Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што пасадзілі генэрал-маёра Азаронка


Ігар Азаронак
Ігар Азаронак

Вайсковая калегія Вярхоўнага суду прызнала хабарнікам былога камандуючага ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Ігара Азаронка, якога арыштавалі на наступны дзень пасьля разгону Плошчы.

Прысуд Ігару Азаронку зачытаў выканаўца абавязкаў кіраўніка Вайсковай калегіі Вярхоўнага суду Ўладзімер Давыдаў.

«На падставе 3 часткі 430 артыкулу Крымінальнага кодэксу Азаронка Ігара Паўлавіча пазбавіць свабоды тэрмінам на 9 гадоў з адбыцьцём пакараньня ва ўмовах калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй ўсёй маёмасьці. У адпаведнасьці з артыкулам 60 пазбавіць Азаронка вайсковага званьня генэрал-маёр».

430 артыкул — гэта артыкул аб хабарніцтве. Разам зь Ігарам Азаронкам паводле гэтага артыкулу быў асуджаны на 6 гадоў грамадзянін Расеі Андрэй Машкаўцан, які, як палічыў суд, падбухторыў камандуючага да атрыманьня хабару. За што ён даваў хабар Азаронку, засталося невядома, — працэс быў закрыты, журналістаў дапусьцілі толькі на выніковае паседжаньне. У прысудзе фігуруюць 138 мільёнаў рублёў, якія мусіць сплаціць Азаронак ў бюджэт як кампэнсацыю за атрыманыя матэрыяльныя каштоўнасьці, якія суд прызнаў хабарам. Таксама ў былога генэрала канфіскуюць тысячу даляраў, а ў ягонага саўдзельніка — 10 тысячаў даляраў, якія былі пры іх падчас арышту.

Паводле сьледзтва, Ігар Азаронак таксама абвінавачваецца ў злачынных дзеяньнях адносна боепрыпасаў. Вайсковы суд гэтае абвінавачаньне з былога камандуючага зьняў.

Да гэтага часу журналістам застаюцца невядомымі абставіны справы Азаронка. Узьнікаюць сумневы і адносна некаторых акалічнасьцяў, у прыватнасьці, дня арышту Ігара Азаронка. Нібыта гэта 20 сьнежня 2010 году, бо менавіта з гэтага дня паводле прысуду будзе лічыцца тэрмін ў 9 гадоў зьняволеньня генэрала. Між тым, іншыя крыніцы кажуць, што Ігара Азаронка затрымалі яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

У прыватнасьці, гэтак кажа лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які пасьля мітынгу 19 сьнежня быў прывезены ў СІЗА КДБ. Паводле зьвестак Анатоля Лябедзькі, Ігар Азаронак на той момант там ужо быў.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Я сядзеў у сьледчым ізалятары КДБ, калі там быў Азаронак, а таксама сядзеў зь людзьмі, якія былі зь ім раней ў адной камэры. Пра Азаронка былі толькі станоўчыя водгукі. Расказвалі, што ў ноч з 19 на 20 сьнежня ён ня спаў, хадзіў туды-сюды і, відаць, чакаў, што будуць перамены. А па-другое, калі я ўжо выйшаў з „амэрыканкі“ і размаўляў зь людзьмі з абароннага ведамства, то чуў наступнае. Сярод іх ходзіць вэрсія, што яшчэ да 19 сьнежня паступіў загад усім падразьдзелам мінбароны быць гатовымі да падаўленьня выступленьняў людзей, але ён адрэагаваў на гэта скрайне нэгатыўна і яму за гэта зрабілі справу, што ён нібыта хабар хацеў атрымаць. Ведаю, што ў „амэрыканцы“ Азаронак паводзіў сябе абсалютна прыстойна. Чалавек ён годны і, калі там зьявіліся гэтая „маскі“, зь ім ўзьнікалі вялікія праблемы, бо ён проста адмаўляўся падпарадкоўвацца незаконным загадам».

Калі судзьдзі сыходзілі з судовай залі, Ігар Азаронак пасьпеў гучна сказаць на іх адрас: «Будзьце вы праклятыя, марыянэткі». Другі асуджаны Андрэй Машкаўцан прысуд ніяк не пракамэнтаваў.

Адвакат і сваякі Ігара Азаронка размаўляць з журналістамі адмовіліся. Прысуд лічыцца ўступіўшым ў дзеяньне зь сёньняшняга дня, 12 сьнежня. Цягам дзесяці дзён асуджаныя могуць падаць толькі наглядную скаргу.

Родныя Азаронка на журналістаў: "Сьцярвятнікі!"
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:31 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG