Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Каваленка: «Сын плача, кажа, што татка ня вернецца»


Брат і сын Сяргея Каваленкі
Брат і сын Сяргея Каваленкі

Родныя палітвязьня Сяргея Каваленкі не пакідаюць намеру дамагчыся ягонага пераводу ў цывільны шпіталь з турмы на вуліцы Валадарскага ў Менску. Кіраўніцтва КХП БНФ імкнецца выратаваць свайго актывіста з дапамогай міжнародных структур.

Сям’я Сяргея Каваленкі занепакоеная ягоным прымусовым вывадам з галадоўкі. Асабліва цяжка ўспрыняў тое, што адбываецца з татам, Валік — 7-гадовы сын Сяргея Каваленкі, які пабываў у турме на спатканьні. Гаворыць Алена Каваленка:

«Сын вельмі расстройваецца: плача, кажа, што татка ня вернецца, бо ён ужо ляжачы і ня вернецца. Вельмі знэрваваны. Спачатку трымаў усё ў сабе, а пасьля ўжо сёньня ранкам у яго пачалася гістэрыка».

Родныя дамагаюцца ад турэмнага кіраўніцтва пераводу Сяргея ў цывільны шпіталь. Сёньня гэта ня робіцца адмыслова, перакананая маці Сяргея — Лідзія Каваленка:

«Калі яны ўзяліся яго ратаваць, то няхай ратуюць пісьменна і як мае быць. Яго належыць зараз у рэанімацыю зьмяшчаць, але ім сорам паказаць у шпіталі, у якім стане знаходзіцца мой сын. Таму яго і ізалююць ад грамадзтва і ад людзей».

Падчас спатканьня з маці Сяргей Каваленка заклікаў палітычных актывістаў прыходзіць да турмы зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на знак салідарнасьці і падтрымкі. А свайму брату Віталю падчас нядаўняга спатканьня выказаў расчараваньне тым, што няма гэтай салідарнасьці. Гаворыць Віталь Каваленка:

«Ён сказаў: дзе апазыцыя, дзе людзі? Каля СІЗА ніводнай акцыі не правялі. Ён з народам, а дзе народ?»

Пазыцыю КХП БНФ у справе абароны свайго актывіста Сяргея Каваленкі камэнтуе намесьнік старшыні партыі Юрась Беленькі:

Юрась Беленькі
Юрась Беленькі
«З пункту гледжаньня рацыянальнасьці і выніку вулічныя акцыі могуць быць контрапрадукцыйнымі ў гэтай сытуацыі. Звароты афіцыйныя былі накіраваныя і ў бок ураду, і ў бок міжнародных структур, акрэдытаваных у Беларусі. Зараз ёсьць адна пэўная мэта — уратаваць чалавека».

У сераду зь Сяргеем Каваленкам мае намер спаткацца ягоная жонка Алена Каваленка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG