пятніца, 25 красавіка 2014, Менск 01:43

Праграмы / Госьць на Свабодзе

Каталіцкі манах: Нядобра дыстанцыявацца ад мучаніцкай галадоўкі

Заявы кіраўніка Рыма-каталіцкай царквы Беларусі, мітрапаліта Тадэвуша Кандрусэвіча наконт палітвязьняў і, у прыватнасьці, галадоўніка Сяргея Каваленкі, камэнтуе філёзаф, манах-дамініканец Пётра Рудкоўскі.

x
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Дракахруст: На гэтым тыдні адбылася прэсавая канфэрэнцыя мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. Апроч іншых, яму былі зададзеныя пытаньні пра палітвязьняў у Беларусі і пра галадоўку аднаго зь іх — Сяргея Каваленкі.

Мітрапаліт адказаў: «Аднаму майму сябру — канцлеру курыі ў Маскве — пасьля выбараў у Думу задалі пытаньне, як касьцёл ставіцца, бо там таксама было шмат спрэчак. Ён адказаў журналістам, што, мажліва, ня вельмі этычна задаваць духоўнай асобе такое пытаньне. Мы служым усім людзям і молімся за ўсіх людзей. Справы палітычныя — гэта справы палітычныя. Мы займаемся духоўным акармленьнем людзей. З пункту гледжаньня сацыяльнага навучаньня касьцёлу кожны чалавек павінны клапаціцца аб сваім здароўі. І касьцёл не падтрымлівае такой акцыі, як галадоўка. Чалавек выбірае — што мы можам сказаць?»

Гэтыя выказваньні біскупа выклікалі крытыку з боку многіх людзей, у тым ліку і каталікоў, маўляў, мітрапаліт мог бы і ўзвысіць свой аўтарытэтны голас у абарону людзей, якія церпяць за свае перакананьні, мог бы неяк інакш выказацца пра галадоўніка Каваленку.

А як мяркуеце Вы? Пазыцыя мітрапаліта Кандрусевіча — гэта стандартная пазыцыя касьцёлу адносна праблемаў такога кшталту?
Сам арцыбіскуп станоўча згадаў пра галадоўку людзей у 90-х гадах, якія хацелі прыцягнуць увагу да праблемы Чырвонага касьцёлу.

Рудкоўскі: Тут дзьве тэмы. Адна даволі шырокая: пазыцыя герархаў адносна грамадзка-этычных справаў, другая вельмі канкрэтная: рэакцыя мітрапаліта на галадоўку Каваленкі.

У грамадзка-палітычнай сфэры ёсьць розныя маральныя праблемы: з правамі чалавека, свабодай слова, катаваньнем і прыніжэньнем чалавечай годнасьці ў вязьніцах, але ёсьць таксама вялікая праблема як, напрыклад, забіваньне дзіцяці ва ўлоньні маці альбо пазаўлоньневае забіваньне ў выніку стасаваньня рэпрадуктыўных тэхналёгіяў. І ў гэтай фундамэнтальнай справе, якая ігнаруецца многімі праваабарончымі арганізацыямі, касьцельныя герархі не зважаюць на ніякую паліткарэктнасьць і крытыкуюць бескампрамісна беларускае заканадаўства. Вядома, было б добра, каб і ў справе іншых маральных праблемаў касьцёл выказваўся. Таму можна казаць пра недасканаласьць грамадзка-этычнай місіі, якую выконвае касьцёл, але няма падставаў, каб закідаць канфармізм ці ігнараваньне.

Што да адсутнасьці пазыцыі мітрапаліта ў справе мучаніцкай галадоўкі. На жаль, гэта той выпадак, калі гэтая згаданая недасканаласьць асабліва балючая. Арцыбіскуп сказаў нешта накшталт таго, што чалавек павінен клапаціцца пра сваё здароўе, касьцёл не падтрымлівае галадоўкі. Але нядаўна ў Польшчы ў касьцёле праводзілася галадоўка на знак пратэсту супраць скасаваньня ўрокаў гісторыі ў ліцэях прыродазнаўчага тыпу. Летась у Кітаі кардынал праводзіў галадоўку на знак пратэсту супраць камунізацыі каталіцкай школы. У абодвух выпадках герархі заклікалі прыпыніць галадоўку, але ніхто не прыводзіў маралізатарскіх аргумэнтаў. Зрэшты, сам арцыбіскуп Кандрусэвіч падчас пропаведзі з нагоды стагодзьдзя касьцёла Сьвятых Сымона і Алены станоўча згадаў пра галадоўку людзей у 90-х гадах, якія хацелі прыцягнуць увагу да праблемы Чырвонага касьцёлу, каб яго аддалі вернікам.

Дракахруст: У якой ступені на пазыцыю мітрапаліта магло паўплываць нежаданьне сварыцца зь беларускімі ўладамі, выпрабоўваць іх магчымасьці пагоршыць жыцьцё касьцёлу ў Беларусі? Вось паведамляецца, што пасьля выступу Кандрусевіча хутка вырашылася пытаньне з візамі для беларускіх каталіцкіх сьвятараў — грамадзянаў Польшчы. Можа, у гэтым справа?

Рудкоўскі: У якасьці другаснага матыву — напэўна. Але я хацеў бы яшчэ раз падкрэсьліць, што нежаданьне сварыцца з уладамі ня ёсьць першасным і асноўным матывам: існуе герархія каштоўнасьцяў, якія касьцёл схільны абараняць. На жаль, нядобра, што ў такой сытуацыі, калі чалавек ахвярна адстойвае даволі канкрэтныя каштоўнасьці, знаходзіцца пры гэтым у вязьніцы, касьцёл дыстанцуецца. Тым ня менш, не лічу апраўданым ігнараваць шырэйшы кантэкст, а менавіта: што ў шэрагу іншых выпадкаў касьцёл бескампрамісна абараняе правы чалавека.

Што да візаў, то я ўпэўнены, што сьвятары атрымалі б кароткачасовыя візы, як і раней, незалежна ад выказваньняў Кандрусевіча. Хоць, можа, улады, і невыпадкова спалучылі гэта ў часе, каб выставіць у нядобрым сьвятле арцыбіскупа перад дэмакратычнай грамадзкасьцю.

Юры Дракахруст

drakakhrusty+rferl.org

Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).

Блог Юрыя Дракахруста
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Михась
05.04.2012 18:58
Ну не зря же их там( в религиозных школах) риторике учат!
Это всего то оказывается "недасканаласьць ", а не компромисс с дьяволом как некоторые считают.


Імя:: Ві
06.04.2012 11:42
Такая гучная назва - падумалася, што прачытаю нешта вельмі канкрэтнае. Шмат словаў, а пазіцыя мной вельмі паважанага святара засталася незразумелай, хутчэй нават не тое, што незразумелай, але ну вельмі "кампраміснай". Хадзіла і буду хадзіць у касцёл - але, на жаль, з кожным разам я больш і больш разумею, што святары - гэта простыя людзі, са сваімі недасканаласцямі (што натуральна). Горш тое, што калі мяне навучае чалавек з недасканаласцямі, я пачынаю думаць пра святара не як пра пасярэдніка паміж людам і Хрыстом, як настаўніка, але як пра чалавека, на погляды якога ўплывае яго недасканалы досвед. Як мог касцёл не адрэагаваць на 19 снежня???? Калі шмат яго вернікаў пад дзвярыма Чырвонага касцёла былі збітыя, а потым прайшлі ў турмах тое, што не кожнаму чалавеку выпадае. А святары сядзелі ўнутры і глядзелі на дзіва. Не выйшлі, не адчынілі дзверы....Касцёл праз святароў навучае - чаму? Здаецца, што касцёл ператвараецца ў групоўку, абмежаваную сваімі інтарэсамі (візамі, храмамі, святамі). Даруйце, але ж галоўнае - душа чалавека, якому на Зямлі не шмат часу адведзена, а зразумець трэба багата.

Імя:: Ананім
06.04.2012 13:08
"З пункту гледжаньня сацыяльнага навучаньня касьцёлу кожны чалавек павінны клапаціцца аб сваім здароўі. І касьцёл не падтрымлівае такой акцыі, як галадоўка"

Згодна гэтага пункту гледжаньня, пратулінскія мучанікі таксама адмовіліся клапаціцца пра сваё здароўе і былі спаленыя разам з вернікамі.

Імя:: вучань Лаёлы Горад:: тут і там і нідзе
11.04.2012 21:43
дамініканцы ўвялі інквізіцыю раней за езуітаў, але езуіцкаму лукаўству яны навучаюцца ў сэмінарах пад загадам езуітаў...
Рудкоўскі адпрацаваў як буфер.
Відэа