Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч: Ермакова будзе тэхнічным выканаўцам

абноўлена

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка прызначыў кіраўніцу найбуйнейшага беларускага дзяржаўнага банку "Беларусбанк" Надзею Ермакову старшынёй Праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі.

Як паведамілі БЕЛТА у прэс-службе кіраўніка дзяржавы, указ аб гэтым Аляксандр Лукашэнка падпісаў 27 ліпеня.

27 ліпеня Аляксандар Лукашэнка прыняў Ермакову з дакладам. Размова ішла пра сытуацыю ў банкаўскай сфэры. Ермакова, сярод іншага, характарызуючы ў цэлым сытуацыю ў банкаўскай сыстэме і на фінансавым рынку, адзначыла яе стабілізацыю.


Былы прэм'ер-міністар Міхаіл Чыгар: Гэта прызначэньне сьведчыць, што Аляксандар Лукашэнка працягвае абапірацца на старыя, правераныя і аддадзеныя яму кадры. Ермакова відавочна ня ведае ўсяго, што трэба ведаць на гэтай пасадзе. Але калі яна будзе слухаць парады дарадцаў, спэцыялістаў, якія там працуюць, то будзе нармальна выконваць свае абавязкі. Як яна стане сябе паводзіць на гэтай пасадзе, пакуль цяжка сказаць.


"Ермакова не аўтарытэт для Лукашэнкі, яна будзе проста тэхнічным выканаўцам"


Былы старшыяны НБ Станіслаў Багданкевіч: "Я ацэньваю прызначэньне Надзеі Ермаковай, як працяг кадравай палітыкі Лукашэнкі, калі ён вылучае людзей, асабіста аддадзеных, кар'ера якіх стопрацэнтна залежыць ад добрай волі Лукашэнкі. Ермакова амаль не займалася макраэканомікай. Але на гэтай пасадзе найперш мусіць быць макраэканаміст, якія разьбіраецца ў рычагах працэнтаў, крэдытаў, які могуць уплываць на эканамічнае разьвіцьцё. А яна – практык. Гэта тэхнічна падрыхтаваны чалавек, але не макраэканаміст.

Гэта для мяне не было вялікай нечаканасьцю. Але я ўсё ж спадзяваўся, што вярнуць Паўла Калаўра, які зараз узначальвае Зьнешэканомбанк.
Гэта для мяне не было вялікай нечаканасьцю. Але я ўсё ж спадзяваўся, што вярнуць Паўла Калаўра

Мяркую, на гэтай пасадзе Ермакова будзе простым выканаўцам. Я лічу, што тут патрэбна асоба, якая будзе адстойваць прынцыпы, зьвязаныя з валютным рынкам, інфляцыяй. У аснове эканомікі ляжыць правільная манэтарная палітыка, патрэбны аўтарытэт, які б не дазваляў прэзыдэнту разбураць фінансавы рынак. Ермакова ня можа стаць такім аўтарытэтам, яна будзе проста тэхнічным выканаўцам".


Чалы: Прыйшла Ермакова і сказала, што ўсё ў парадку. Яе і прызначылі


Эканаміст Сяргей Чалы: Галоўным чыньнікам прызначэньня Ермаковай стала чыста псыхалягічныя прычыны. Памятаеце, нядаўна Лукашэнка спасылаўся на кітайскіх спэцыялістаў, якія пацьвердзілі правільнасьць беларускага шляху. Было відаць, што Лукашэнка шукаў таго, хто яго зразумее. І вось калі адны казалі, што трэба рэформы, жорсткая манэтарная палітыка, рынкавае курсаўтварэньне і іншае, то прыйшла Ермакова і сказала, што ўсе ў парадку, курс і так адпавядае попыту. І выбар быў зроблены на карысьць чалавека, які кажа, што ўсё добра і рабіць нічога ня трэба

Калі хвораму адзін доктар када, што трэба цяжкая апэрацыя, а іншы – што ўсё нармальна, прымем вітаміны і ўсё пройдзе. То ясна, якога доктара выбера пацыент.


Надзея Ермакова


Нарадзілася ў 1953 годзе ў вёсцы Разальмова Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласьці.

У 1978 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі.

Пасьля заканчэньня ў 1971 годзе Пінскага ўлікова-крэдытнага тэхнікума працавала крэдытным інспэктарам, старшым крэдытным інспэктарам, намесьнікам кіраўніка Хоцімскага аддзяленьня Дзяржбанка, намесьнікам кіраўніка Кіраўскага аддзяленьня Дзяржбанка, кіраўніком Шклоўскага аддзяленьня Дзяржбанка, намесьнікам старшыні райвыканкама і старшынёй плянавай камісіі Шклоўскага райвыканкама, загадчыкам фінансавага аддзела Шклоўскага райвыканкама, кіраўніком аддзяленьня Белаграпрамбанка ў Шклове.

З 1996 года -- намесьнік старшыні праўленьня "Беларусбанку", потым -- старшыня праўленьня "Беларусбанку".

З 1999 года - старшыня грамадзкага аб'яднаньня "Беларускі саюз жанчынаў".
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG