Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У 2011 годзе зьмяніліся сьвядомасьць, мэнталітэт беларусаў»


Якую падзею ці зьяву ў Беларусі вы лічыце найбольш важнай ў 2011 годзе? Адказваюць вядомыя беларускія палітыкі, грамадзкія дзеячы.

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі
Экс-кандыдат у прэзыдэнты, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі адзначае ў першую чаргу зьмены, што адбыліся ў самім беларускім грамадзтве: зьмяніліся палітычныя арыенціры, каштоўнасьці.

«Відавочна, што беларусы сталі іншымі — толькі 20% падтрымлівае Лукашэнку, але 80% людзей жадаюць зьменаў. Ніколі яшчэ не было так шмат беларусаў, якія б выступалі за эўрапейскі выбар, за палітычныя перамены ў Беларусі. Таму я думаю, што зьмена, якая адбылася ў сьвядомасьці людзей, у іх сэрцы таксама — самая важная, самая істотная. Гэта вельмі натхняльная рэч, таму што праз гэта ёсьць пэрспэктывы, ёсьць шанец на лепшую будучыню нашай краіны. Гэта рэч грунтоўная, яна больш важная, чым тое, што адбылося ў нашай краіне ў палітычным жыцьці па-за гэтым».

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч
Лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч таксама лічыць, што адбыліся істотныя зьмены ў самім грамадзтве, ня толькі ў грамадзянскай супольнасьці:

«Па выніках гэтага году ўпэўнены, што краіна павінна мяняцца, што сыстэма, якая існуе, не дае пэрспэктываў, што мы мусім быць эўрапейскім народам, вяртацца ў эўрапейскую сям’ю. І вось мне здаецца, што тыя перамены, якія адбыліся ў грамадзкай сьвядомасьці, яны самыя пазытыўныя. І для мяне гэта галоўны вынік гэтага году».

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч
​Экс-старшыня Вярхоўнага Савету, прафэсар Станіслаў Шушкевіч што да вызначэньня найбольш значнай падзеі ці зьявы выказаў такое меркаваньне:

«Мне гэта цяжка зьвесьці да зьявы, але нешта я перастаў сустракаць тых, хто падтрымлівае нашага так званага „ўсенародна абранага“. Гэта значыць, што зварухнуўся мэнталітэт людзкі, нягледзячы на гэтую ашалелую прапаганду, якая ўжо так хлусіць, што сорам глядзець. Калі я па АНТ пачуў, што дзьве сотні людзей у Маскве на мітынг сабралася, а там па розных ацэнках ад 30 да 100 тысяч, дык я думаю, што, нягледзячы на ашалелую прапаганду і на мабілізацыю ўсіх сродкаў, зварухнулася ў належны бок мэнтальнасьць людзей. І наўрад ці так лёгка будзе яе накіраваць назад. І яшчэ я хачу сказаць, што ў гэтым годзе мы нядрэнна ўсьвядомілі ў палітыцы, хто ёсьць хто. Неяк, мне здаецца, ачысьцілася наша дэмакратычнае асяродзьдзе ад бруду ўсялякага. У мяне такое ўражаньне».

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Ігар Карпенка:

«Найбольш важныя падзеі былі зьвязаны з функцыянаваньнем Мытнага саюзу, а таксама з фармаваньнем адзінай эканамічнай прасторы. Зразумела, што эканоміка Беларусі наўпрост залежыць ад зьнешніх рынкаў, таму што мы вырабляем дастаткова шмат тавараў, якія ня можам спажыць на ўнутраным рынку, і стварэньне вось гэтай адзінай эканамічнай прасторы зробіць больш спрыяльныя ўмовы для зьнешняга гандлю».

Натальля Радзіна
Натальля Радзіна
Журналістка, рэдактар сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна самай галоўнай зьявай 2011 года лічыць няскоранасьць беларускага народа пасьля падзеяў 19 сьнежня, пасьля брутальнага разгону Плошчы і жорсткіх рэпрэсіяў:

«І нягледзячы на гэта, беларусы праявілі такую салідарнасьць з палітычнымі зьняволенымі! І гэта салідарнасьць ускалыхнула ўвесь сьвет. І нягледзячы на ўвесь малох рэпрэсій, які на іх абрынуўся, беларусы даказалі, што іх імкненьне да свабоды невынішчальнае. Гэта дае надзею, што ў 2012 годзе мы будзем пратэставаць і даможамся ўрэшце свабоды».

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута
Лірататуразнаўцу, палітоляга Аляксандра Фядуту больш за ўсё ўразіла народная, сапраўдная, шчырая салідарнасьць беларусаў:

«2011 год я сустракаў у славутай турме КДБ „амэрыканцы“, і пачалася яна там для мяне, гэтая салідарнасьць. Дапамога людзей, зь якімі я знаходзіўся ў адной камэры. Працягнулася яна для маёй жонкі, якая не чакала ніадкуль дапамогі, і раптам гэтая дапамога пачала зьяўляцца… Перш за ўсё, яна адчула падтрымку простых людзей. Яшчэ мяне ўразіла тая салідарнасьць, тая падтрымка, якая праявілася падчас судовага працэсу над тэрарыстамі, якія па вэрсіі сьледзтва зьдзейсьнілі выбух у мэтро. Калі я даведаўся, што маці Ўладзіслава Кавалёва жыла падчас працэсу ў людзей, якія пацярпелі ад выбуху, я зразумеў, што народ у нас сапраўды міласэрны, ён сапраўды здольны падтрымліваць адзін аднаго, і ніякая ўлада не перашкодзіць беларусам быць і заставацца менавіта такімі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG