Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскія электрасеткі. 52 чалавекі выходзяць з афіцыйнага прафсаюзу


Каля 50-ці чалавек напісалі калектыўную заяву на выхад з прафсаюзу, не атрымаўшы даплаты за шкодныя ўмовы працы.

Даведаўшыся пра гэта, адміністрацыя паабяцала выправіць сытуацыю.

Каля двух тыдняў таму работнікі аршанскіх электрасетак атрымалі разьліковыя квіткі за студзень 2012 году. Кіроўцы, сьлесары, токары, матарысты, якія павінны былі атрымаць даплату «за шкоднасьць», ня ўбачылі ў квітках адпаведнай графы — кожны з работнікаў не далічыўся каля 100 тысяч рублёў.

Працоўныя ініцыявалі сход, дзе запатрабавалі, каб адміністрацыя патлумачыла, што здарылася.

«Сабраліся ў актавай залі, запрасілі начальства. Спачатку нам сказалі, каб мы спынялі „бунт“ і шлі працаваць. Тады мы тут жа, у залі, склалі калектыўную заяву на выхад з прафсаюзу, падпісалі яе 52 чалавекі. Нехта перадаў пра гэта кіраўніцтву, і тады імгненна прыбеглі кіраўнік прафсаюзнай арганізацыі Аляксандар Іваноў, начальнік плянавага аддзелу, галоўны бухгальтар, намесьнік дырэктара прадпрыемства і начальнік аддзелу па ахове працы. Нам сказалі, што быў адпаведны загад зь „Віцебскэнэрга“, нават называлі нумар загаду. Толькі паказаць яго адмовіліся. У нас склалася ўражаньне, што „загад“ прыдумалі ў нашым плянавым аддзеле, каб на нас зэканоміць», — апавёў спадар Міхаіл, работнік аршанскіх электрасетак.

Адміністрацыя прадпрыемства дала абяцаньне, што ў наступным месяцы ўсё будзе выплачана — у тым ліку і тое, што недадалі «за шкоднасьць» за студзень. Да таго часу заяву на выхад з прафсаюзу рабочыя вырашылі «прытрымаць», працягвае Міхаіл:

«Пакуль гэта наша страхоўка. Нам пад гэтую заяву абяцалі ўсё выплаціць. Калі ня зробяць — падамо яе ў прафсаюз. У нас, дарэчы, ёсьць работнікі, якія павыходзілі з афіцыйнага прафсаюзу за апошнія гады. Бо гэта прафсаюз нам нічога не дае. На іншых прадпрыемствах заробкі растуць, а нам надумаліся зрэзаць. Мы казалі начальству: «Гэта цяпер зіма, таму ніхто не сыходзіць і не зьяжджае. А ўвосень звальняліся цэлымі брыгадамі ды ехалі ў Расею. Будзе і ўвесну тое самае, калі з нас будуць так зьдзекавацца!» — заявіў Міхаіл «Свабодзе».

Працаўнікі кажуць, што пагроза выйсьці з афіцыйнага прафсаюзу дзейнічае: адміністрацыя ня толькі паабяцала сплаціць усё, што трэба, але пагадзілася таксама палепшыць сытуацыю з ацяпленьнем і своечасова выдаваць спэцвопратку.


Глядзець Хваляваньні працоўных у 2011-2012гг. на вялікай мапе
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG