Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стрымаць беларускі рубель можа толькі падзеньне яго канкурэнтаў


Ад пачатку году беларускі рубель паступова страчвае свае пазыцыі на тле асноўных валют.

Па выніках сёньняшніх біржавых таргоў рубель на 20 пунктаў патаньнеў у адносінах да даляра, зафіксаваўшыся на адзнацы 8470. Яшчэ 1 студзеня гэты паказьнік складаў 8350 рублёў за даляр. Экспэрты прадказваюць далейшае абясцэньваньне нацыянальнай валюты на тле эмісійнай палітыкі, якую працягваюць улады Беларусі.

Эканаміст Сяргей Балыкін перакананы: падставаў для ўмацаваньня беларускага рубля няма — найперш таму, што не зьмяняецца агульная эканамічная палітыка кіраўніцтва дзяржавы. Па словах спадара Балыкіна, дапамагчы рублю ўтрымацца хоць бы ў цяперашніх межах можа толькі аб’ектыўнае аслабленьне іншых валют:

«Чакаць можна толькі аднаго: беларускі рубель узмацняцца ня будзе, будзе толькі слабець. Ці будзе гэта аднамомантавая дэвальвацыя, альбо ён будзе каціцца ўніз павольна — прагназаваць пакуль цяжка. Але тое, што ён будзе абясцэньвацца, — гэта дакладна. Таму што амаль не зьмяняецца эканамічная палітыка, яна застаецца фактычна той жа самай. А гэта значыць, застаюцца тыя ж самыя памылкі, якія ўжо прывялі да гіпэрінфляцыі, да істотнай дэвальвацыі. Адзінае, што можа адносна ўратаваць беларускі рубель, дык гэта фінансавыя цяжкасьці ў эўразоне, цяжкасьці ў Злучаных Штатах. У выпадку, калі там праблемы будуць працягвацца, у адносінах да гэтых валют беларускі рубель можа падаць ня так істотна, як мог бы».
Чакаць можна толькі аднаго: беларускі рубель узмацняцца ня будзе, будзе толькі слабець.
Сяргей Балыкін

Буйныя аўдытарскія кампаніі сьвету ўжо прызналі беларускую эканоміку гіпэрінфляцыйнай. Асноўная падстава, каб трапіць у такую катэгорыю, — сукупная інфляцыя, калі яна за 3 гады перавышае 100%. У Беларусі толькі па выніках 2011 году гэты паказьнік наблізіўся да 120%. Як удакладняе кіраўнік клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін, падобны вэрдыкт прадугледжвае абавязковае выкарыстаньне ў справаздачнасьці беларускіх банкаў і кампаній адмысловага стандарту № 29, які фактычна ставіць пад сумнеў жыцьцяздольнасьць нацыянальнай валюты:

«Мне падаецца, што прынамсі за апошнія гадоў дзесяць гэта беспрэцэдэнтны выпадак у эўрапейскай практыцы. І гэта, вядома, вельмі паказальна. Тут трэба ведаць, што існуе дакладная рэкамэндацыя ў разьвіцьцё 29-га артыкула, якая тлумачыць, што ў выпадку ўзьнікненьня пагрозы гіпэрінфляцыі — то бок ня толькі самога факту гіпэрінфляцыі, а яшчэ яе пагрозы — прадпрыемствам, якія вядуць улік паводле міжнародных стандартаў, неабходна весьці гэты ўлік у цьвёрдых валютах. То бок фактычна гэтым самым наносіцца чарговы ўдар па іміджы нацыянальнай грашовай адзінкі — беларускага рубля».

Незалежныя экспэрты адзначаюць, што беларускія ўлады намагаюцца выйсьці з крызісу шляхам, які ўрэшце ўсё роўна прывядзе да значнай інфляцыі і чарговай дэвальвацыі, што стане паўтарэньнем ужо пройдзенага. Спробы падвысіць узровень прыбыткаў за кошт разнастайных кампэнсацый ці ўсталяваньня заробкаў на ўзроўні ня меней за 1 мільён рублёў вядуць да значных рублёвых уліваньняў, якіх насамрэч эканоміка не зарабіла.

Доктар эканамічных навук Уладзімер Кулажанка кажа, што пры такім раскладзе іншага шляху, як бясконца латаць дзіркі ростам коштаў на тавары і паслугі, у распараджэньні ўраду амаль не застаецца:

«Дэвальвацыя рубля выкарыстаная для пераадоленьня існуючага дэфіцыту бюджэту і для пераадоленьня фінансавага крызісу ўвогуле. Калі, прыкладам, у Грэцыі ўрад пайшоў шляхам зьніжэньня заробкаў, зьніжэньня пэнсіяў, скарачэньня занятасьці, што выклікала бурныя пратэсты насельніцтва, то нашы ўлады пайшлі іншым шляхам. Адразу абвалілі рубель, у выніку чаго ірванула інфляцыя, падскочылі цэны, і менавіта коштам вось гэтых падвышаных цэнаў яны намагаюцца пакрыць усялякія дэфіцыты ў бюджэце. Карацей кажучы, інфляцыя і дэвальвацыя рубля выкарыстаныя як форма, як мэтад барацьбы за ўсталяваньне нейкай там раўнавагі».

Аналітыкі сыходзяцца на думцы, што спрагназаваць эканамічную сытуацыю ў Беларусі пры адсутнасьці ўзважанай стратэгіі супрацьстаяньня крызісу амаль немагчыма. Між тым многія лічаць, што наўрад ці можна дасягнуць посьпеху, робячы ўзаемавыключальныя захады. Як прыклад, улады абяцаюць стрымаць інфляцыю праз абмежаваньне грашовай масы, але пры гэтым працягваюць курс на фінансаваньне затратных дзяржаўных праграмаў, падвышэньне заробкаў, пэнсій, стыпэндый і аднаразовых выплат. У такім выпадку, лічаць экспэрты, інфляцыйная сьпіраль пойдзе па траекторыі ўзору 2011 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG