Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандалам завяршыўся візыт Лявона Вольскага на TUT.BY


Онлайн-трансляцыя канцэрту Лявона Вольскага ў жывым эфіры на партале TUT.BY-ТБ на сярэдзіне была спыненая. "Мы мелі падставы, каб гэта зрабіць, калі Лявон пачаў адкрыта зьдзекавацца над дзяржаўнымі асобамі", - распавёў сайту "Тузін гітоў" генэральны дырэктар TUT.BY Юры Зісер. Самому Вольскаму аб спыненьні трансьляцыі паведамілі толькі калі ён выйшаў з студыі пасьля гадзіннага эфіру.

Сустрэча зь Лявонам Вольскім у прамым эфіры на партале TUT.BY-ТБ анансавалася ў 14.00 25 кастрычніка. Меркавалася зладзіць онлайн-прэзэнтацыю яго кнігі "Міларусь", а таксама канцэрт з лепшых песьняў. У час размовы Вольскі згадаў пра сытуацыю, у якой апынуўся яго калега Сяргей Міхалок, а таксама паразважаў аб тым, што прагляд дзяржаўных тэлеканалаў уяўляе сабой сэанс мазахізму.

Калі справа дайшла да выкананьня песьняў з праекту "Cаўка і Грышка", онлайн-трансьляцыю вырашана было спыніць. Але самому Лявону пра гэта не сказалі - гутарка і канцэрт у студыі працягваліся яшчэ з паўгадзіны. Неўзабаве ўся інфармацыя, якая тычыцца гэтай прэзэнтацыі, была выдаленая са старонак TUT.BY.

"У нас ніколі яшчэ не здаралася падобнага, - прызнаўся ў інтэрвію" Тузіну гітоў "генэральны дырэктар TUT.BY Юры Зісер. - Але мы мелі падставы, каб прыпыніць трансьляцыю, калі Лявон пачаў адкрыта зьдзекавацца над дзяржаўнымі асобамі. Мяркую, што гэта недагляд нашых супрацоўнікаў. У далейшым будзем заклікаць іх больш старанна і ўважліва рыхтавацца да эфіру".

Рэдактар TUT.BY Марына Золатава патлумачыла, што частка інтэрвію Вольскага "супярэчыла канцэпцыі парталу". Яна ўдакладніла, што гаворка ідзе пра адну зь песьняў, але не назвала, пра якую менавіта.

Сам Лявон Вольскі прызнаўся ў размове з "ТГ", што нават крыху разгубіўся, калі даведаўся, колькі перапалоху нарабіў яго выступ на TUT.BY.

"Мне нават цяжка ўявіць, што дало падставы для адключэньня эфіру. З майго боку не гучала ні заклікаў да зьвяржэньня дзяржаўнага ладу, ні абраз самі-ведаеце-каго, не было ніякіх дзеяньняў сэксуальнага характару. І не лаяўся я, здаецца. Магчыма, проста моцна размахваў рукамі, гэта ў нас цяпер таксама небясьпечна ".

Выканаўца дзівіцца таму, што такую рэакцыю ў кіраўніцтва TUT.BY выклікала яго песьня "Маналёг Саўкі" - гумарэска аб тым, як старшыня выбарчай камісіі выпадкова патрапіў пад зачыстку пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Трансьляцыю спынілі менавіта падчас яе выкананьня.


Маналёг Саўкі на канцэрце ў клюбе Loft у Менску 28.06.2011

У інтэрвію Радыё Свабода Лявон Вольскі паведаміў:

"Я падазраю, што там, дзе я агучваў рэцэпцыю эльзаскага choucroute (ёсьць такая страва з капусты) - можа быць гэта не ўпісалася ў гастранамічную канцэпцыю каналу, ня ведаю... Тое, што "Маналёг" спынілі пасьля - неяк нелягічна, трэба было спыняць адразу. Цяжка растлумачыць. Можа быць па нейкіх нюансах я зразумеў, што гэтая песьня ня надта ім спадабалася. Але гэта ўсё я зразумеў ужо пасьля.

Мне вельмі цяжка меркаваць, бо раней на гэтым партале былі і вастрэйшыя рэчы - са мной і зь іншымі вядоўцамі, і нічога такога не ўзьнікала.

Ну, ва ўсялякім выпадку ў інтэрвію і ў адозвах на мас-мэдыях я напэўна надрукую, калі будуць мяне запрашаць як мастака, артыста, музыку - яны мусяць ведаць, што ўва мне не прысутнічае ўнутраны цэнзар..."

Рэдакцыя TUT.BY усё ж абяцае выкласьці відэа-канцэрт і размову зь Лявонам Вольскім. Ужо ў адрэдагаваным выглядзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG