Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сеткавыя рэвалюцыянэры" просяць падтрымкі


Вячаслаў Дзіянаў, адзін з адміністратараў групы "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку", зьвярнуўся да лідэраў беларускай апазыцыі, актывістаў, неабыякавых грамадзян з заклікам аб дапамозе і сумеснай працы.

Ад імя групы адміністратараў "Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку" Дзіянаў выказвае перасьцярогу, што гэтая ініцыятыва можа зайсьці ў тупік, і прызнаецца, што ім не хапала досьведу, з-за чаго яны сутыкнуліся з шэрагам праблем:

"Я ня лідэр. Мне не хапае ні палітычнага вопыту, ні асабістых якасьцяў, ні аўтарытэту ў Беларусі. Так, і маё месцазнаходжаньне не дазваляе сказаць, што я разам з тымі людзьмі, якія выходзяць на плошчу. Я ўсё гэта разумею і прызнаю. Прапановаў паступала шмат, але я бачыў у іх або пагрозу, або няправільнасьць меркаваньняў. Гэта мая памылка, маё суб'ектыўнае неразуменьне ўсёй карціны таго, што адбываецца. Адсюль зьявіліся асабістыя крыўды на мяне: што са мной нельга дамовіцца, што я раблю гэта толькі з-за асабістай выгады. Я прызнаю свае памылкі і памылкі нашай групы", — піша Дзіянаў.

Дзіянаў піша, што разумее стомленасьць і адчай тых, хто пайшоў на іх заклік:

"Але трэба шукаць выйсьце, таму што ідэя жывая. Сацыяльныя сеткі — гэта сувязь зь людзьмі, гэта магчымасьць быць пачутым, і гэта адзін з мэханізмаў арганізацыі і правядзеньня акцыяў пратэсту. Пакуль ідэя жывая і не забытая, трэба зрабіць усё магчымае, каб яна ня згасла, каб тыя людзі, якія паверылі, што можна перамагчы гэтую цемру, былі разам!"

Дзіянаў заклікае ўсіх, хто хоча пераменаў у Беларусі, прымаць супольныя рашэньні аб правядзеньні новых акцыяў, аб іх фармаце і далейшай дзейнасьці.

Ён прапануе сфармаваць раду з палітыкаў, аналітыкаў, палітолягаў, каб прымаць супольныя рашэньні, і далучыць да кіраўніцтва групы "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" новых аўтарытэтных людзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG