тытаніка» зь цяперашняй Беларусі (якая тады была ўключаная ў склад Расейскай імпэрыі) – у сьпісе пасажыраў знаходзяцца і сужэнства Марыям і Сінай Кантары зь Віцебску. Абодва загінулі – у ліку 1513 чалавек, якія патанулі ў тую ноч. Яны плылі ў другой клясе.

Была і першая кляса – там плылі ў тым ліку і ўсясьветныя знакамітасьці, у тым ліку амэрыканскі бізнэсовец Бэнжамін Гугэнхайм ці Ісідор Страўс і ягоная жонка Іда – саўладальнікі нью-ёрскай гіганцкай крамы «Мэйсіс». Увогуле, «Тытанік» называлі караблём мільянэраў, бо паводле раскошы аздабленьня салёнаў для багатай публікі зь ім ня мог параўнацца ніякі іншы карабель.

Перад сваім першым (і апошнім) рэйсам «Тытанік» быў шырока разрэклямаваны як непатапляльны карабель – сярод іншага, непатапляльнасьць павінна была гарантаваць ізаляванасьць адсекаў. Але айсбэрг, які нечакана выплыў па правым борце, гэтак разьдзёр абшыўку карабля, што пяць адсекаў пачалі запаўняцца вадой. Гермэтызацыя была парушаная.

Карабель патанаў некалькі гадзінаў, і хаця потым наракалі на паводзіны некаторых мужчынаў, якія расштурхоўвалі натоўп, каб уратавацца, але статыстыка няўмольная: у працэнтных адносінах жанчын уратавалася больш, чым мужчынаў. Тлумачыцца гэта ў тым ліку і тым, што спачатку экіпаж прапускаў у выратавальныя шлюпі мужчын толькі ў колькасьці, якая неабходная, каб заняць месцы весьляроў.

... Апошняя пасажырка «Тытаніка» памерла ў чэрвені 2009 году ва ўзросьце 97 гадоў. Попел Мільвіны Дын раскідалі каля Саўтгэмптану, порту, дзе бацькі ўнесьлі яе, тады двухмесячную, на борт карабля, якому было наканавана стаць легендай. Сумнай легендай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG