Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі году: эканамічны крызіс — прычыны, хада і пэрспэктывы


Юры Дракахруст.

Юры Дракахруст.

Якія фактары спарадзілі эканамічны крызіс 2011 году? Ці адзначае ён крах беларускай эканамічнай мадэлі? Якія пэрспэктывы беларускай эканомікі ў 2012 годзе? Гэтыя тэмы абмяркоўваюць эканамічны аглядальнік «Белгазэты» Сяргей Жбанаў, фінансавы аналітык Сяргей Чалы і экспэрт Інстытуту мэнэджмэнту і прыватызацыі Аляксандар Чубрык.

Чаму здарыўся крызіс?


Дракахруст: Якімі былі прычыны сёлетняга эканамічнага крызісу? Чаму перавышэньне магчымасьцяў эканомікі што да даходаў насельніцтва прывяло да такога драматычнага абвалу?

Сяргей Жбанаў

Сяргей Жбанаў

Жбанаў: Я лічу, што можна вылучыць тры групы фактараў. Па-першае, гісторыя пачалася задоўга да 2010 году, у папярэдняй пяцігодцы назіралася шалёнае перавышэньне тэмпаў росту заробкаў над прадукцыйнасьцю. У 2011 годзе, дзякуючы высілкам улады, гэты разрыў павялічыўся да 20%. Па-другое, гэта павелічэньне эмісійных крэдытаў. І па-трэцяе, гэта дэманстрацыя энэргетычнай незалежнасьці Беларусі ад Расеі разам са стымуляваньнем унутранага попыту. Гэта ўсё сыстэмныя памылкі.

Дракахруст: Наколькі я ведаю, Аляксандар, вы працавалі нейкі час у Азэрбайджане, дык вось вачыма беларуса праз прызму Азэрбайджана як вам бачыцца беларускі крызіс?

Аляксандар Чубрык.

Аляксандар Чубрык.

Чубрык: Калі з азэрбайджанскага боку паглядаць на гэта, то ўся бяда ў тым, што ў нас нафты няма. Ну а калі сур’ёзна паглядзець на друк пра краіны, якія разьвіваюцца, то Беларусь звычайна згадваецца як нейкая загадка. Загадка ў тым, што краіна, у якой няма рынкавых рэформаў, а эканамічны рост ёсьць. Але ж, як мы ўбачылі у 2011 годзе, цуд скончыўся, і Беларусь перастала быць загадкай з пункту гледжаньня эканамічнага росту. Пакуль былі нейкія спрыяльныя ўмовы, такія як адмысловыя ўмовы гандлю з Расеяй, хуткі рост цэнаў на нафту, хуткае назапашваньне вонкавага доўгу, мы трымаліся на плыву. А як гэтыя ўмовы скончыліся, мы засталіся сам-насам з адсутнасьцю рынкавых рэформаў. Вялікая частка эканомікі працуе неэфэктыўна і патрабуе вялізнай дзяржаўнай падтрымкі. Калі б скончыліся крыніцы фінансаваньня неэфэктыўных сэктараў, эканоміка б абрынулася. Заробкі расьлі больш за прадукцыйнасьць працы толькі перад выбарамі, у астатні час ўсё гэта збольшага супадала. Менавіта адсутнасьць рэформаў і наяўнасьць неэфэктыўных сэктараў эканомікі прывялі да той сытуацыі, якую мы цяпер маем.

Чалы: У вас два пытаньні ў адным. З аднаго боку, прычыны крызісу постфактум відавочныя. Самае цікавае, чаму абвал адбыўся менавіта тады, калі адбыўся, і чаму ён аказаўся катастрофай? Гэта як пытаньне, чаму сыходзіць лявіна. Ёсьць прычына: шмат сьнегу накапілася, жыцьцё не па сродках — перавышэньне ўнутраных інвэстыцый над унутранымі зьберажэньнямі, і сапраўды, калі да канца 2010 году разрыў склаў 18% ВВП, то не знайшлося таго, хто б гатовы быў за гэта плаціць. Гаворка ішла пра тое, што ўвесь той дабрабыт, назапашаны з 2006 году — гэта былі зьнешнія спэцэфэкты, таму што ўвесь сьвет быў гатовы плаціць за наш эканамічны цуд. Чаму здарыўся крах менавіта цяпер, гэта цікава. Здаецца, што народ упершыню не паверыў абяцаньням нашых уладаў наконт штучнага дабрабыту, створанага напярэдадні выбараў. Калі народу не даецца магчымасьць галасаваць бюлетэнямі, народ прагаласаваў рублём, і фактычна 1,5 мільярда даляраў, набытых у апошнія пару месяцаў мінулага году, і каля 900 мільёнаў даляраў за 2011 год — гэта была палова ўсіх наяўных рэсурсаў Нацбанку. У сакавіку, калі валютны рынак працаваў усяго два тыдні, — гэта было відавочнае выражэньне недаверу эканамічнай палітыцы ўлады. Насельніцтва спрацавала такім вось калектыўным Сорасам, які ў свой час абрынуў банк Англіі. Ну і вядома, маса некваліфікаваных дзеяньняў Нацбанку прывялі да таго, што ўсё скончылася так катастрафічна.

Канец беларускага эканамічнага «цуду»?


Дракахруст: Ну а зараз наконт краху беларускай эканамічнай мадэлі, наконт разгадкі беларускай загадкі, пра якую казаў Аляксандар. Ці вырашылася загадка, мадэль сябе вычарпала? Ці ўсё ж урэшце праблема ў сальда зьнешняга гандлю выраўнялася, мадэль «аддзелалася лёгкім іспугам» і далей можна так жыць?

Сяргей Чалы.

Сяргей Чалы.

Чалы: Я гатовы пагадзіцца, што крызіс увогуле скончыўся. Кажучы пра тое, што скончылася беларуская эканамічная мадэль, трэба добра разумець, што гэта такое. Доўгія гады гэта была сыстэма штучнага стымуляваньня эканамічнага росту, а таксама даходаў насельніцтва, унутранага попыту за кошт квазібюджэтнага фінансаваньня дзяржпраграм, у межах якіх эканамічны рост і забясьпечваўся. Да той пары, пакуль мы захоўвалі фіксаваны курс, ілюзія багацьця магла гадамі цягнуцца да рынкавай дэвальвацыі. Цяпер, калі стала зразумела, што ёсьць толькі два шляхі пазьбегнуць зьнішчэньня золатавалютных рэзэрваў: або закрываць валютныя рынкі, або пераходзіць на рынкавы курс. Цяпер ілюзія багацьця не магчымая больш за некалькі месяцаў, цяпер гэта прызналі ў Саўмін і Нацбанк.

Дракахруст: Сяргей Жбанаў, ці згодны вы з такой трактоўкай? 17 гадоў жылі, мадэль працавала. Быў нейкі невялікі крызіс, які цяпер пераадолены. Няўжо цяпер такая ростань, што па-ранейшаму ўжо нельга?

Жбанаў: Мая пазыцыя блізкая да пазыцыі Чалага. Сапраўды, калі казаць, ці будзем мы ісьці па гэтым шляху, то сёньня проста няма для гэтага ніякіх крыніцаў фінансаваньня, а тыя што былі — строга рэглямэнтаваныя. Цяпер у нас ёсьць зьнешні кіраўнік пад назвай Эўразійскі банк разьвіцьця, гэта заканамерны вынік крызісу. У нас цяпер наглядчык у краіне, зь якім мы мусім ўзгадняць усё нашу макраэканамічную палітыку. Што да 17 гадоў пераменнага посьпеху, то ніякага цуду тут няма. За савецкім часам Беларусь жыла за кошт датацыяў, і гэта працягнулася ў межах постсавецкага пэрыяду. Тое ж будзе бліжэйшыя тры гады ў межах Мытнага саюзу.

Чубрык: Праблема ў тым, калі Беларусь будзе імкнуцца да стымуляваньня эканамічнага росту па той мадэлі, якая існавала раней, то без вонкавых крыніцаў фінансаваньня гэта хутка справакуе сытуацыю 2011 году. Калі будуць друкаваць грошы, каб стымуляваць рост заробкаў, то гэта ўсё выльецца ў далейшую дэвальвацыю і падзеньне ўзроўню жыцьця. Мадэль трымалася на вонкавай падтрымцы, калі ж яе няма, то ня будзе эканамічнага росту. Тым больш ёсьць розьніца паміж тым, што адбывалася ў 2011 годзе і ў 1990-х, калі быў крызіс у Расеі, Беларусі. Калі ў 1999 годзе ў нас была дэвальвацыя ў 2-3 разы, то ўсе навокал былі бедныя, і тое ж самае ў 2011, то мы зрабіліся істотна бяднейшымі за нашых суседзяў. І гэта накладае вялікія абмежаваньне на гэтую мадэль. Трэба, каб было каму працаваць. А працоўныя маюць вялікі стымул зьехаць за мяжу і працаваць там, каб зарабляць больш істотныя грошы. Таму мы вымушаны зараз ісьці на балючыя захады па рэфармаваньні эканомікі. Чым раней, тым лепей.

Што прынясе 2012 год?


Дракахруст: Напрыканцы 2011 году ваш прагноз на 2012 год. Як вы мяркуеце, крызіс будзе паглыбляцца ці нас чакае стабілізацыя? А можа, пачнецца пад’ём? Вось тут прыгадвалі досьвед Расеі. Я памятаю, што пасьля расейскага дэфолту 1998-га Расея проста рванула наперад, зараз у Беларусі экспарт расьце. Што тычыцца зьнешняга фінансаваньня, то мы атрымалі сёе-тое пасьля продажу «Белтрансгазу», атрымалі зьніжку на газ. Можа, тая фінансавая падушка, якая раней гэтую мадэль утрымлівала, і зараз падкладзена?

Чубрык: Расея дала грошы, а ці дасьць яшчэ — вялікае пытаньне. Напрыклад, МТС хацелі прадаць за мільярд, але за мільярд ніхто не купіў. «Белтрансгаз» быў патрэбны Расеі, таму што такая стратэгія «Газпраму». Але што патрэбна яшчэ Расеі? Ці захоча яна далей фінансаваць стабільнае разьвіцьцё беларускай эканомікі — гэта вялікае пытаньне. Тыя грошы, якія мы мусім атрымаць ад Эўразійскага банку разьвіцьця, — зусім невялікія, яны ня вырашаць праблемы. Мы сутыкаемся з тым, што крыніцы фінансаваньня такія, як Расеі і ўсе інтэграцыйныя зьвязы, — даволі абмежаваныя. Эканамічны рост будзе залежаць ад таго, якім чынам будзе фінансавацца рост 5,5 %, які прадэкляравалі беларускія ўлады. Калі знойдуць у Расеі — то ўсё будзе стабільна. Калі ж ня знойдуць і будуць зноў стымуляваць рост за кошт друкаваньня грошай, гэта прывядзе да паўтору сытуацыі 2011 году. Паўтор не адбудзецца раней за трэці квартал. Ёсьць яшчэ магчымасьць, пра якую нядаўна казаў Лукашэнка, калі Беларусь пачне перамовы з МВФ, і Беларусь усё ж атрымае крэдыт, пагодзіцца на нейкую праграму рэформаў, то гэта будзе трэці сцэнар. Але наўрад трэба чакаць у гэтым выпадку вялікага эканамічнага росту, безь вялікай інфляцыі, пры больш-менш стабільным курсе, але надалей трэба будзе рабіць структурныя рэформы, якія могуць мець балючыя сацыяльныя наступствы. Далей накладаецца магчымасьць разьвіцьця глябальнага эканамічнага крызісу, які істотна паўплывае ня столькі на Беларусь, колькі на Расею, і праз Расею на беларускую эканоміку.

Жбанаў: Я думаю, што валютны крызіс трансфармуецца ў эканамічны ў 2012 годзе. Па-першае мы будзем знаходзіцца ва ўмовах жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі і высокіх ставак рэфінансаваньня. Што датычыць тых галінаў, на якія робіцца стаўка, то як вядома, мы ў 2012 згубім будаўніцтва як лякаматыў. Альтэрнатыва якая? Нам кажуць, што будуць спрыяльныя ўмовы зьнешняй перапрацоўкі, яна, маўляў, стане донарам. Баюся, што гэты чаканьні завышаныя, бо скасаваньнем прэміі мы можам выйграць каля 45-50 даляраў. 2011 год паказаў межавыя парамэтры, у якія можа працаваць беларуская эканоміка. Па газе гэта 300 даляраў за тысячу кубоў, а па нафце — 460. Гэтыя лічбы варта запомніць, каб пасьля не зьдзіўляцца, калі ў 2012 у нас пачнуцца праблемы. А каб гэтых праблемаў не было, у нас толькі адна стаўка, што сусьветная кан’юнктура будзе настолькі спрыяльная, што попыт на нафтапрадукты прастымулюе далейшы рост цэн на іх. І тады мы будзем здымаць не па 800-900, а па тысячы і болей. Вось тады я паверу ў 5,5% росту беларускай эканомікі, бо зьнешні гандаль выцягнецца за кошт гэтага фактару. Можа, нам дапаможа нейкі сусьветны катаклізм, арганізаваны нашымі партнэрамі ці супернікамі. Але я ў гэта ня веру, таму спадзявацца на нейкі прарыў не выпадае. Я ня бачу ніводнай пазыцыі, за якую б можна было зачапіцца як за крыніцу фінансаваньня. Па заробках мы абмежаваны 3% ВВП Эўразійскім банкам. Калі мы будзем выконваць абмежаваньні, у нас ня будзе галоўнага стымулу для работы, а гэта сур’ёзны чыньнік. Улічваючы ўсё гэта, я лічу, што год будзе цяжкі, а валютны крызіс праявіцца як эканамічны.

Чалы: Ці трансфармуецца валютны крызіс у эканамічны — пытаньне тэрміналягічнае. Сцэнар 2011 году амаль зразумелы з кансэнсусу паміж рыначнікамі Мясьніковіча-Румуса і нярыначнікамі ў адміністрацыі прэзыдэнта, калі ўдалося адстаяць Саўміну і Нацбанку сваю пазыцыю на працяг жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі. Аніякія меры штучнага стымуляваньня росту немагчымыя, бо ставяць пад пагрозу фінансавую стабілізацыю. Але мяркуючы па апошніх заявах пра імпартазамяшчэньне, строгую эканомію, адміністрацыйнае рэгуляваньне цэнаў, хутчэй за ўсё рэальная эканоміка будзе аддадзена на водкуп такім адміністрацыйным рычагам. Я думаю, што будзе выканана тое, што імкнуліся зрабіць прыхільнікі фінансавай стабілізацыі, то бок працэнтныя стаўкі і інфляцыя ўпадуць, таму да пасяўной непакоіцца пра фінансавую сытуацыю не выпадае. Зь іншага боку, тыя адміністрацыйныя захады не дасягнуць сваіх станоўчых мэтаў, ня бачу ніякай магчымасьці атрымаць эканамічны рост 5%, у лепшым выпадку 1-2%, бо далейшага росту экспарту прадбачыць складана, сусьветная эканоміка сур’ёзнага попыту на нашу прадукцыю не праявіць, а хутчэй ёсьць сур’ёзная рызыка падзеньня попыту ў сувязі з сусьветным фінансавым крызісам 2009 году. Я думаю, 2012 год будзе падобным да апошніх месяцаў 2011 году, калі тых прэфэрэнцый, якія мы атрымалі ад Расеі, хапае на існаваньне, але ані росту, ані падзеньня мы не пабачым.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG