Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заробак $500 ператворыць грошы ў фанцікі


Рост рэальных заробкаў у Беларусі ў 2012 годзе плянуецца ў памеры крыху болей за чатыры працэнты. Такую лічбу назваў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску намесьнік міністра эканомікі Беларусі Аляксандар Ярашэнка. Гэтыя дадзеныя супярэчаць абяцаньням некаторых высокіх чыноўнікаў вярнуць сярэдні заробак да 500 даляраў у эквіваленце.

Намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Ярашэнка сказаў, што сёлета велічыня заробкаў непасрэдна прывязваецца да росту прадукцыйнасьці працы:

«Мы суадносілі сытуацыю такім чынам, каб рэальны заробак рос крыху марудней за прадукцыйнасьць працы. Прадукцыйнасьць працы за год павялічыцца, як мы плянуем, на 5,7%. І калі на пачатку 2011 году мы мелі разрыў паміж ростам заробкаў і прадукцыйнасьцю працы на 20 працэнтных пунктаў на карысьць заробкаў, то ў апошнія месяцы гэтая тэндэнцыя зьмянілася. Цяпер рост заробкаў адстае ад росту прадукцыйнасьці. І гэтую тэндэнцыю мы зьбіраемся захаваць. Найперш, каб не разаграваць інфляцыйныя працэсы. А гэта той велізарны мінус, які склаўся па выніках 2011 году».
Трэба падвышаць прадукцыйнасьць працы не на 5,7%, а на 20%. Тады і заробкі будуць адпаведна расьці.

Гэтае выказваньне Аляксандра Ярашэнкі сьведчыць, што ў беларускім урадзе ёсьць людзі, якія адэкватна ацэньваюць становішча, канстатуе эканаміст Леў Марголін. Хоць адстаяць свае пазыцыі ім будзе няпроста, бо яны выступаюць насуперак папулісцкім абяцаньням кіраўніцтва дзяржавы:

«Каб падвышаць заробкі і не павялічваць пры гэтым інфляцыю, каб разам з заробкамі на расьлі і цэны, ёсьць толькі адна магчымасьць — падвышаць прадукцыйнасьць працы. Калі б у нас была рынкавая эканоміка, то гэта было б пытаньне да вытворцаў. А паколькі ў нас галоўныя вышыні ў эканоміцы па-ранейшаму належаць дзяржаве, то гэта пытаньне да яе. Трэба падвышаць прадукцыйнасьць працы не на 5,7%, а на 20%. Тады і заробкі будуць адпаведна расьці».

Апошняе слова ў беларускай сытуацыі заўжды належыць кіраўніку дзяржавы, кажа эканаміст Зьміцер Бакунец. І калі ён вырашыць, што трэба дадаць грошай людзям, то так і будзе:
Калі ўзьнікне неабходнасьць такога падвышэньня, то яно абавязкова будзе выкананае за кошт уключэньня друкарскага станка.

«Я думаю, што калі ўзьнікне неабходнасьць такога падвышэньня, то яно абавязкова будзе выкананае за кошт уключэньня друкарскага станка. Цяпер у беларускай эканоміцы вельмі важны час. Ідзе яе невялікае ўзнаўленьне, адбываецца невялікая стабілізацыя. І тут вельмі важна праводзіць узважаную, а не папулісцкую палітыку. Таму, калі людзі пачуюць, што ім зноў абяцаюць заробкі ў 500 даляраў, а тым больш адчуюць гэта, то можна чакаць, што гэты заробак празь некалькі месяцаў ператворыцца ў фанцікі».

Аляксандар Ярашэнка агучыў вынікі працы беларускай эканомікі за студзень. Паводле ацэнак экспэртаў Мінэканомікі, рост валавога ўнутранага прадукту складзе 2 працэнты (пры гадавым заданьні 5–5,5 працэнта). Інфляцыя ў студзені склала 1,9 працэнта (гадавая плянуецца 19–22%). Сальда замежнага гандлю за студзень мае быць станоўчым — каля 15 мільёнаў даляраў (1–1,5 мільярда пры гадавым заданьні).

Пра магчымасьць атрыманьня сярэдняга заробку ў 500 даляраў ужо сёлета заяўлялі старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка і старшыня Нацыянальнага банку Надзея Ярмакова. А Аляксандар Лукашэнка казаў, што такога выніку можна дасягнуць цягам года-паўтара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG