Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Фінал Кадафі — гэта ўрок усім аўтарытарным і жорсткім кіраўнікам»

абноўлена

Інфармацыйныя агенцтвы сьвету паведамляюць, што былы лібійскі лідэр Муамар Кадафі памёр ад ран, атрыманых падчас захопу каля яго роднага горада Сірт. Гэтаму папярэднічала паўгода збройнага канфлікту паміж прыхільнікамі і праціўнікамі ягонай улады.

Уладзімер Някляеў: «Гэта лёс усіх рэжымаў, якія трымаліся на сіле, гвалце і рэпрэсіях»

Уладзімер Някляеў
«Зьдзейсьнілася тое, што і павінна было зьдзейсьніцца — абрынулася дыктатура і ня стала дыктатара. Гэта лёс усіх дыктатур і ўсіх рэжымаў, якія трымаліся на сіле, гвалце і рэпрэсіях. Вельмі вялікай цаной дасталася лібійскаму народу ягоная перамога. Вельмі вялікай. Мне б асабіста, і ня толькі мне, а нікому б з нас не хацелася б заплаціць за свабоду беларускага народу гэткай цаной. Таму, паколькі мы ўсё ж-такі крыху адрозьніваемся паводле нашага мэнталітэту, па сьвядомасьці, ад тых людзей, якія жывуць у Афрыцы, нам трэба думаць пра будучыню, думаць як пазьбегнуць такога разьвіцьця падзей. Каб усё ж-такі з тае сытуацыі, у якой мы сёньня знаходзімся, мы выйшлі больш бясьпечным шляхам».

Уладзімер Лабковіч: «Немагчыма застацца беспакараным за бесчалавечную дыктатуру»

Уладзімер Лабковіч
«Шкада, што чалавек, на якога выпісаны ордэр Міжнародным гаагскім трыбуналам, так і не паўстане перад гэтым трыбуналам. Бо вельмі важна, каб захоўваліся міжнародныя стандарты. Безумоўна, тыя парушэньні правоў чалавека, тыя дзеяньні, якія гэты чалавек учыняў падчас сваёй дыктатуры, заслугоўваюць поўнага і ўсебаковага разгляду ў межах міжнароднага трыбуналу. Але зь іншага боку ёсьць вялікае спадзяваньне, што гэта завяршэньне вялікай драмы, якая вось ужо некалькі месяцаў разгортваецца ў Лібіі. І што краіна, дзе, на жаль, гэтым чалавекам цалкам разбураныя і не змаглі нават крыху ўтварыцца структуры грамадзянскай супольнасьці, зможа іх стварыць з нуля і зможа стаць прыкладам для свайго рэгіёну — як ад крывавай і абсалютна бесчалавечнай дыктатуры можна перайсьці да адкрытага грамадзтва і дэмакратычнага ладу жыцьця.

Канечне, гэта знак усім іншым дыктатарам, якіх у сьвеце яшчэ хапае, што нават неабмежаваная ўлада, нават жорсткае ўжываньне сілы, нават парушэньне міжнародных законаў і зьдзяйсьненьне злачынстваў, якія караюцца міжнародным правам, не абараняюць чалавека ад такога пакараньня за свае ўчынкі. Хто б мог падумаць яшчэ год таму, калі ў чалавека была неабмежаваная ўлада, калі ён, нібыта самадур, мог вытвараць усё, што заўгодна, і ня толькі ў сваёй краіне, але і падчас візытаў у іншыя краіны, што ён скончыць гэткім чынам. Гэта, канечне, сыгнал пра тое, што немагчыма застацца беспакараным, калі ты абраў шлях усеагульнай улады і бесчалавечнай дыктатуры».

Дзьмітрый Вус: «І наш лідэр Лукашэнка павінен пра гэта задумацца»

Дзьмітрый Вус
«Кадафі — вельмі ўпарты і неадэкватны чалавек у сваіх паводзінах. За ўладу ён гатовы быў трымацца ўcімі сіламі і нават жыцьцём ахвяраваў дзеля таго, каб заставацца пры ўладзе. Няправільна ўтрымліваць уладу такім незаконным мэтадам. Ён мог зрабіць пераходны ўрад, адысьці ад улады, не даводзіць Лібію да грамадзянскай вайны. Ён кіраваў не дэмакратычна, таму і лёс яго напаткаў такі, як Мілошавіча і Хусэйна. Я думаю, што і наш лідэр Лукашэнка павінен пра гэта задумацца. А менавіта — перадаць уладу дэмакратычным шляхам і не даводзіць Беларусь да грамадзянскай вайны».

Аляксандар Класкоўскі: «Фінал Кадафі — гэта ўрок усім аўтарытарным і жорсткім кіраўнікам»

Аляксандар Класкоўскі
«Гэта заканамерны фінал дыктатара. Прычым гэта лідэр, які лічыўся харызматычным, які шмат гадоў у жалезным кулаку трымаў краіну. Да таго ж ён вынішчыў усялякую палітычную альтэрнатыву. І вось гэты ягоны фінал — гэта ўрок усім аўтарытарным і жорсткім кіраўнікам. Бо некаторым здаецца, што — вось яны заціснулі ўсе гайкі і схапілі Бога за бараду. Але сацыяльны выбух у выніку бывае зьнішчальны. У кожным разе — для таго чалавека, які будуе такую піраміду ўлады».

Эдуард Скобелеў (пісьменьнік, біёграф Аляксандра Лукашэнкі): «Сьмерць Кадафі — гэта выяўленьне разбою ў сьвеце»

«Сьмерць Муамара Кадафі — гэта выяўленьне разбою, які творыцца ў сьвеце. Яго выраклі на гэтыя пакуты толькі таму, што ён прапанаваў, каб гандаль нафтапрадуктамі адбываўся не за даляры, а за золата. Некаторыя колы спалохаліся за свае прыбыткі. Вось адсюль і ўвесь гэты непарадак, і ўся гэтая зараза. Вось усё, што магу сказаць».

Муамар Кадафі: шлях дыктатара


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG