Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 лютага разгледзяць прашэньне Бандарэнкі


Паводле зьвестак з Магілёўскай калёніі, праз два дні там адбудзецца паседжаньне камісіі, на якім разгледзяць прашэньне аб памілаваньні палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі.

Дзень, калі Зьмітра Бандарэнку вызваляць, залежыць ад таго, ці падпіша (а калі падпіша — то ў які тэрмін) гэта прашэньне Аляксандар Лукашэнка, паведамілі «Свабодзе» ў Магілёўскай калёніі. У самой калёніі прашэньне вязьня разгледзяць 8 лютага, сказала супрацоўніца:

«Якое будзе рашэньне, стане вядома пазьней. Пакуль ён у нас будзе праходзіць камісію, у нас ёсьць гэткая наглядная камісія, а потым мы накіроўваем матэрыялы ў камісію па памілаваньні пры прэзыдэнце. Калі ўсё будзе гэтак, як заплянавана, то ўжо ў сераду разгледзяць».

4 лютага ў тэлефоннай размове з жонкай Зьміцер Бандарэнка паведаміў, што 1 лютага напісаў прашэньне аб памілаваньні.

Сёньня жонка палітвязьня атрымала ад яго адразу два лісты, адзін зь якіх быў напісаны ўжо пасьля падпісаньня прашэньня аб памілаваньні. З гэтага ліста Вольга Бандарэнка зрабіла выснову, што муж па-ранейшаму ня можа выказвацца да канца адкрыта. «Некаторыя фразы такія, што над іх сэнсам мне яшчэ трэба думаць», — кажа Вольга Бандарэнка. Што да пэрспэктывы вызваленьня, хутка яго Зьміцер Бандарэнка не чакае, кажа Вольга і цытуе вытрымку зь ліста:

Вольга Бандарэнка
Вольга Бандарэнка
«Вось ён піша ў гэтым лісьце: «Зараз можа быць усё што заўгодна, і туды і сюды, але хутчэй за ўсё стане нават больш складана. Але цяпер яны ўжо пятляць ня змогуць. І ў гэтым я мушу быць разам з Андрэем».

«Свабодзе» Вольга Бандарэнка ўдакладніла, што ня можа сказаць з пэўнасьцю, ці падпісаў муж гатовы тэкст прашэньня, або сам склаў і падпісаў яго. У тэлефоннай размове, як і ў лісьце, пра гэта нічога няма. Вольга Бандарэнка гэтак пракамэнтавала ліст мужа:

«Мой камэнтар да гэтага такі: раней улады казалі, што вось яны ня хочуць выходзіць з турмаў, бо ня пішуць прашэньняў аб памілаваньні. Але, аказваецца, Саньнікаў тады ўжо прашэньне напісаў, але яго не выпускалі і нават працягвалі ціск на яго. Інакш чаму тады да яго не дапускалі адваката? Да ўсіх дапускалі, а да яго — не? Атрымліваецца, што празь ціск ад іх дамагліся гэтых прашэньняў, але ўсё роўна не адпускаюць. Паглядзім, што будзе далей, ці хутка вызваляць. Дзіма, відаць, не выключае, што ня хутка».

Паводле зьвестак, Зьміцер Бандарэнка зноў атрымаў магчымасьць карыстацца мыліцай пры хадзьбе, а таксама яму вярнулі адмысловы артапэдычны абутак. У зьняволеньні Бандарэнка перанёс апэрацыю на хрыбетніку, у яго таксама праблемы з нагой.

Супрацоўніца Магілёўскай калёніі запэўніла, што за Зьмітром Бандарэнкам назіраюць турэмныя лекары і што ён «ня скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня»:

«Умовы, у якіх ён знаходзіцца, нармальныя. Не турбуйцеся».

Вольга Бандарэнка пра ўмовы мужа сказала: «У якім перакуленым сьвеце мы жывем, калі вяртаньне мыліцы лічыцца за шчасьце».



У канцы студзеня стала вядома, што прашэньне аб памілаваньні падпісаў былы кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў, якога трымаюць у калёніі «Віцьба-3». Паводле жонкі экс-кандыдата на прэзыдэнта Ірыны Халіп, гэта адбылося ў канцы лістапада, паводле Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС — у канцы сьнежня. Пакуль няма зьвестак пра тое, ці прашэньне Андрэя Саньнікава ўжо разгледжана камісіяй па памілаваньні і Аляксандрам Лукашэнкам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG