Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хай клявешчуць


Прыяжджае журналіст Радыё Свабода ў калгас
напісаць рэпартаж пра вёску.
А там каровы ня доеныя, даяркі п’яныя,
жыта ня зжатае, трава не пакошаная.
Прыбягае да старшыні калгасу яго намесьнік:
— Ну, што рабіць будзем? Напіша ж пра ўсё, гад.
— Старшыня падумаў-падумаў дый махнуў рукой:
— Ай, хай клявешчуць.
(Беларускі народны гумар
)


14-га лютага, у дзень пакараньня самага вядомага савецкага сэксуальнага маньяка Андрэя Чыкацілы, КДБ раптам чамусьці заклапаціўся «беспрэцэдэнтнай кампрамэтацыяй органаў кіраваньня дзяржавай, у першую чаргу — інстытутаў прэзыдэнта, КДБ і МУС». Прычым не абы кім, а «лідэрамі радыкальных палітызаваных груповак».

А мне так падаецца, што беларуская міліцыя ні ў якай дапамозе па аўтакампрамэтацыі патрэбы ня мае. Са стварэньнем нэгатыўнага аўтарытэту яна выдатна спраўляецца сама.

Амаль 21% беларускіх грамадзян, згодна з апошнім сацапытаньнем НІСЭПД, асабіста сутыкаліся зь нематываваным гвалтам з боку беларускай міліцыі. А асабісты досьвед — гэта вельмі пераканаўчы досьвед, які ня вытравіць сацыяльнымі плякатамі на білбордах. Сінякі ад удараў дубінкай праходзяць, а памяць застаецца назаўжды. І колькі б потым БТ ні распавядала пра «самую лепшую ў сьвеце беларускую міліцыю», чалавек, якога міліцыянты зьбілі, абрабавалі і зьняважылі, будзе мець сваю думку на гэты конт.

45% насельніцтва чулі пра бязьмежжа ў дзеяньнях з боку міліцыі ад сваіх сяброў, суседзяў або блізкіх. Можна, вядома, выказаць здагадку, што ў сябрах у паловы краіны знаходзяцца «лідэры радыкальных палітызаваных груповак», якія «беспрэцэдэнтна кампрамэтуюць органы МУС і КДБ», але тады трэба прызнаць, што КДБ загадзя прайграла сваю справу, бо немагчыма ваяваць з паловай насельніцтва. Дый куды глядзелі «асабісты», што «радыкальныя групоўкі» дасягнулі такога нябачанага дагэтуль маштабу і памеру, калі маюць больш асабістыя, чым самі «асабісты», зносіны з 5 млн. беларусаў?

Я, дарэчы, таксама хачу паўдзельнічаць у «беспрэцэдэнтнай кампрамэтацыі» МУС.

19 красавіка 2011 г. я прыехала ў Фрунзэнскі РАУС разам са сваім мужам.

Яго настойліва «запрасілі на размову» да начальніка РАУС Алега Гайдукевіча, я прычапілася да яго як прадстаўнік згодна з артыкулам 62 Канстытуцыі. Мой досьвед падказваў, што сам-насам зь міліцыянтамі лепш не размаўляць. І я мела рацыю!

У РАУС пачалося яўнае бязьмежжа: кожны, хто потым выходзіў з муроў гэтай змрочнай установы, прамаўляў адзіную фразу: «Я пабываў у гестапа».

Я ўжо потым сьцяміла, што Лінкус, як маньяк, рэагаваў не на тое, што я «палітычная», а на тое, што я жанчына.

Мяне адцягнулі ад мужа ды з гука-эфэктамі пацягнулі проста па падлозе калідора ў іншы кабінэт. Змагацца з чатырма дубаломамі складана, але маё права голасу (на гэты раз ад слова «галасіць») у мяне ніхто не адбіраў. Прыйшоў вельмі незадаволены Гайдукевіч і пацікавіўся ў мяне, ці не рыхтуюся я да конкурсу Эўрабачаньня.

У кабінэт, куды мяне ўцягнулі, як віхура ўварваўся цёмнавалосы мужчына, падляцеў да мяне і з размаху заляпіў мне аплявуху па скроні, закрычаўшы, што будзе займацца са мной сэксам у нетрадыцыйнай форме з элемэнтамі гвалту. Па-руску ён сказаў добра калі 10% сваёй палымянай прамовы, астатняе было адборнымі мацюкамі. Шэсьць міліцыянтаў (хацела напісаць — «мужчын», але якія яны пасьля гэтага мужчыны?) адразу зрабілі выгляд, што нешта шукаюць у сваіх шуфлядах ці ў маёй сумачцы, як бы нічога ня бачачы і ня чуючы. Яны ведалі, што рабілі і корпаліся нездарма: з кашалька ў мяне зьнікла 350 000 беларускіх рублёў. Прыемны дадатак да міцыянцкага заробку.

Мяне вельмі ўразілі яго вочы. Вар’яцкія і абсалютна шчасьлівыя ад таго, што мне балюча.

Я ўжо потым сьцяміла, што Лінкус, як маньяк, рэагаваў не на тое, што я «палітычная», а на тое, што я жанчына. Сьцяміла таму, што пасьля адзін з міліцыянтаў пачаў мяне суцяшаць: «Не хвалюйцеся так, Лінкус проста жанчын ня любіць». Высьветлілася, што ў Фрунзэнскім РАУСе склалася сталая традыцыя: мужчын закоўваюць у кайданкі, жанчын — б’юць. У кайданкі там закоўвалі і Паўла Левінава, і Валерыя Шчукіна, і Віталя Рымашэўскага і многіх іншых. А па зьбіцьці жанчын там быў свой спэцыяліст, Дзінас Лінкус, начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі.

Мяне вельмі ўразілі яго вочы. Вар’яцкія і абсалютна шчасьлівыя ад таго, што мне балюча. Лінкус быў настолькі ўзбуджаны, што ня змог прачытаць мой пашпарт — варочаў-варочаў яго дый перадаў далей з пытаньнем: «Паглядзі ці ёсьць у гэтай с.. кі дзеці?» Гэты мужчына — псіх, і я гатова пра гэта заявіць на любым судзе. У любой краіне сьвету ён бы ня трапіў у паліцыю ўжо праз псыхатэрапэўта, а калі б і трапіў памылкова — адпрацаваў бы адзін дзень. У Беларусі любому садысту, маньяку і псіху прыгатаваная выдатная, хуткая і маланкавая кар’ера: у нас у краіне ня трэба шукаць бандытаў і змагацца са злачынцамі. Дастаткова атрымліваць задавальненьне ад чалавечых пакут у выніку зьбіцьця звычайных грамадзян.

Дарэчы, для кампрамэтацыі «нейкай структуры» досыць і таго, што яе супрацоўнікі пастаянна хлусяць. Сьлёзная гісторыя на судзе ад міліцыянтаў пра тое, што я каля кватэры Валерыя Шчукіна маючы 60 кг вагі раскідала спрытна восем двухмэтровых амбалаў, не пакінула судзьдзю ў спакоі. А адзін з гэтых няшчасных доўга скардзіўся, што ледзь-ледзь надзелі на мяне кайданкі. Я нават заганарылася: кожнаму з гэтых «зьбітых» «сьведкаў-пацярпелых» я роўна да пояса. І ўдвая меншая.

Мы толькі-толькі пачалі распаўсюджваць улёткі й налепкі, як Лінкус раптоўна зьнік з Фрунзэнскага РАУС. Па чутках, ён паехаў працаваць у Горадню.

Мы шукалі Лінкуса доўга, больш за паўгода. Было зразумела, што нешта здарылася, але не было зразумела што. Гарадзенскі УУС трымаўся «як юнак на дапросе», тое самае датычыла і Гродзенскага аблвыканкаму, пракуратуры і судоў.

А адбылася трагедыя: Дзінас Лінкус, упэўнены ў сваёй беспакаранасьці, быў прызначаны на пасаду кіраўніка дэпартамэнту аховы Гарадзенскай вобласьці; прыехаў у Горадню, па яго словах, «наводзіць парадак». Празь пяць дзён пасьля прызначэньня ён прыехаў у Шчучын да хаты кіраўніка дэпартамэнту аховы Шчучынскага РАУСу, забраў яго ў РАУС і там вельмі моцна зьбіў. Так, што чалавек страціў слых на адно вуха і вымушаны быў рабіць апэрацыю.

Зьбіваў у прысутнасьці двух падпалкоўнікаў і іншых супрацоўнікаў міліцыі. І яны ўсе маўчалі. Як маўчалі іншыя міліцыянты, калі ён зьбіваў мяне. Як маўчалі іх калегі, калі ён пагражаў згвалтаваньнем капітану 2-га рангу Валерыю Шчукіну.

Хто адказны ў МУСе за прызначэньне на пасаду чалавека з 9 (!) ня зьнятымі дысцыплінарнымі спагнаньнямі? У Беларусі досыць двух, каб звольніць. Хто з МУСу прымаў рашэньне прызначыць Лінкуса без неабходнай паводле закону мэдычнай атэстацыі і іншых працэдураў? І хто зараз адкажа ў МУСе за пакуты чалавека, які стаў інвалідам?

Хто з МУСу прымаў рашэньне прызначыць Лінкуса без неабходнай паводле закону мэдычнай атэстацыі і іншых працэдураў?

Хто адказны за тое, што ў МУСе на высокіх пасадах працаваў чалавек з паметкай ад экспэртызы: «выгнаць» зь міліцыі, і якога ўжо вінавацілі ў згвалтаваньні жанчыны? А колькі жанчын не падалі свае заявы? Лінкусу тады ўдалося пазьбегнуць турмы, але мы ўсе ведаем, як цяжка наогул даказаць факт згвалтаваньня ў Беларусі, дзе міліцыянты кіруюцца прынцыпам: «сучка не захоча — кабель ня ўскоча». А калі жанчына наважылася вінаваціць у згвалтаваньні міліцыянта? Звычайна шансаў даказаць што-небудзь — нуль
.
Дык хто ў МУСе адказны за тое, што міліцыянты «маўчаць» і раптам «сьлепнуць», калі бачаць парушэньні Закону, гвалт і зьдзекі? Няўжо «палітызаваныя групоўкі» іх прывучылі не абараняць слабых і пацярпелых?

Павага да міліцыі будзе расьці ў нашым грамадзтве толькі тады, калі знаходжаньне «лінкусаў» у гэтай структуры будзе немагчымае. Калі міліцыянты ня будуць маўчаць, бачачы як побач вар’ят зьбівае да крыві іх калегу. Калі міліцыя будзе працаваць дзеля Закону, а ня дзеля загадаў КДБ ці Лукашэнкі.

А цяпер — ну што, застаецца толькі, як таму старшыні калгасу ў народным жарце — паціснуць плячыма дый самому сабе сказаць: «ну хай клявешчуць». І гэтым суцяшацца.
Бо праўда бачная — хай цяпер толькі і палове беларусаў. Другой частцы патлумачаць суседзі і сваякі зь «лідэраў радыкальных груповак».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG