Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У праваслаўных вернікаў гвалтам бяруць адбіткі пальцаў


Праваслаўныя вернікі заяўляюць пра масавыя выпадкі гвалту пры ўзяцьці адбіткаў пальцаў.

Пацярпелыя сьцьвярджаюць, што міліцыянты ўжываюць супраць іх кайданкі, фізычную сілу і запалохваньні. Вернікі не жадаюць праходзіць дактыляскапію з прычыны сваіх рэлігійных перакананьняў.

У жыхара Менску Алега Зайцава адбіткі пальцаў узялі з гвалтам. Першы раз, калі ён адмовіўся, на яго склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня за нібыта супраціў міліцыянтам і лаянку матам.

Алег Зайцаў
Алег Зайцаў
«Адмаўленьня паводле рэлігійных перакананьняў у міліцыі не прымаюць. Яны сьмяяліся толькі з гэтага, а потым надзелі на мяне кайданкі. Сьціснутыя ў кулакі рукі ім не ўдалося расьціснуць. З адзінаццаці да шаснаццаці мяне ў кайданках так і пратрымалі. Другія мэтады пачалі выкарыстоўваць. Запалохваньні й пагрозы. Казалі, што мяне паставяць на ўлік у «псыхушку», — згадвае пра першае наведваньне міліцыі Алег Зайцаў.

Пасьля таго, як Фрунзенскі суд накіраваў адміністрацыйную справу супраць спадара Зайцава на дапрацоўку, яго зноў выклікалі ў міліцыю. Пераконвалі верніка тымі ж мэтадамі, што і першы раз. Алег Зайцаў згадвае:

«Яны падышлі да мяне, моўчкі ўзялі пад рукі. Я паспрабаваў разьбіць люстэрка, каб парэзаць свае рукі, але яны гэта зразумелі і за ногі паклалі на падлогу. Адзін каленам мяне прыціснуў, а другі каленямі ногі мае трымаў. Трэці рукі заламаў за сьпіну і начапіў кайданкі. Рукі мае анямелі. Вось тады ў абясьсіленага яны ўзялі зь мяне адбіткі пальцаў».

Фрунзенскі суд Менску пакараў Алега Зайцава за супраціў міліцыянтам штрафам у 105 тысяч рублёў. Скаргі ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў не далі плёну.

Руслан Невар
Руслан Невар
Яшчэ аднаго верніка, Руслана Невара, Кастрычніцкі суд Менску аштрафаваў на чатыры мільёны рублёў. Яго прызналі вінаватым у тым, што ён, ваеннаабавязаны, адмаўляўся ад дактыляскапіі. Вернік лічыць, што міліцыянты сфабрыкавалі справу, а суд разгледзеў яе неаб’ектыўна:

«Я зачытваў свае довады каля паўгадзіны. Для таго, каб прыняць рашэньне аб’ектыўнае, пяці хвілін замала. Як толькі было агучана пра сваю веру, пра рэлігійныя перакананьні і чаму людзі не здаюць адбіткі, суд адразу ж прымаў рашэньні аб штрафах».

Вядомы толькі адзін выпадак, калі суд вынес вырак на карысьць верніка, які не жадаў праходзіць дактыляскапію. Здарылася гэта ў Магілёўскім абласным судзе. Яшчэ адна справа, таксама ў Магілёве, застаецца не разгледжаная Ленінскім судом супраць жыхара абласнога цэнтру Максіма Алямоўскага. Вернік спрабуе прыцягнуць да адказнасьці міліцыянтаў, якія яму пагражалі. Зьвярнуўся ў пракуратуру:

Максім Алямоўскі
Максім Алямоўскі
«Пракуратура адправіла копію ў аддзел уласнай бясьпекі міліцыі і Сьледчы камітэт. Падпалкоўнік аддзелу ўласнай бясьпекі, сустракаючыся са мной, сказаў, што тут навідавоку парушэньне закону і што супрацоўнікаў міліцыі пакараюць, што з працы іх ня выганяць, але прэміі пазбавяць. Праходзіць нейкі час — атрымліваю адпіску, што ніякіх правапарушэньняў міліцыянтамі ня выяўлена».

Колькі вернікаў прайшлі праз гвалтоўную дактыляскапію, зьвестак няма. Вядома што судовыя працэсы праходзілі, акрамя Магілёва й Менску, у Горадні, Берасьці ды Гомелі. Адмаўленцаў ад дактыляскапіі штрафуюць на сумы ад 20 да 40 базавых велічыняў. З падвышэньнем базавай велічыні штрафы сталі шматмільённымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG