Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: Няпомняшчых судзяць за лаянку, якую нібыта чуў маёр міліцыі


Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Алена Цалкова вярнула на дапрацоўку ў міліцыю пратакол, складзены, нібыта за дробнае хуліганства грамадзкага актывіста, пэнсіянэра МУС Уладзімера Няпомняшчых.

Раней судзьдзя Марына Дамненка аштрафавала былога капітана міліцыі Ўладзімера Няпомняшчых на 105 тысяч рублёў. Да таго ж, Няпомняшчых адбыў некалькі сутак ў ізалятары, куды яго пасадзілі супрацоўнікі МУС на распараджэньне намесьніка начальніка міліцыі Цэнтральнага раёну Гомеля Андрэя Пархоменкі.

На скаргу Няпомняшчых абласны суд адмяніў пакараньне, угледзеўшы ў пратаколах Цэнтральнага райаддзелу міліцыі нагрувашчваньне парушэньняў. Міліцыя сьцьвярджала, што 7 кастрычніка затрыманы расклейваў налепкі пра Народны сход на праспэкце Леніна ды яшчэ брыдка лаяўся.

На першым судзе 10 кастрычніка Няпомняшчых пацьвердзіў, што сапраўды прыклеіў на слупе налепку пра Народны сход. За гэта Ўладзімера аштрафавалі на 175 тысяч рублёў як за парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства.

Абвінавачваньні ў лаянцы Няпомняшчых абверг. Дарэчы, пра лаянку напісаў у рапарце толькі опэрупаўнаважаны крымінальнага вышуку маёр міліцыі Валер Амельчанка. Ніхто іншы, акрамя Амельчанкі, гэту лаянку ня чуў.

«Дык можа я вам на вуха лаяўся?» — пацікавіўся на судзе былы капітан міліцыі ў маёра Амельчанкі.

«Не, вы лаяліся ўголас», — адказаў Амельчанка.

Як высьветліла судзьдзя Цалкова, маёр Амельчанка і пратакол склаў без подпісу абвінавачанага, і пра абставіны лаянкі ня змог патлумачыць канкрэтна, і чый спакой парушыў лаянкай пэнсіянэр, ня ведаў.

Пасьля гэтага судзьдзя накіравала пратакол на дапрацоўку.

«Судзьдзя і міліцыянт знаходзяцца ў адной сыстэме, таму і накіраваў пратакол на дапрацоўку. У дэмакратычнай краіне маёр Амельчанка пазбавіўся б ужо сваёй пасады. А ў нас мана і подласьць усё яшчэ праходзяць», — лічыць Уладзімер Няпомняшчых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG