Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Брэжнеў 21-га стагодзьдзя"


10-тысячны зьезд партыі "Адзіная Расея" ў мінулую нядзелю вылучыў Уладзімера Пуціна кандыдатам у прэзыдэнты Расейскай Фэдэрацыі. Як ацэньваюць патэнцыйны трэці прэзыдэнцкі тэрмін Пуціна ў сувязі з апошнімі інтэграцыйнымі ініцыятывамі беларускія палітыкі і палітолягі?

Лідэр партыі "Справядлівы сьвет" Сяргей Калякін адзначае, што цяпер расейская партыя ўлады і Ўладзімер Пуцін ня маюць такой адзінадушнай падтрымкі ў Расеі, якая была на папярэдніх выбарах. Паводле цяперашніх рэйтынгаў, "Адзіная Расея" на бліжэйшых выбарах не атрымае канстытуцыйнай большасьці ў Думе, але ў тым, што Пуцін у цяперашніх умовах стане прэзыдэнтам Расеі трэці раз, сумненьня ў спадара Калякіна няма:

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін
"Для Лукашэнкі Пуцін – больш складаны партнэр, чым Мядзьведзеў, на мой погляд. У той жа час нічога кардынальна пэрсаналіі тут не памяняюць. У Расеі ёсьць інтарэсы ў адносінах да Беларусі, ёсьць геапалітычныя інтарэсы, і яна будзе іх пільнаваць".

Пасьля выбараў афіцыйнаму Менску болей ня ўдасца атрымліваць з Расеі грошы ў абмен на пустыя абяцаньні, мяркуе спадар Калякін. Ніхто не зьбіраецца бясплатна ўтрымліваць Лукашэнку, прычым пасьля пераабраньня Пуціна яго цяперашнія інтэграцыйныя ініцыятывы могуць і астыць.

Пуцін моцна зьмяніўся ў параўнаньні з першымі двума прэзыдэнцкімі тэрмінамі, кажа палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
"Ён відавочна забранзавеў. Калі раней у яго была нейкая дэмакратычная рыторыка, ён хацеў падабацца Захаду, то цяпер ён усё больш пачынае нагадваць застойнага лідэра, гэткага Брэжнева 21-га стагодзьдзя. Палітыка і рыторыка робіцца ўсё болей кансэрватыўнай".

Пасьля выбараў Пуцін можа зусім скінуць маску ў сваёй экспансіянісцкай палітыцы адносна Беларусі, мяркуе Аляксандар Класкоўскі:

"Пасьля выбараў, калі ня будзе патрэбы надта цырымоніцца, пачнецца выкручваньне рук. Пуцін – стары самбіст, і ён будзе дзейнічаць адпаведнымі мэтадамі. Вось тады і беларускае кіраўніцтва можа зноў схапіцца за рыторыку ў духу Зянона Пазьняка, загаворыць пра імпэрыю, пра прагных алігархаў з Усходу. Толькі ці ня будзе позна?"

Аляксандар Класкоўскі перакананы, што Пуцін і ўся расейская вярхушка Расеі імпэрскага духу ня страціла, і ў той ступені, у якой гэта будзе магчыма, яна будзе пашыраць сваю эканамічную і палітычную экспансію, адна з формаў якой – Эўразійскі саюз.

Праўладны палітоляг Сяргей Мусіенка мяркуе, што Беларусі няма чаго баяцца Пуціна ў часе ягонага трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну:

Сяргей Мусіенка
Сяргей Мусіенка
"Тым больш апошнія гады мы назіраем эвалюцыю Пуціна ад разуменьня Беларусі ў духу "мухі і катлеты" да Эўразійскага саюзу. Наша вытрыманая, ураўнаважаная пазыцыя, мяркую, зрабіла ўплыў і на ягоныя погляды".

Сяргей Мусіенка мяркуе, што дзякуючы ідэі Эўразійскага саюзу Расея адмовілася ад "зьбіраньня зямель", ад прапановаў на адрас Беларусі стаць асобнай фэдэральнай акругай:

"Калі пайшло ўжо такое, то я спадзяюся, што ня будзе вяртаньня да гэтых дурных думак. Тым больш яны ня маюць падтрымкі ні ў Казахстане, ні ў Беларусі, ды й тая ж Украіна рэзка адвернецца ад любых такіх імпэрскіх праяваў".

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш
Дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш таксама кажа, што Пуцін істотна зьмяніўся ў параўнаньні з другім прэзыдэнцкім тэрмінам. Цяпер ён меней прыслухоўваецца да зваротнай сувязі, але тая сыстэма, якую ён выбудаваў у Расеі, дасягнула свайго піку і мусіць неяк мяняцца.

Разам з тым спадар Коктыш прызнае, што, нягледзячы на апошнія інтэграцыйныя ініцыятывы, энэргетычныя і крэдытныя пагадненьні Масквы і Менску, узровень недаверу з боку Ўладзімера Пуціна да Аляксандра Лукашэнкі ня зьменшыўся:

"Недавер, зразумела, працягнецца. На ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва мы пакуль фіксуем той жа самы недавер, які існаваў з 2005 году, зь першага канфлікту, з тых жа самых "мух і катлет".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG