Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кругавы: Для Лукашэнкі ягоныя алігархі — халопы


Валеры Кругавы
Валеры Кругавы

Ці адчувальна ўдараць санкцыі Эўразьвязу па набліжаных да ўлады бізнэсоўцах? Як удар па іміджы паўплывае на дабрабыт «кашалькоў рэжыму»? Ці давядзецца «прызямліць» амбітныя пляны бізнэс-экспансіі? Нарэшце, ці стане Лагойск заменай Альпам, а менскі яхт-клюб — міжземнаморскай Рыўеры?

Меркаваньне выказвае колісь пасьпяховы бізнэсовец, экс-кіраўнік Беларускай фондавай біржы, акцыянэр «Прыватбанку» і банку «Эўрапейскі» Валеры Кругавы. Пасьля дзяржаўнай атакі на бізнэс ён зьехаў у Польшчу, дзе атрымаў прытулак. Неўязны ў Беларусь. Зь ім пагутарыў Ігар Карней.

— Меркаваньні наконт эфэктыўнасьці эканамічных санкцыяў супраць «кашалькоў рэжыму» самыя розныя. На ваш погляд, эфэкт усё ж ёсьць?

— Эфэкт — калясальны, вы нават не ўяўляеце сабе, які. Гэта насамрэч калясальны эфэкт. І ня трэба журналістам ды розным аналітыкам дурыць галаву, абмяркоўваючы: абыдзе «Трайпл» санкцыі, стварыўшы іншую фірму, ці не абыдзе? Ды не пра гэта ўвогуле гаворка! Ён даўным-даўно ўсё абыходзіць, даўным-даўно працуе праз афшоры, грошы там ганяе, у тым ліку і грошы Беларусі. Чыж даўным-даўно ўсё абыходзіць. Ня ў гэтым пытаньне — абыдзе ці не абыдзе. Пытаньне ў тым, што іх замкнулі ў гета, якое называецца Беларусьсю. Яны сябе ўжо лічылі і лічаць прадпрымальнікамі міжнароднага ўзроўню, бо беларускі рынак, беларускае гета для іх узроўню — гэта ўжо пройдзены этап. Але цяпер пра гэта яны могуць забыцца. Таму, паўтараю, пытаньне ня ў тым, абыдуць яны санкцыі ці не. Для іх пачынаецца зусім іншы этап. Цягнік, як кажуць, сышоў.

— Юрый Чыж на эмоцыях выказаўся, што яму санкцыі да аднаго месца…
Ня ў гэтым пытаньне — абыдзе ці не абыдзе. Пытаньне ў тым, што іх замкнулі ў гета, якое называецца Беларусьсю.

— Яму да ерунды гэтыя санкцыі ў тым пляне, што ніхто ў яго нічога не забярэ. У яго, адрозна ад Кадафі ці там яшчэ кагосьці, сапраўды няма мільярда даляраў на асабістым рахунку ў швайцарскім банку. Таму і не забяруць. Каб у яго ляжаў мільярд даляраў у банку Швайцарыі на асабістым рахунку, ці на рахунку «Трайпла», ці на рахунку нейкай падстаўной фірмы, то грошы тут жа былі б замарожаныя. Фактычна, іх адабралі б. У яго гэтага, натуральна, няма. Ён жа не ідыёт, так? Усе беларускія прадпрымальнікі, прабачце, хаваюцца па сваёй натуры. Таму, канечне, з пункту гледжаньня эканамічнага ў яго нічога не забралі, нічога яму не зрабілі. «Трайпл» як працаваў, так і працягвае працаваць. Але ён як быццам упёрся ў сьцяну. Разумееце, ішоў, ішоў, і ўпёрся ў вэртыкаль. Куды яму цяпер ісьці? Выбар невялікі: ці павярнуць назад, ці сесьці каля гэтай сьцяны і плакаць. Гэта вобразна кажучы.

— Што алігархі страцяць ад таго, што будуць вымушаныя лякалізаваць сваю дзейнасьць?

— Ну, глядзіце. Вось ішоў чалавек і ўпёрся ў сьцяну. Ён штосьці страціў? Нічога, у яго з кішэні нічога ня выцягнулі. Ён як жыў, так і працягвае. Ён у гэтым сваім пакоі, умоўна кажучы, як рабіў нейкія свае справы, так і працягвае рабіць. Але далей — усё, далей, дарагі, заставайся ў тым гета, у якім ты ёсьць, якое называецца Беларусьсю. І што б яны там ні казалі, для іх гэта ўдар калясальны. Чалавек, мякка кажучы, зачынены ў тым гета, у якім жыве. Любому прадпрымальніку больш нізкага ўзроўню гэта, магчыма, і да лямпачкі. Але для іх узроўню гэта вельмі балюча. Ён што, цяпер па Менскім моры на яхце будзе езьдзіць? Ці, прабачце, яшчэ нешта ў Беларусі будзе рабіць? Ды не! Натуральна, яны ўжо выйшлі на той узровень, каб працаваць на міжнародных рынках. Яны і пачалі там працаваць. А каб працаваць на тых рынках, трэба кантактаваць з такога ж узроўню кампаніямі, як і ў іх. Дык вось менавіта такога ўзроўню кампаніі зь імі працаваць ужо ня будуць, усё.
Зьмена ўлады ў Беларусі? Ды вы што! Лепш тыя ж Чыж, Пефціеў будуць жыць усё жыцьцё з гэтымі санкцыямі, чым зьменіцца ўлада.

— І якраз той выпадак, калі зьмена ўлады ім на карысьць наўрад ці пойдзе…

— Зьмена ўлады ў Беларусі? Ды вы што! Лепш тыя ж Чыж, Пефціеў будуць жыць усё жыцьцё з гэтымі санкцыямі, чым зьменіцца ўлада. Бо ў іх жа ўсё — ад «бацькі». Прыйдуць іншыя людзі — забяруць канцэсіі, забяруць ліцэнзіі; будзе канкурэнцыя. І якія б яны ні былі крутыя бізнэсоўцы, ім давядзецца з рынку, мякка кажучы, сысьці. Ці прадаць свой бізнэс, ці яшчэ нешта зрабіць. Не, ну вы што? Канечне, можа, дзесьці яны і будуць ціха намякаць Лукашэнку: ды вызвалі ты гэтага Саньнікава, даўся ён табе. У гэтым пляне — так, напэўна, будуць весьціся нейкія кулюарныя размовы…

— Лукашэнка, на ваш погляд, да іх можа прыслухацца?

— Вы зразумейце: для «бацькі» ўсе гэтыя чыжы, пефціевы, тарнаўскія, іншыя — гэта абслуга, халопы. А які пан слухае сваіх халопаў? Гэта ж не прадпрымальнікі, якія маюць вагу, уплыў. Гэта ж не Расея, ня Польшча, не Нямеччына, дзе прадпрымальнікі маюць статус, аўтарытэт. Калі яны там гавораць нешта ўраду, то ўрад да гэтага прыслухоўваецца. А ў Беларусі — гэта халопы. І калі яны яшчэ паспрабуюць нешта сказаць гучна, то цудоўна ведаюць, ня дурні, чым гэта для іх скончыцца. Таму яны і ня будуць уголас нічога гаварыць: так, нешта будуць бурчэць па кухнях, маўляў, вызваліў бы ён Саньнікава і г.д. Але нават Макею, напэўна, пабаяцца сказаць, бо раптам Макей даложыць: вось прыходзіў Чыж, казаў, што Саньнікава вызваліць трэба. Ну дык і сам пойдзе туды, да таго ж Саньнікава. Гэта халопы, вы разумееце? Пры ўсёй павазе да іх. Як людзей я, можа, іх нават дзесьці і паважаю, што яны ўрэшце рэшт нечага дасягнулі. Але з гледзішча іх уплыву на ўладу, то ён ня проста нулявы, ён са знакам «мінус». Таму для гэтых хлопцаў гэта ўсё вельмі балюча, што б яны ні казалі.
Раптам Макей даложыць: вось прыходзіў Чыж, казаў, што Саньнікава вызваліць трэба. Ну дык і сам пойдзе туды, да таго ж Саньнікава.

— Элемэнтарная забарона на выезд у тую ж Літву ці Польшчу — удар па самалюбстве?

— Што да самалюбства, то, прабачце, гэта ў «бацькі» самалюбства, у гэтых хлопцаў самалюбства даўным-даўно няма, для іх бізнэс — у першую чаргу. Тое, што яны невыязныя — натуральна ж, па іх б’е. Бо тады навошта ім тыя грошы? Каб, прабачце, па Менскім моры расьсякаць на байдарцы? Ня той узровень. Яны рэальна знаходзяцца на тым узроўні, дзе такія санкцыі б’юць празь імідж на кашалёк, празь імідж — на лад жыцьця. Іх замкнулі на Менскім моры, а нашто ім такое мора? Яны што, таргашы з Камароўкі? Ці ім што, цікава катацца на гэтых гарах, што ў Лагойску ці ў Раўбічах? Яны, напэўна, хацелі б у Альпах катацца. А іх цяпер пасадзілі на ланцуг: вось, катайцеся ў сваіх Раўбічах, катайцеся па Менскім моры, працуйце ў Беларусі. Любы міжнародны праект, любы міжнародны кантакт на сур’ёзным узроўні (а не на сур’ёзным ім сто гадоў ня трэба) цяпер для іх, мякка кажучы, зачынены.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG