Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго вы чакаеце ад 2012 году?


Якую падзею ў Беларусі вы лічыце найбольш важнай у 2011 годзе? Чаго чакаеце ад 2012 году?

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў
Паводле былога кандыдата ў прэзыдэнты Рыгора Кастусёва, станоўчых падзеяў у 2011 годзе фактычна не было. Затое адмоўных — шмат.

«Гэта і выбух у мэтро, і продаж „Белтрансгазу“, гэта эканамічныя і іншыя саступкі Беларусі расейскаму боку. А што чакаю ад новага году? Усё ж чакаю перамогі дэмакратыі ў нашай краіне альбо хаця б набліжэньня яе да перамогі. Гэта галоўнае спадзяваньне на 2012 год».

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб
Былы старшыня Вярхоўнага савета Мечыслаў Грыб адзначае, што самая важная падзея 2011 году была непрыемная — гэта вялікі працэнт інфляцыі і дэвальвацыі рубля, росту цэнаў.

«Страшэннае зьбядненьне насельніцтва. Гэта сыстэма будаваньня нейкага асабістага, беларускага шляху пацярпела паражэньне. І скрайнімі аказаліся нашы грамадзяне. Пацярпелі дзяржаўныя ўстановы, арганізацыі, прадпрымальнікі. Але больш за ўсіх і самымі скрайнімі і безабароннымі апынуліся грамадзяне. Ад 2012 году хацелася б чакаць нечага лепшага, добрага. Але пры цяперашняй уладзе гэта немагчыма. Бо ўлада заяўляе, што ўсё рабілася правільна, ніякіх памылак, фактычна, не было і мы абралі свой вельмі разумны шлях, правільны і ён нас некуды выведзе. Ужо 17 гадоў нас вядуць. Нічога добрага я ад гэтага году не чакаю ў эканамічным пляне, а гэта значыць і ў палітычным».

Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін
Паводле былога кандыдата ў прэзыдэнты і палітвязьня Аляксандра Казуліна, галоўная падзея 2011 году — гэта пачатак выздараўленьня народа, якое павінна завяршыцца ў 2012 годзе.

«Калі краіна хворая. Хвароба краіны вельмі сур’ёзна ўплывае і на народ. І пакуль народ ня зможа асэнсаваць, што насамрэч адбываецца, датуль у нас сытуацыя будзе ўсе горшаць і горшаць. А калі народ зможа гэта асэнсаваць і зразумець, тады працэс лячэньня пойдзе вельмі хутка. Калі мы хочам бачыць будучыню, то трэба добра ведаць сваю гісторыю. Бо ўсё адбываецца па кругах сьпіралі. Тое, што ў гэтым годзе ўлада паказала, што закона проста не існуе наогул і ўлада можа распараджацца жыцьцём, як сама лічыць патрэбным, гэта вельмі сур’ёзна. То бок, нельга браць на сябе занадта высокія магчымасьці. Сам лёс і карма робіць пэўныя высновы. Калі паглядзець на ўсходнюю філязофію і што наступны год — год чорнага дракона, год чорнай кармы, то бок уладыкі кармы. Усё закладзена ў нейкія прычыны і тыя наступствы, якія будуць, ужо не залежаць ад цябе. Гэтыя наступствы будуць абавязкова, незалежна ад указаў, дэкрэтаў і ўсяго астатняга».

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч
Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што асноўныя падзеі 2011 году ляжаць у эканамічнай сфэры. Гэта абвал спажывецкага рынку, рост цэнаў амаль у 2,5 —3 разы, гіпэрінфляцыя, падзеньне валютнага курса. Гэтыя падзеі закранулі ўвесь народ.

«Гэта пагаршэньне ўзроўню жыцьця, радыкалізацыя насельніцтва, ліквідацыя падтрымкі Лукашэнкі, якая скацілася да 20%. Гэта вынік той эканамічнай мадэлі, якая ажыцьцяўлялася ў Беларусі. Я мяркую, што выйсьця ў Беларусі ня будзе апроч як адмовіцца ад адміністратыўнай мадэлі і перайсьці на лібэральную рынкавую мадэль».

Багданкевіч не чакае ад 2012 году нейкіх рэвалюцый у Беларусі ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы.

«Гэта будзе такі застойны год, выкліканы пэўнай стабілізацыяй пасьля гэтага вялізнага абвалу. Даходы будуць недзе на гэтым жа ўзроўні, магчыма, нават крыху паменшацца. Такога абвалу валютнага курсу я не чакаю, але павольная дэвальвацыя будзе працягвацца. Шмат што залежыць ад улады, якая альбо будзе рабіць рэформы, альбо будзе спрабаваць захаваць статус-кво. Некаторыя меры будуць прымацца ўрадам Мясьніковіча. Дэнамінацыі ня будзе, бо ня будзе пераадолена інфляцыя. Я перакананы, што дэнамінацыя патрэбна, але праводзіць яе пакуль нельга. Трэба спачатку забясьпечыць пэўнае аздараўленьне эканомікі, а потым ужо рабіць дэнамінацыю. Але дэнамінацыя — непазьбежная».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG