пятніца, 24 кастрычніка 2014, Менск 16:26

Праграмы / 1991 вачыма ўдзельніка

Як БНФ дамогся праўды пра Чарнобыль

Сяргей Навумчык. Авальная заля, чэрвень 1991 г.Сяргей Навумчык. Авальная заля, чэрвень 1991 г.
x
Сяргей Навумчык. Авальная заля, чэрвень 1991 г.
Сяргей Навумчык. Авальная заля, чэрвень 1991 г.
1991-шы вачыма ўдзельніка

Алесь Адамовіч, які першым у Беларусі пачаў “біць у званы” пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у студзені 1991-га сказаў: “вельмі важна, што калі ўтварыўся БНФ, дык павёў усіх на барацьбу з гэтай сакрэтнасьцю, з гэтай хлусьнёй, з гэтай здрадай. Гэта ўжо быў зусім іншы ўзровень, тут ужо начальства спужалася гневу народнага, суду ня толькі гісторыі, але і народнага суду – і пачало адступаць”.
 
Чарнобыльская  тэма  сапраўды  была адной з галоўных для Беларускага Народнага Фронту зь першых дзён заснаваньня.
 
У траўні 1990-га дэпутаты  БНФ запатрабавалі  расьсьледаваньня абставінаў хаваньня інфармацыі аб Чарнобыльскай катастрофе. Ад мікрафона з такой прапановай ужо ў першы дзень першай сэсіі  Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня выступіў Лявон Баршчэўскі. Празь некалькі дзён камісія была створаная, і мяне ўключылі ў яе склад. Узначаліў Часовую Камісію ВС па ацэнцы дзейнасьці службовых і іншых адказных асобаў у сувязі зь ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС  доктар мэдычных навук, прафэсар  Рыгор Вячэрскі.  

Мы апыталі  навукоўцаў і грамадзкіх дзеячоў (прафэсара Несьцярэнку, пісьменьніка Алеся Адамовіча) – тых, хто адразу пасьля чарнобыльскай катастрофы папярэджваў пра пагрозу, а таксама тагачасных высокіх чыноўнікаў, міністраў і генэралаў, якія праўду пра Чарнобыль ўтойвалі.  Праўда, і не ўдалося пагутарыць з былым старшынём Савету Міністраў СССР Мікалаем Рыжковым і генэральным сакратаром ЦК КПСС Міхаілам Гарбачовым (хаця з Гарбачовым у мяне ў лютым 91-га кароткая гутарка была, ён абяцаў сустрэцца і адказаць на нашыя пытаньні. Не сустрэўся). Аднак мы атрымалі абсалютна дакладную інфармацыю, што ў Крамлі ўжо ў самыя першыя дні  мелі дастаткова поўную інфармацыю пра ступень небясьпекі – і менавіта адтуль пайшла жорсткая каманда – маўчаць.

Перад намі вымалёўвалася карціна суцэльнай хлусьні

Паступова перад намі вымалёўвалася карціна суцэльнай хлусьні, у якую, як у варонку,  уцягваліся партыйныя сакратары, міністры,  навукоўцы, лекары. У Беларусі мэханізм  хлусьні кантраляваўся кампартыяй і КДБ.

13-14 чэрвеня 1991 г. Камісія зрабіла справаздачу Вярхоўнаму Савету.

Паводле рашэньня ВС, тэлезапіс справаздачы і дэбатаў быў цалкам паказаны па тэлебачаньні – у наступныя некалькі дзён, і я запісаў яго на відэамагнітафон. 

Наколькі ведаю, гэта – адзіны поўны відэазапіс разгляду нейкага пытаньня на сэсіі, які захаваўся не ў дзяржаўнай установе, іншыя ёсьць у толькі ў фрагмэнтах. Некалькі гадоў таму мне расказалі, што на беларускім тэлебачаньні зьнішчылі тысячы гадзінаў унікальнага архіўнага матэрыялу – спэктакляў і тэлепастановак, творчых вечарынаў (у тым ліку і 50-годзьдзя Караткевіча), інтэрвію зь пісьменьнікамі, мастакамі – словам, шмат з таго, што назапашвалася дзесяцігодзьдзямі і што зьяўляецца культурным здабыткам нацыі. Зусім магчыма, што размагнічаныя і запісы сэсіяў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, які прымаў незалежнасьць Беларусі – ва ўсялякім разе, поўны камплект стэнаграмаў выкінулі з Дому ўраду на сьметнік.

Але запіс абмеркаваньня чарнобыльскага пытаньня ў мяне захаваўся – і ён даносіць да нас галасы тых дзён.
 
Агульную справаздачу камісіі зрабіў яе старшыня камісіі Рыгор Вячэрскі.

І таварыш Слюнькоў, і таварыш Кавалёў раілі не панікаваць і не хваляваць народ

Вячэрскі: "Першы сакратар ЦК КПБ Слюнькоў, бюро ЦК КПБ валодалі інфармацыяй у поўным аб’ёме ўжо 29 красавіка 1986 году. Аналягічную інфармацыю меў і старшыня Савета  міністраў Кавалёў, у якога ў гэты самы дзень адбылася апэратыўная нарада, у якой удзельнічалі міністар аховы здароўя БССР Саўчанка, яго супрацоўнікі Кондрусеў, Іўчанка, а таксама Мазай, старшыня Мінгарвыканкаму Міхасёў і начальнік штабу грамадзянскай абароны БССР Грышчанін. І таварыш Слюнькоў, і таварыш Кавалёў раілі не панікаваць і не хваляваць народ, бо нічога, маўляў, страшнага не адбылося. Вынікам такіх безадказных паводзін першых кіраўнікоў рэспублікі, а таксама і адпаведных кіраўнікоў вобласьцяў і райцэнтраў рэспублікі, жыхары Беларусі разам зь дзецьмі былі паўсюль выведзеныя на першамайскую дэманстрацыю. Сьлюнькоў і Саўчанка, якія выступілія потым з экранаў тэлебачаньня, суцяшалі насельніцтва рэспублікі байкамі аб тым, што зноў “страшнага нічога не адбылося, што ніякай дапамогі Беларусі не патрэбн,а і мы хутка самі ўправімся з гэтай аварыяй”.
Navumchyk 1991 - 1i
|| 0:00:00
...
 
🔇
X
11.07.2011 17:44
Navumchyk 1991

Выступае дэпутат Рыгор Вячэрскі

Злачынным зьяўляецца тое, што ўсё, што зьвязана з Чарнобыльскай катастрофай было строга-настрага засакрэчана ад народу і абсалютнай большасьці мэдыцынскіх работнікаў. Гэтыя каманды паступалі асабіста ад Рыжкова (у нас ёсьць дакумэнтальны запіс гутаркі на стужцы), ад Петрасьянца, Шчарбіны, Шульжэнкі, Бакшутава і Ізраэля. Аднак, усе тэлеграмы аварыйнага пэрыяду зьнішчаны. Указаныя вышэй кіраўнікі ўхіліліся ад вырашэньня неадкладных праблем, спароджаных катастрофай, хавалі праўду ад свайго народу...

Быў дадзены загад зьмешваць брудныя і чыстыя тушы жывёлін

... Быў дадзены загад зьмешваць брудныя і чыстыя тушы жывёлін у прапорцыях ад 1 к 10 да 1 к 1. Забруджанае мяса непрыхавана развозілася па рэспубліцы і краіне. Толькі са складу “Заходні”, што ў Смалявічах, які наведала наша камісія, дзясяткамі і сотнямі тон забруджанае радыёнуклідамі мяса было адгружанае ў 55 пунктаў рэспублікі. Вось тут назва гэтых пунктаў. Каля 2000 забруджанага радыёнуклідамі мяса знаходзіцца на гэтым складзе і да сёньня. Гэта мяса адпраўлялася “ад Масквы да самых да акраін” – ад Брэсту да Ташкенту. Гэта сьвядомае злачынства, бо мяса ішло ў ежу людзям, у тым ліку і дзецям”.
 
Калі мы апытвалі міністраў і генэралаў, нам казалі, што ня варта засяроджвацца на мінулым (“што было, тое прайшло”),  што трэба жыць рэчаіснасьцю.  Але ў рэчаіснасьці – злачынствы працягваліся, і распараджэньні ізноў ішлі з ЦК КПБ.

Вячэрскі: “Сеяньне і зьбіраньне ўраджаю, пачынаючы зь вясны 1986 году і па сёньняшні дзень выконваецца сыстэматычна. Усё ідзе ў ежу людзям і на корм жывёле. Сабраны і фактычна ўжыты ўраджай і 1990 году. І гэта практыка сьвядома працягваецца".

Злачынствы працягваліся, і распараджэньні ізноў ішлі з ЦК КПБ

29 жніўня 1990 году на сумесным паседжаньні бюро ЦК КПБ і Савету Міністраў БССР пратакол нумар 17/10 пад старшынствам Івана Кеніка было прынята рашэньне аб сеяньні азімых культур пад ураджай 1991 году на тэрыторыях са шчыльнасьцю забруджваньня ад 15 да 40 кюры на квадратны кілямэтар. Праведзеная веснавая сяўба ў гэтых раёнах і ў гэтым годзе. Усё гэта сьведчыць аб тым, што ў забруджаных раёнах сельскагаспадарчая дзейнасьць выконваецца сыстэматычна, нягледзячы на выключэньне шэрагу зямель зь севаабароту.

Толькі ў Веткаўскім раёне Гомельскай вобласьці, які фактычна ўвесь амаль належыць адсяленьню, у 1990 годзе быў сабраны ўраджай з плошчы 7 000 га. І ўжо рэалізаваны. Аналягічная карціна назіраецца ў Буда-Кашалёўскім, Нараўлянскім, Краснапольскім і другіх раёнах рэспублікі. Як бачыце, па ўказцы кіруючых і адказных асоб пры гэтым прынамсі сьвядома насельніцтва рэспублікі знаходзіцца пад уплывам  зьнешняга і ўнутранага радыёактыўнага апраменьваньня”.

Было сказана і пра тых навукоўцаў, якія прапанавалі “35-бэрную канцэпцыцю” , якая апраўдвала прыжаваньне людзей на так званых “слабазабруджаных” тэрыторыях – хаця ўжо ў 1991 годзе меліся дадзеныя пра адмоўны ўплыў малых дозаў радыяцыі на здароўе.

Вячэрскі: “Такім чынам, вывучыўшы і прааналізаваўшы вялізную колькасьць фактычных матэрыялаў і дакумэнтаў і на аснове сустрэч з шэрагам дзяржаўных і другіх адказных асоб, камісія прыйшла да наступных высноў:

Першае: Дзейнасьць службовых і другіх адказных асоб, закліканых прыняць поўныя і эфэктыўныя меры па ліквідацыі вынікаў аварыі на ЧАЭС у шэрагу выпадкаў зьяўляецца безадказнай і злачыннай. Прыняць да ўвагі тое, што пракуратура СССР ужо праводзіць расьсьледаваньне пракуратуры БССР. Неабходна акрэсьліць ступень віны кожнага кіруючага работніка, які не прыняў неабходных мер па забяьспечаньню бясьпечных жыцьцёвых умоў насельніцтва Беларусі і аб выніках паведаміць Вярхоўнаму Савету БССР.

Другое: неабходна строга забараніць выкарыстаньне забруджаных зямельных угодзьдзяў для вытворчасьці сельгаспрадукцыі і вырошчваньня жывёлы ўсюды, дзе нельга трымаць чыстыя рэчывы харчаваньня для насельніцтва

Трэцяе: неабходна ўтварэньне пазаведамаснага рэспубліканскага цэнтру радыяцыйнай абароны насельніцтва незалежна ў вызначэньні ўмоў пражываньня і арганізацыі дзейснага кантролю за выкананьнем нормаў радыяцыйнай небясьпекі у ведамасных радыялагічных службах, а таксама для забесьпячэньня выкананьня жорсткіх патрабаваньняў аб чыстым і бясьпечным харчы для народу. На думку камісіі, такі цэнтар павінен быць падпарадкаваны Вярхоўнаму Савету БССР.

Чацьвёртае: камісія лічыць няпоўнай і неаб’ектыўнай ацэнку маштабаў чарнобыльскай трагедыі, якая дадзеная экспэртамі ў рамках Міжнароднага чарнобыльскага праекту па той прычыне, што яна ня ўлічвае мноства фактараў, якія мелі месца ў востры пэрыяд аварыі. А таксама праз 4 гады і сёньня, бо яна заснаваная на малой выбарцы, ня ўлічвае ліквідатараў, якіх амаль 700 тысяч, і многае іншае.

І апошняе: камісія лічыць сваю работу скончанай”.
 
Вось з апошнім – тым, што трэба завяршыць працу камісіі – мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, якія ўваходзілі ў яе склад, не пагаджаліся. Былі ў нас і іншыя прапановы, якія мы выказалі ў выступах. Мне давялося першым распачаць дыскусію, і сярод іншага, я зьвярнуў увагу на тэму палітычнай адказнасьці.
 
Першыя выступы па чарнобыльскай тэме і мы, дэпутаты БНФ, і камуністы слухалі ўважліва – але падчас майго выступу (і гэта можна заўважыць на відэазапісе), дэпутат ад Шклоўскай выбарчай акругі 310 хадзіў па зале і пра нешта размаўляў зь іншымі дэпутатамі. Расьсьледаваньне чарнобыльскай сытуацыі патрабавала крапатлівай працы, вывучэньня сотняў дакумэнтаў і не давала ніякіх асабістых палітычных дывідэндаў. І, выглядае, ня вельмі цікавіла Аляксандра Лукашэнку. Заўсёды гаварлівы, пры абмеркаваньні гэтага “чарнобыльскага пытаньня” Лукашэнка ніводнага разу ня выступіў – ні з трыбуны, ні ад мікрафона.  
Аляксандар Лукашэнка ў часе абмеркаваньня чарнобыльскага пытаньня (крайні справа)

 
Навумчык:  “Часта даводзіцца чуць: "А навошта вось гэтыя разборы, навошта дасьледаваньні тых падзеяў, якія былі і пяць, і шэсьць гадоў назад? Што гэта зьменіць, ці дасьць гэта нейкі паратунак? Зрэшты, тое, што зроблена - тое зроблена".  Гэта, безумоўна, ня так, таму што відаць, праслухаўшы выступ дэпутата Вячэрскага, вы пераканаліся, што тая мадэль, якая працавала ў пачатку 1986 году -- гэтая мадэль працуе і цяпер. Як і раней, вырабляецца сельскагаспадарчая прадукцыя, як і раней, гэтая прадукцыя (можа, ужо не ў такіх аб'ёмах), ідзе ў "чыстыя" зоны, у тым ліку на Віцебшчыну і за межы рэспублікі, І ўжо, відаць, у нас няма абсалютна "чыстых" зонаў ...
Navumchyk 1991 - 2i
|| 0:00:00
...
 
🔇
X
11.07.2011 17:45
Navumchyk 1991

Выступ дэпутата Апазыцыі БНФ Сяргея Навумчыка

Катастрофы накшталт Чарнобыльскай якраз і вымушаюць рабіць палітычныя высновы

... Дык хто ж канкрэтна вінаваты? Рыжкоў, ці Сьлюнькоў, ці Кавалёў, ці хто іншы? Я не ўскладаю асаблівых надзей на працу і пракуратуры СССР, і нават нашай пракуратуры. Як гэта заўсёды ў нас бывае, як гаворыцца, знаходзяць "стрэлачнікаў", а сапраўдныя віноўнікі застаюцца непакаранымі. Ды, відаць, і пытаньне нейкай крымінальнай адказнасьці тут ня можа ўставаць, таму што самае парадаксальнае - што гэтыя людзі дзейнічалі быццам бы па законе. Па тым існуючым законе, які тады і цяпер прынамсі дзейнічае. Прычым я маю на ўвазе не закон у звычайным разуменьні. Вось правільна заўважыў Алесь Адамовіч некалі: чаму Сьлюнькоў і іншыя, маючы такую інфармацыю, яе хавалі? Чаму яны не пайшлі і не сказалі народу? Ды таму не сказалі, што ўжо да гэтага часу іх душа была сотні разоў закладзеная д'яблу. Працуючы ў гэтай сыстэме, яны дзясяткі і тысячы разоў хлусілі -- і народу, і самім сабе. Таму яны дзейнічалі "абсалютна правільна", але "правільна" - у рамках тых маральных каардынатаў, якія для іх вызначала гэтая сыстэма, якая ў нас даўно пануе. Я асабіста лічу, што калі гаварыць пра палітычную адказнасьць... Вось дарэчы, учора тут паважаны дэпутат Смоляр прыгадваў, што ня трэба нам з Чарнобылю рабіць нейкія палітычныя гульні. Гульні - сапраўды, рабіць ня трэба. І ня трэба на Чарнобылі спэкуляваць. Таму што Чарнобыль - гэта сьмерці, і самае страшнае, што Чарнобыль накіраваны не ў мінулае, а ў будучыню. Гэта будзе праз пакаленьні. Але такія катастрофы накшталт Чарнобылю якраз і вымушаюць рабіць палітычныя высновы. Я выкажу сваю ўласную думку, я не ўзгадняў яе з членамі нашай камісіі... Але я лічу, што ў любой цывілізаванай краіне, і хай таварышы камуністы мне тут даруюць, калі б любая партыя зрабіла ў справе хаваньня інфармацыі пра катастрофу маштабу чарнобыльскай столькі, колькі ў нас зрабіла па схаваньнні Чарнобылю КПСС -- такая партыя не магла б прэтэндаваць на ўладу як мінімум пры жыцьці тых пакаленьняў, якія пры жыцьці на сабе спазналі вось гэтыя вынікі».  

Дэпутат БНФ Юрась Беленькі пабудаваў увесь свой выступ на адной цытаце з артыкулу колішняга сакратара ЦК КПБ Пячэньнікава – але нагэтулькі красамоўнай, што яна і не патрабавала ніякіх камэнтароў.
Navumchyk 1991 - 4i
|| 0:00:00
...
 
🔇
X
11.07.2011 17:47
Navumchyk 1991

Выступ дэпутата Апазыцыі БНФ Юрася Беленькага

Чым больш злачынстваў зрабілі людзі, тым на Чарнобылі, тым хутчэй яны ў сваёй структуры растуць

Беленькі: “Я думаю, на пытаньне, хто зьяўляецца злачынцам за ўтойваньне праўды пра наступствы Чарнобылю, лепш не адкажа ніхто, як самі злачынцы. Хачу прывесьці адну цытату з кнігі, якая называецца "Аргумэнтавана, наступальна, эфэктыўна" з падзагалоўкам "З вопыту ідэалягічнай працы ў Беларусі", выдадзенай у Маскве ў выдавецтве палітычнай літаратуры ў 1988 годзе. Артыкул Валерыя Пячэньнікава, на той час - сакратара ЦК кампартыі Беларусі "Самы пераканаўчы аргумэнт у ідэалягічным супрацьстаяньні". На старонцы 12 напісана: "ЦК кампартыі ўсямерна падвышае адказнасьць партыйных камітэтаў і арганізацый, кіраўнікоў усіх зьвеньняў за лёсы сацыяльных плянаў... - і далей: "Так было, у прыватнасьці, у часе ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, вакол якой спачатку асобныя ворагі на Захадзе разьвязалі шумную антысавецкую кампанію выкрыўленьня рэчаіснасьці, прамых перадзёргваньняў і домыслаў. Партыйныя і савецкія органы рэспублікі, абапіраючыся на падтрымку ўсёй краіны, апэратыўна ажыцьцявілі шырокую праграму сацыяльна-эканамічных захадаў у раёнах Гомельскай вобласьці, якія падвергліся радыёактыўнаму забруджваньню. Гэтыя меры прадугледжвалі тэрміновую эвакуацыю часткі насельніцтва з небясьпечных зонаў, забесьпячэньня яго добраўпарадкаваным жытлом, мэдычным абслугоўваньнем і харчаваньнем, працоўна-матэрыяльнай дапамогай. Яны ўключалі таксама правядзеньне дэзактывацыі і добраўпарадкаваньня населеных пунктаў, спэцыяльнай апрацоўкі сельскагаспадарчых земляў і зьмены структуры пасяўных плошчаў, устанаўленьня жорсткага радыёактыўнага кантролю. Дакладнае выкананьне комплексу мераў дазволіла ў адносна сьціслыя тэрміны стабілізаваць абстаноўку ў пацярпелых раёнах, забясьпечыць нармальныя ўмовы для жыцьця і працы насельніцтва, тым самым быў абумоўлены правал мэтаў антысавецкай прапаганды, крызіс яе вэрсыяў пра чарнобыльскую трагедыю". Мне здаецца, дадаць да гэтага больш няма чаго. Адзінае, што я не магу зразумець: атрымоўваецца нейкая д'ябальшчына. Чым больш злачынстваў зрабілі людзі, тым на Чарнобылі, тым хутчэй яны ў сваёй структуры растуць. Так было, дарэчы, і зь Пячэньнікавым, калі ў мінулым годзе яго прызначылі старшынём рэвізыйнай камісіі ЦК КПБ, так было са Сьлюньковым і астатнімі».

На трыбуне – старшын Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк:

Пазьняк: “...нават тыя мізэрныя сродкі, якія выдзеленыя Беларусі на двухгадовую праграму неадкладных захадаў па пераадоленьні наступстваў аварыі на ЧАЭС – 82 мільёны рублёў, – разьмяркоўваюцца не на карысьць Беларусі. 11 мільёнаў, напрыклад, выдадзена Дзяржгідрамэту СССР – таму самаму Дзяржгідрамэту на чале з Ізраэлем, які шмат зрабіў, каб схаваць ад усіх рэальную небясьпеку радыяцыйнага заражэньня ў нашай рэспубліцы. 5 мільёнаў  перададзена саюзнаму малому прадпрыемству для стварэньня аўтаматычнай сыстэмы маніторынгу. 3.5 мільёны Дзяржкамітэт БССР па праблемах Чарнобыльскай катастрофы перадаў на навуковыя дасьледаваньні акадэміку Ільіну – стваральніку “35-бэрнай канцэпцыі”.  У той жа час на разьвіцьцё навуковых дасьледаваньняў беларускімі вучонымі не выдзелена фактычна нічога. 
Navumchyk 1991 - 3i
|| 0:00:00
...
 
🔇
X
11.07.2011 17:46
Navumchyk 1991

Выступ старшыні Апазыцыі БНФ Зянона Пазьняка

...Часта з боку намэнклятуры можна пачуць фальшывыя сэнтэнцыі, што вось, маўляў, з Чарнобыля --  з гора народнага -- хтосьці хоча зрабіць палітыку. Чарнобыль, шаноўныя спадары, воляю лёсу зьяўляецца вялікай, жорсткай і нават міжнароднай палітыкай. І вы, шаноўныя кіруючыя партыйныя работнікі, ёй пасьлядоўна займаецеся. Перш за ўсё ў сваіх інтарэсах, а ня ў інтарэсах народа, які пакутуе з-за вас, з-за вашай дзейнасьці, за якую рана ці позна прыйдзецца адказаць спаўна.

У 1988 годзе, калі Беларускі Народны фронт толькі пачынаў “тараніць” тую подлую сьцяну сакрэтнасьці, якую пабудавалі вакол чарнобыльскай бяды на Беларусі, мы добра ўсьведамлялі, што за магутная, злобная, цёмная сіла стаіць за гэтай сьцяной. І тым ня менш сьцяна абвалілася. І я ўпэўнены: прыйдзе час – гэтак жа, як і тая сьцяна, абваліцца і ўся гэтая подлая антынародная палітыка, і кожны атрымае сваё".

Эмацыйна выступіў Пётра Садоўскі.
 
Садоўскі: Паважаныя калегі! Я сам, як і вы, сярэдні грамадзянін Беларусі, і будучы ў Нямеччыне, зрабіў сабе храмасомны аналіз. Я даў таварышу Каноплю ў інстытут гэтыя вынікі. І там напісана, што было са мной чатыры гады назад. Калі кожны з вас праверыцца - у вас таксама ўжо ня ўсё ў парадку. Што будзе з вашымі ўнукамі? І вы... (сьмех у залі). Яны зноў сьмяюцца!.. Людзі, што гэта, чаму мы сьмяемся? (сьмех у залі) Чаму міністар, які заклікаў нас на сьмерць, сёньня ўзначальвае  дабрачыннасьць?

Пазьняк: Відаць, гэты сьмех можна растлумачыць толькі тым, што радыяцыя вельмі дзейнічае на псыхіку...»

Navumchyk 1991 - 8i
|| 0:00:00
...
 
🔇
X
11.07.2011 17:50
Navumchyk 1991

Сьмех у залі ў адказ на інфармацыю Пётры Садаўскага
x
Navumchyk 1991 - 8i
|| 0:00:00
...
 
🔇
X
11.07.2011 17:50
Navumchyk 1991


Аднак мы ня толькі шукалі вінаватых – ня менш важна было спыніць збор ураджаю на забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыях. Выступае дэпутат Апазыцыі БНФ  Сяргей Папкоў:
 
Папкоў: « Вінаваты ў гэтым цэнтральны камандны апарат -- ён да гэтага часу нічога не зрабіў. І гэта адказнасьць сёньняшніх старшынь выканкамаў абласных. Яны тут у абарону сваю выступалі, але ж яны добра ведаюць, што там ідзе праца на палях. Там жывуць людзі, там будуюцца, туды ўкладаюцца сродкі. Колькі раз шаноўны дэпутат Маісееў выходзіў і казаў, што Ліпаўка будуецца на мяжы якраз з забруджанай тэрыторыяй? Будуецца! Добра ведаюць і паважаны магілёўскі старшыня выканкаму, што да сёньняшняга дня саўгас ў Касьцюковіцкім раёне, Самацевіцкі саўгас не адселены. А там 40 кюры і вышэй. Гэта і Краснапольскі раён не адселены. Гэтыя людзі ведаюць і ня вырашылі гэтае пытаньне». 
 
Зусім танна прадавалі апошнім часам чарнобыльскае мяса - па 5 капеек за кіляграм!

Дэпутат Апазыцыі БНФ Алесь Шут: "Я прашу дэпутатаў са Слуцку, Мёраў, Ушач, Гомлі, Бабруйску, Магілева, Барысава, Бярозы, Крычава, Гародні, быць асабліва пільнымі, паколькі на мясакамбінатах менавіта гэтых гарадоў пераапрацоўвалася мяса са Смалявіцкай лядоўні, якое ішло на харчаваньне нашых жыхароў бяз выбару полу, узросту і месца жыхарства. Ці толькі туды накіравана мяса са сховішча "Заходняе"? НЕ. На прыкладзе мясцовага маштабу я вам пакажу, як распаўсюджвалася гэтая зараза. У Лагойскім раёне пераапрацавалі радыёактыўнае мяса на заводзе мясакоснай мукі і адправілі на корм скаціне. На зьверафермах саўгасу "Іскра", саўгасу "Коранскі", вырашчаныя норкі на радыёактыўных прадуктах. І відавочна "сьвецяцца" тыя шапкі і каўняры, якія пайшлі "ў народ". Толькі была "непрыемнасьць": пасьля радыёактыўнага мяса пачалі нараджацца норкі-пачвары, і давялося ад такога корму адмовіцца. 2 000 тонаў яшчэ ў запасе на сховішчы ў Смалявічах маецца. Хачу прапанаваць тым, хто лічыць, што ў нас ёсьць радыяфобія, лічыць, што ў нас бясшкодна жыць і харчавацца такім мясам – выдаць кожнаму такому чалавеку па ялавічынай тушы альбо сьвіной для харчаваньня сваёй сям'і і нашчадкаў. Напэўна, не пагодзяцца?... Ды і ў сталовую Саўміну трэба завезьці пэўную долю "ядзернага запасу", для патрэбнай актыўнасьці. Зусім танна прадавалі апошнім часам гэтае мяса - па 5 капеек за кіляграм! Нядаўна ў нас на камісіі была размова з адным з вэтэранаў, які даказваў, што ў 1986 годзе мяса закуплялі ў насельніцтва - і гэта галоўны крытэр ягонай чысьціні. Але, верагодна, вэтэран ня ведаў, што ў 1986 годзе Саўмінам БССР зацьверджаны загад аб закупцы мяса без уліку ягонай радыяактыўнай забруджанасьці. Дакумэнт маецца і ў Саўміне, і копія зьнятая. Але перад вачыма стаіць тэлеграма, якая прыйшла ў Лагойскі раён пад грыфам "Сакрэтна" 5 траўня 1986 году, у якой загадана ад імя Мінаховыздароўя СССР і ВЦСПС усім асобам, якія шпіталізаваныя з зоны, пацярпелай ад Чарнобыльскай аварыі, ставіць дыягназ у шпітальным лісьце "вэгетасасудзістая дыстанія".
 
Мэханізатары, якія зьбіралі гэтае жыта, скардзіліся на галаўны боль у сухасьць у роце

Выступае дэпутат БНФ Барыс Гюнтар : " ... зьявіўся пратакол, пра цынізм якога і казаць не даводзіцца. Ён па-сутнасьці скасоўвае заканадаўчы акт, прыняты ВС. Напрошваецца пытаньне: дык у каго ж улада - у Вярхоўнага Савету ці ў ЦК КПБ? І дзе пракуратура, якая абавязаная сачыць за выкананьнем закону? Дзякуючы пункту 3.1 гэтага дакумэнту, землі ліквідаваных у сувязі з немагчымасьцю пражываньня калгасаў і саўгасаў Веткаўскага раёну далучаныя да саўгасу "Веткаўскі", і засеяныя азімымі. На гэтых землях у тым годзе я браў жыта на аналіз. Дарэчы, яна пайшла на агульны ток саўгасу "Веткаўскі". Дык вось узровень радыяактыўнасьці ў тры разы перавышаў часова дапушчальны ўзровень. Акт аналізу маецца. Мэханізатары, якія зьбіралі гэтае жыта, скардзіліся на галаўны боль у сухасьць у роце. Бо ўборкі хлеба бяз пылу не бывае. А узровень гама-фону складаў 200 мікрарэнтгенаў на гадзіну. Акт маецца. Факт уборкі, дарэчы, зьняты на відэакасэту... Кіраўніцтва саўгасу "Веткаўскі" утрымлівае дойны статак і бычкоў для адкорму ў кароўніках ліквідаваных вёсак і корміць іх сенам, гама-фон якога 200 мікрарэнтген на гадзіну, а самі кароўкі "сьвецяцца" з узроўнем 80-100 мікрарэнтген на гадзіну. Вы самі ўяўляеце, якое мяса і які хлеб будзе з гэтага зроблены? Падобная карціна.. (шум у залі).. Паважаныя таварышы, трэба езьдзіць па раёнах! Падобная карціна назіраецца па ўсёй Гомельскай вобласьці. Усе дакумэнты былі накіраваныя ў пракуратуру БССР. І намесьнік пракурора рэспублікі Сашчэка не ўгледзеў магчымасьці пракурорскага рэагаваньня. Ён нават ня ўбачыў, што дадзены пратакол супярэчыць пастанове па Чарнобылі, прынятай на першай сэсіі ВС і не спыніў яго дзеяньне...У Веткаўскім раёне ўсё ідзе, як у 1986 і наступных гадах. Вырабляюцца радыяактыўныя прадукты харчаваньня, а потым развозяцца па рэспубліцы... Чаму гэта адбываецца? Ды таму, што па-ранейшаму ля кіраўніцтва рэспублікі стаяць тыя людзі, якія ўдзельнічалі ў хаваньні наступстваў ядзернай катастрофы... Я прапаную, у адрозьненьне ад таварыша Вячэрскага, захаваць працу камісіі».

Выступы дэпутатаў Апазыцыі партыйным кіраўнікам не спадабаліся. На трыбуне – старшыня Гомельскага аблвыканкаму, у часе Чарнобыльскай катастроофы – сакратар Гомельскага абкаму кампартыі Мікалай Вайцянкоў.

Navumchyk 1991 - 11i
|| 0:00:00
...
 
🔇
X
11.07.2011 17:54
Navumchyk 1991

Выступ старшыні Гомельскага аблвыканкаму Мікалая Вайцянкова

Вайцянкоў:  Я зьвяртаюся і да сваіх землякоў па выступе дэпутата Гюнтара. Я хачу сказаць, ня першы раз слухаю ягоныя развагі на тэмы Чарнобылю, і нічым іншым, як гэтыя маленькія інтрыгі, што сыходзяць ад гэтага чалавека, нічога больш для сябе я ўзяць не магу. Ня трэба бегаць па палях, ня трэба размахваць камэрамі, ня трэба здымаць, што Вы там спрабуеце рабіць. Не сьмяшыце мэханізатараў! Я ўжо дастаткова валодаю інфармацыяй пра тое, што Вы там рабілі. Я хачу зьвярнуцца да Вас, дэпутат Навумчык. Ня трэба інфармацыю выдаваць, зыходзячы з узроўню пазнаньняў хатняй гаспадыні, якая і час ад часу на кухні слухае радыё.  Нельга!» 

Таварышы! Я разам зь іншымі людзьмі як сакратар абкаму 1 мая сьвяткаваў і быў разам з людзьмі, і нічога пра гэта ня ведаў!

Выступае сакратар Магілёўскага абкаму Канавалаў: "Выступы прадстаўнікоў апазыцыі мне яскрава нагадалі перадвыбарчую кампанію ў Вярхоўны Савет рэспублікі ў мінулым годзе. Тыя ж заклінаньні, тыя ж масавыя безадрасныя абвінавачваньні, тыя ж палітычныя амбіцыі і нічым не апраўданая энэргія, накіраваная толькі на тое, каб заваяваць нейкі палітычны пэрспэктыўны аўтарытэт. Я абіраўся ў Слаўгарадзкім раёне, які пацярпеў найбольш цяжка зь іншымі раёнамі нашай рэспублікі. Што ён чакае ад нас, ад Вярхоўнага Савету, ад рэспублікі? І хачу вам дакласьці, што людзі кажуць, што надакучыла гэтая палітычная траскатня, і груба кажучы непарлямэнцкай мовай - балбатня вакол чарнобыльскай праблемы. Любая катастрофа - гэта комплекс безадказнасьці, авантурызму альбо парушэньня тэхналягічных працэсаў. Такая ж катастрофа адбылася і ў Чарнобылі. Ну што ж, давайце бясконца пра гэта казаць? Безумоўна, трэба даць ацэнку адказнасьці асобаў, якія маюць дачыненьне да гэтай справы. Трэба даць ацэнку і асобам, якія ўскладнялі гэтую праблему. Дэпутат Пазьняк! Я хачу зьвярнуцца да Вас і сказаць: што ў адрас Сьлюнькова можна яшчэ ў дзясяткі разоў болей сказаць як палітычнага дзеяча. Але сёньня гэта палітычны нябожчык, і нам няма дзеля чаго да яго вяртацца. Нас абвінавачваюць часам у тым, што мы ведалі і хавалі праблему, вось я кажу пра партыйных работнікаў... Таварышы! Я разам зь іншымі людзьмі як сакратар абкаму 1 мая сьвяткаваў і быў разам з людзьмі, і нічога пра гэта ня ведаў!»

Выступае камуніст дэпутат Чэх: «З гэтай трыбуны выступаючыя ў асноўным прадстаўнікі Апазыцыі БНФ заявілі, што насельніцтву пацярпелых раёнаў, як я зразумеў, пагражае сьмерць. Захворваемасьць і сьмяротнасьць людзей павялічыліся ў 5-10 разоў. Дазвольце, паважаныя калегі, з такімі высновамі не пагадзіцца. Вашыя высновы нічым не пацьверджаныя. І капітал на падобных заявах вы не назапасіце. У канчатковым выніку, за падобныя заявы неабходна трымаць і адказ».
 
Дэпутат Валянцін Голубеў паспрабаваў апэляваць да сумленьня кіраўнікоў-камуністаў:
Navumchyk 1991 - 6i
|| 0:00:00
...
 
🔇
X
11.07.2011 17:48
Navumchyk 1991

Выступ дэпутата Апазыцыі БНФ Валянціна Голубева
 

Што вы робіце? Вы шукаеце вінаватых у апазыцыі, тых людзей, якія зь першага дня спрабавалі расказаць праўду

Голубеў:  "Страшна сядзець у гэтай залі і глядзець, як вялікая колькасьць людзей, адказных, у многім, за тое, што адбылося, якія зараз там працуюць і ведаюць, што ня ўсё тое робіцца, што трэба для выратаваньня людзей, -- ніхто зь іх ня выйшаў сюды і не сказаў: так, мы зрабілі у 86-ым годзе памылкі, мы вінаватыя, але мы не маглі зрабіць інакш. Так, нам загадвала партыя, ня правільна, але загадвала, ёй загадвалі з Масквы. Мы не маглі зрабіць інакш. І зараз ёсьць памылкі. Дарагія дэпутаты, дарагія людзі! Зрабілі мы памылкі, ну так адбылося. Зараз мы так рабіць ня будзем. Што зараз адбываецца? Што вы робіце? Вы шукаеце вінаватых у апазыцыі, тых людзей, якія зь першага дня спрабавалі расказаць праўду. Узьняць народ, падняць, каб і людзі зразумелі, што нас дураць. Вы шукаеце вінаватых сярод навукоўцаў. Успомнім, што было два гады назад, калі ў Менску тысячы людзей 26 красавіка выйшлі на плошчу Леніна. Як нас не выпускалі з работы, каб мы ня выйшлі сюды. Як нам забаранілі правесьці мітынг у гэты дзень і сказалі, што будуць караць крымінальнай адказнасьцю. Людзі прыйшлі, тысячы людзей! - і каб не каралі, прыйшлі з транспарантамі і зрабілі "гадзіну смутку". Людзі гадзіну прастаялі, не сказаўшы ні слова, трымаючы ў руках сьвечкі і плачучы. Тут былі ня толькі менчукі, былі прадстаўнікі з усіх забруджаных раёнаў Беларусі. А што зрабіла ўлада? А ўлада ў гэты час вывела на плошчу імя Леніна ў Менску ваенны духавы аркестар і іграла ўсю гэтую гадзіну бравурныя маршы".
 
Своеасаблівы аргумэнт прывёў намесьнік старшыні Дзяржтэлерадыё і шэф усяго беларускага тагачаснага радыё дэпутат Баляслаў Сушкевіч.
 
Сушкевіч: "Некаторыя нашыя народныя дэпутаты, навукоўцы таксама, прыходзяць да "усясьветнага вываду", што Чарнобыль -- гэта дзіця сацыялізму. Я хачу спытаць у гэтых паважаных апанэнтаў: калі у 1945 годзе зь яснага неба паляцелі атамныя бомбы на Хірасіму і Нагасакі, чыя рука накіроўвала туды самалёт? Сацыяліста? Камуніста? Не! Рука капіталіста, а дакладней - імпэрыяліста!"
 
Адказала Сушкевічу Галіна Сямдзянава.

Navumchyk 1991 - 5i
|| 0:00:00
...
 
🔇
X
11.07.2011 17:48
Navumchyk 1991

Выступ дэпутата Апазыцыі БНФ Галіны Сямдзянавай
 
Сямдзянава: "Паважаны народны дэпутат Сушкевіч, выступаючы перада мной, вельмі добра адзначыў сутнасьць нашай сыстэмы. Ён сказаў, што на Хірасіму і Нагасакі скінулі бомбу імпэрыялісты. Гэта якраз правільная пасылка. Бо цягам ўсяго году Апазыцыя і кажа пра тое, што існуючы рэжым у СССР, існуючая сыстэма - гэта менавіта імпэрыялістычная сыстэма. Гэта менавіта імпэрыя, і за гэтую імпэрыю не далей як учора вы тут прагаласавалі... Я летам мінулага году была ў Гародычах, на ільнозаводзе. Дык вось, даводжу да вашага ведама: летам там пераапрацоўвалі лён вытворчасьці 86-га году, які ішоў якраз з забруджаных месцаў. І гэта нікога не хвалюе".
 
Практычна ў кожным выступе дэпутатаў апазыцыі было пра небясьпеку. Паказальная дыскусія, якая разгарнулася паміж старшынём Апазыцыі БНФ Зянонам Пазьняком і першым намесьнікам старшыні Вярхоўнага Савету Станіславам Шушкевічам.
 
Але перш чым прывесьці цытаты, нагадаю, што ў канцы 1980-пачатку 1990-ых ішла барацьба з прыхільнікамі так званай «35-бэрнай канцэпцыі», якія меркавалі, што на тэрыторыях з малымі дозамі радыяцыі можна жыць і працаваць. Такая канцэпцыя падтрымлівалася МАГАТЭ і атамным лобі.  БНФ (натуральна, са спасылкай на навукоўцаў),  даказваў, што «малыя дозы» -- небясьпечныя.
 
Беларускай рэспубліцы да сёньняшнага дня не ўдалося дабіцца кампэнсацыі ад Савецкага Саюзу за Чарнобыльскую катастрофу

Пазьняк: "Што ж адбываецца са здароўем нашых людзей і што адбылося за гады чарнобыльскіх пакутаў, дзякуючы дзяржаўна-партыйнай палітыцы? Вось зьвесткі, таксама нідзе не апублікаваныя, пра захворваньні насельніцтва Веткаўскага раёну Гомельскай вобласьці. У параўнаньні з 1985 годам захворваньні псыхічныя павялічыліся ў 10 разоў. На ўлік па анкалягічных захвораваньнях стала больш у два разы, сьмяротнасьць павялічылася ў 10 разоў. Сухоты – павялічыліся ў 10 разоў. Агульная сьмяротнасьць у горадзе павялічылася ў 5 разоў. Нараджальнасьць зьменшылася ў два разы. Інваліднасьць рабочых і служачых павялічылася ў 3 разы, калгасьнікаў – у 11 разоў. Прыроджаная паталёгія павялічылася ў 10 разоў.

Вось наступныя зьвесткі, таксама неапублікаваныя, аб захворваньні дзяцей да 14 гадоў Веткаўскага раёну Гомельскай вобласьці. У параўнаньні з 1986 годам на 1989 год захворваньні сардэчна-сасудзістыя павялічыліся ў 5 разоў, лёгачныя – у 4 разы, кішэчнага тракту – у 11 раз, скураныя захворваньні – у 5 раз, паталёгія шчытавіднай залозы – у 3 разы першай ступені, лейкацытны сындром – у 23 разы.

Беларускай рэспубліцы да сёньняшнага дня не ўдалося дабіцца кампэнсацыі ад Савецкага Саюзу за Чарнобыльскую катастрофу. Аднак нават тыя мізэрныя сродкі, якія выдзеленыя Беларусі на двухгадовую праграму неадкладных захадаў па пераадоленьні наступстваў аварыі на ЧАэС – 82 мільёны рублёў, – разьмяркоўваюцца не на карысьць Беларусі. 11 мільёнаў, напрыклад, выдадзена Дзяржгідрамэту СССР – таму самаму Дзяржгідрамэту на чале з Ізраэлем, які шмат зрабіў, каб схаваць ад усіх рэальную небясьпеку радыяцыйнага заражэньня ў нашай рэспубліцы. 5 мільёнаў перададзена саюзнаму малому прадпрыемству для стварэньня аўтаматычнай сыстэмы маніторынгу. 3.5 мільёны Дзяржкамітэт БССР па праблемах Чарнобыльскай катастрофы перадаў на навуковыя дасьледаваньні акадэміку Ільіну – стваральніку “35-бэрнай канцэпцыі”.  У той жа час на разьвіцьцё навуковых дасьледаваньняў беларускімі вучонымі не выдзелена фактычна нічога". 
Navumchyk 1991 - 9i
|| 0:00:00
...
 
🔇
X
11.07.2011 17:51
Navumchyk 1991

Дыскусія паміж Станіславам Шушкевічам і Зянонам Пазьняком
 
Шушкевіч: "Паважаны Зянон Станіслававіч! Я лічу, што Вы зрабілі вельмі многа для адраджэньня беларускай культуры, беларускага самабыту, беларускіх традыцый. Але калі ласка, не рабіце заключэньняў з нагоды падзеяў, якіх Вы, прабачце... у якіх Вы не разьбіраецеся. Прабачце мяне за гэта. Тут ужо гаварылі. Я трымаю паказчыкі... Вы ведаеце, я ўвесь час займаюся гэтай справай. "Асноўныя паказчыкі здароўя насельніцтва Гомельскай і Магілёўскай вобласьцяў". Калі ўзьнікла гэта пытаньне, я зьвярнуўся да Казакова, паважанага міністра аховы здароўя, і атрымаў гэтыя матэрыялы. І я хачу Вам прывесьці дадзеныя, як сьмяротнасьць дзіцячая ў Веткаўскім раёне мянялася за апошнія гады, а Вы сказалі, што яна ўзрасла ў 5 разоў. Гэта статыстыка дакладная... У 10 нават разоў! Слухайце, паважаны Зянон Станіслававіч! 1976 год, на тысячу нарадзіўшыхся жывымі -- у Гомельскай вобласьці ў Веткаўскім раёне памерла 36,9 дзіцяці. 77-мы  год - 36, 78-мы - 22,9, я магу прайсьціся па ўсім гадам. Слухайце, што было далей! 85-ты год, да аварыі -- 27, 6, 86-ты -- 12,3, 87-мы -- 12,9, 88-мы - 29,3, 89 - 15,6. Дзе ж гэта сьмяротнасьць?"
 
Пазьняк: "Шаноўны Станіслаў Станіслававіч! У справе мэдычнай статыстыкі мы з Вамі разьбіраемся аднолькава. Толькі справа ўся ў тым, што Вы кіруецеся зьвесткамі міністэрства аховы здароўя, а я кіруюся непасрэдна зьвесткамі, якія атрымліваю з мэдыцынскіх устаноў Веткаўскага раёну. Вы ведаеце, што нашая ахова здароўя кіруецца інструкцыямі мінздраву СССР аб закрыцьці зьвестак, і менавіта зьвесткі, якія даваў наш мінздраў, паўзьдзейнічалі на тыя пастановы, якія прыняло МАГАТЭ, і аб гэтым шаноўны дэпутат Смоляр якраз і гаварыў. Аб той неразьбярысе ў статыстыцы, якую даваў наш мінздраў. Што датычыць тых зьвестак, пра якія гаварыў я, дык я вам прывяду яшчэ некалькі звестак, якія невядомыя Вам (галасы "" Не надо!"). У 90-ым годзе (званок сьпікера) ў Веткаўскім раёне нарадзілася 326 чалавек...
 
Дземянцей:  "Я прашу прекратіть!..."
 
Пазьняк: .. памерла 581...
 
Дземянцей:  "Прекраціць трансляцыю!"
 
Пазьняк:.. за тры месяцы 91-га году нарадзіўся 61 чалавек, памёр 171 чалавек..».
 
Далей Пазьняк прамаўляць ня мог – мікрафон быў адключаны.
 
Зрэшты, падчас абмеркаваньня чарнобыльскага пытаньня па некаторых пазыцыях нам удалося дасягнуць кампрамісу зь некаторымі камуністамі – гэта вынік кулюарнай працы, не адлюстраванай у стэнаграме. 
 
Увогуле, практычна ўсе дэмакратычныя дасягненьні ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня былі вынікам спалучэньня самай рознай тактыкі – і ня толькі наступу, але часам і кампрамісу, здольнасьці дамаўляцца з нашымі палітычнымі апанэнтамі.
 
Я прапанаваў, каб Савет Міністраў падрыхтаваў справаздачу  аб расходаваньні сродкаў, якія ўжо на той момант пачалі паступаць у якасьці дапамогі і ахвяраваньняў з-за мяжы. Па нашых зьвестках, грошы ўсё часьцей асядалі ў кішэнях чыноўнікаў і іх набліжаных; у «чарнобыльскія  групы на аздараўленьне ўключаліся дзеці начальнікаў з раёнаў, далёкіх ад чарнобыльскіх. Падобную прапанову ўнёс і мой калега па Апазыцыі Мікалай Крыжаноўскі.
 
З аналягічнай прапановай выступіў і дэпутат камуніст Зянон Ломаць (той самы Ломаць, які пры Лукашэнку стане ўсемагутным «кантралёрам», а тады ён быў першым сакратаром Слуцкага гаркаму партыі). 
 
Такое здавалася ня часта, каб першы сакратар райкаму КПБ пагадзіўся з прапановай  дэпутатаў Апазыцыі БНФ. Больш за тое – Ломаць прапанаваў узяць мой варыянт за аснову і нават выступіў у падтрымку.

І  рашэньне было б прынята, каб не паводзіны Станіслава Шушкевіча, які выказаў сумненьне, ці можа Саўмін рыхтаваць справаздачу ў дачыненьні да дабрачынных фондаў. Прычым Шушкевіч літаральна на вуха нашаптаў Дземянцею свае сумненьні (на відэазапісе гэта бачна і чутно), ну а той ужо выказаўся ў мікрафон. Заўвага Шушкевіча мела другасны характар, ня кажучы ўжо пра тое, што ўрад быў абавязаны выканаць рашэньне парлямэнту (дзеля такой праверкі ў яго меліся мэханізмы ў МУС і ў КДБ). Але сваю ролю заўвага Шушкевіча адыграла – прапанова не набрала належнай колькасьці галасоў і не была прынятая (калі табло паказала адмоўны вынік, Шушкевіч пракамэнтаваў - "Уже всё!"). Праз гады стала вядома, у якіх гіганцкіх маштабах раскрадаліся чарнобыльскія ахвяраваньні...
Navumchyk 1991 - 10i
|| 0:00:00
...
 
🔇
X
11.07.2011 17:51
Navumchyk 1991

Галасаваньне па прапанове Сяргея Навумчыка, Мікалая Крыжаноўскага і Зянона Ломаця

Можна толькі здагадвацца, чым патлумачыць такія паводзіны Станіслава Станіслававіча Шушкевіча; ніякай карысьці ў тым, каб «заваліць» нашую  прапанову, не было – хіба што гэта дало Шушкевічу нейкае задавальненьне, сэнс якога я зразумець ня ў стане.

Наогул, перачытваючы цяпер даступныя мне стэнаграмы сэсіяў ВС, я зьдзівіўся, наколькі часта Шушкевіч «тарпэдаваў» прапановы дэпутатаў Апазыцыі БНФ – не радзей, чым «камуністычны сьпікер» Дземянцей.

Але мне хаця б удалося аргумэнтаваць сваю прапанову. У Валянціна Голубева, калі ён, скарыстоўваючы прамую радыётрансьляцыю на мільёны людзей, папярэджваў пра тое, што на забруджаных радыёнуклідамі землях працягваюць сеяць – адключылі мікрафон.
 
Голубеў: «Людзі! Слухайце! Слухае Беларусь! У гэтым годзе кіраўніцтва кампартыі і Савет міністраў прынялі рашэньне...(мікрафон адключаны)... сеяць на забруджаных тэрыторыях...»
Navumchyk 1991 - 7i
|| 0:00:00
...
 
🔇
X
11.07.2011 17:49
Navumchyk 1991

Адключэньне мікрафона ў дэпутата Апазыцыі БНФ Валянціна Голубева
 
Мікрафоны нам адключалі, і на табло для галасаваньня высьвечваліся лічбы, недастатковыя для прыняцьця нашых прапаноў – але галоўнае было зроблена: названыя імёны вінаватых ва ўтойваньні чарнобыльскай праўды, і кіраўніцтву рэспублікі давялося спыніць засяваньне і збор ураджаю на землях, якія ўтрымлівалі сьмерць. Тыя, хто слухаў у тыя летнія дні 91-га трансьляцыю, зразумелі, што спадзяваньняў у паратунку ад Чарнобылю ў камуністычнага кіраўніцтва Беларусі шукаць ня варта.

У Масквы – таксама.

Сяргей Навумчык

navumchyks+rferl.org

Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Блог Сяргея Навумчыка
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Віктар Туравец. Горад:: Ліён.
15.07.2011 10:45
На вялікі жаль, як было, так пакуль і застаецца, што не спрацоўвае на нашай зямлі такое паняцьце, як СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ і ЗАКОННАСЬЦЬ,
злачынцы былі пры ўладзе, чынілі здзек і зло супраць свайго народу, так і зараз, акупаваўшы ўладу і краіну, працягваюць сваю чорную справу. Няўжо мы не ўстане выправіць гэта ? Мабыць час яшчэ не надыйшоў, калі мала каго хвалюе ПРАЎДА пра Чарнобыль, калі няма каментароў, памяці і павагі да ахвяр трагедыі. Вось такія мы...
Але трэба ведаць, што не зрабіўшы правільных высноў з прошлага -
нельга пабудуваць добрую будучыню.
І Вялікі дзякуй паважанаму Сяргею Навумчыку за чарговую інфармацыю, праўду і нашу гісторыю, якой нам так не хапае.

Імя:: Яўген Мурашка
15.07.2011 12:08
Спадар, Навумчык.
Усе канешне, добра, што рабіла БНФ.
Але чаму ж Вы не узгадваеце падзеі, якія адбываліся у Гомелі, у сакавіку- ліпені 90-га?
Чаму замоўчваецца роля страйкама ККЦ ВА "Гомсельмаш" у сакавіку 90-га.. Дзейнасьць Гомельскага гарадскога страйкама у той жа перыяд і Марш "За выжываньне" да ураду Гарбачова?
Паводле Вас, адлік змаганьня супраць наступстваў трагедыі, пачаліся толькі у 1991-годзе.
Малюнак будзе ня поўны, калі не улічыць і гэтыя падзеі.
З павагай.
Адказаць

Імя:: Ананім
15.07.2011 19:19
Вось дзівак Навумчык. І чаму ён не асьвятліў дзейнасьць Мурашкі?
Адказаць

Імя:: Яўген Мурашка
17.07.2011 15:55
Спадар!
А што Вы увогуле ведаеце аб дзейнасьці гомельскай грамадскасьці, у той час?
Відаць анічога, інакш было б меней сарказма і зайздрасьці, а таму і злобы да Мурашкі
З павагай.

Імя:: Люба Горад:: Прага
15.07.2011 15:11
Спасибо за статью и видео материал. Нам не хватает правды о Чернобыле. Современная статистика говорит, что идёт массовые вымирание населения. Возможно причины онкологии и др. заболеваний у нас именно от загрязнения радиацией. Просто исследования прекратились и причины начинают искать в другом.

Імя:: Юрка Цехановіч
15.07.2011 20:01
Мінулы пасьля Чарнобыльскай катастрофы час, быў скарыстаны апалагетамі ядзернай энэргетыкі (як заходнімі так і расейскімі) дзеля рэабілітацыі сындрому грамадзкай сьвядомасьці, што набыла пасьля атамнай аварыі “чарнобыльскі комплекс”. У любой дзяржаве, а тым больш у таталітарных, існуюць групы людзей і адпаведныя арганізацыі, інтарэсы якіх уплываюць на прыняцьце важных у атамнай галіне рашэньняў. Яны, абапіраючыся на актуальнасьць пэўнага моманту, аргумэнтуюць неабходнасьць прыняцьця менавіта такіх рашэньняў, якія неабходныя для іх асабістага дабрабыту, і дзеля гэтага яны не спыняюцца ні перад чым. Зразумела таму, што вядомыя асобы – А. Сахараў, Р. Пасько (Расея), Ю. Бандажэўскі (Беларусь) якія асьвятлялі, непажаданыя для гэтых колаў адмоўныя бакі савецкай (расейскай) ядзернай энэргетыкі, у выніку вымушаны былі спазнаць рэпрэсіўныя ўзьдзеяньні пэўных ворганаў.
МАГАТЭ было ўтворана ў 1957 г. ААН. Але зараз агульнавядомая архаічнасьць гэтай арганізацыі, МАГАТЭ зацікаўлена ў распаўсюджваньні ТОЛЬКІ ядзерных тэхналёгіяў, нягледзячы на тое, што з разьвіцьцём навукі і тэхналёгіяў зьяўляюцца новыя, альтэрнатыўныя тэхналёгіі. Адышло ў былое тое, што было перадавым у 50 гг., – быццам бы атамная энэргія нясе пазбаўленьне чалавецтву ад усіх бедаў і неабходна толькі сачыць за нераспаўсюджваньнем ядзернай зброі (праўда, намаганьні МАГАТЭ ў сувязі з гэтым, адносна Ірана, Паўночнай Карэі і некаторых іншых краін паказваюць няздольнасьць ці нежаданьне гэтай арганізацыі дасягнуць станоўчага выніку). Варта заўважыць, што статут МАГАТЭ ськіраваны на распаўсюджваньне ядзерных тэхналёгіяў, а менавіта для гэтага МАГАТЭ і стваралася, таму ягоныя супрацоўнікі і ня могуць выступаць супраць свайго працадаўцы.

Адмоўная дзейнасьць МАГАТЭ праявілася пры ацэнцы наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Арганізаваныя МАГАТЭ камісіі паказвалі толькі адзін вынік – “нічога страшнага няма”. Гэта пры тым, што ў 90-гады ўжо існавалі дадзеныя, якія паказвалі адмоўнае ўздзеяньне радыяцыі (у тым ліку і малых дозаў) на чалавека, на рост захворваньняў і павелічэньне сьмяротнасьці на Беларусі, Украіне. Нічога не было сказана супраць экспэртамі МАГАТЭ, пра тое, што ўлады некалькі разоў “падымалі планку” афіцыйна дапушчальных узроўняў утрыманьня радыёнуклідаў у прадуктах харчаваньня чалавека.

Імя:: люты
16.07.2011 18:05
гэтая інфармацыя вельмі карысная для моладзі,якая сёньня нараджае дзяцей і не задумываецца адкуль праблемы з немаўлятамі і чаму жанчыны ня могуць вынасіць дзіця, чаму дзеці часта і моцна хварэюць.Ёсьць сэнс змагацца з прамаскоўскім рэжыма за будучыню сваю і сваіх дзяцей.Прыклад- дэпутаты Беларускага Народнага Фронта 12-га скліканьня.

Імя:: Грыцук Валерый Горад:: Менск
17.07.2011 22:03
Дзякуй спадару Навумчыку за выключна важкую тэму.Чаму ў Беларусі няма здаровых, чаму колькасьць дзяцей зменьшаецца ? Вось таму:“Чарнобыльская катастрофа” .
Так, дзякуй дэпутатам ад БНФ і БНФ увогуле, гэта праблема сапраўды стала публічна вядомай. Але і іншыя людзі і дэпутаты ВС таксама рабілі пэўныя крокі . Так, з дапамогай акадэміка ( і дэпутата) Яўгена Канаплі быў адкрыты першы ў Беларусі грамадзкі пункт радыялагічнага кантролю, у Менску, мікрараён “Уруччы-1, 2,3” у 1991. Я ,непаспрэдна ( як дэпутат мясцовага Савета і сябра КГС “Уручча-1, 2,3”) арганізаваў працу гэтага пункту , ды і сам правераў чарніцу, бульбу і іншае, што прыносілі жыхары. КГС зрабіў улёткі “Рэкамендацыі грамадзянам”, каб людзі ведалі , як паменьшыць вынікі “радыяцыі”.
Я маю вайсковую спецыяльнасьць, менавіта па гэтай праблеме і не адзін раз прапаноўваў Зянону Пазняку больш сур’ёзна БНФ заняцца чарнобыльская праблемай. У 1993, адразу пасля З’езда БНФ, мы шлі разам і , я Зянону сказаў, што мы (БНФ) менавіта зараз павінны ўзняць вельмі гучна і масава чарнобыльскую праблему ў грамадзтве. Пасля правалу БНФ акцыі “рэфэрэндрум”я лічыў такую прапанову вельмі патрэбнай і палітычна . Зянон Пазьняк адмовіўся ад гэтай прапановы….
БНФ згубіў шанец на “2-ая дыханьне” ,але і Беларусь, як краіна і народ, чарговы раз згубіла шанец на рэальныя перамены. 18 год існаваньня “новай старой Беларусі” падцвердзілі маю выснову.
Belarus – RFE/RL competition for the best slogan, undated
Настройцеся на Свабоду!

Новыя хвалі Свабоды ад 26 кастрычніка

Дзьмітры Тымчук

Абвастрэньне сытуацыі перад выбарамі — ня толькі ў Данбасе, — Дзьмітры Тымчук

Напярэдадні выбараў у Вярхоўную Раду павялічылася колькасьць збройных правакацыяў у Данбасе, не выключаюцца тэрарыстычныя акты і ў іншых рэгіёнах Украіны. Але поўнамаштабнага наступу баевікоў на ўсходзе чакаць цяпер ня варта. чытаць далей >

УСЕ НАВІНЫ
External Widget cannot be rendered.

чытаць іншыя навіны >>
External Widget cannot be rendered.

ТОП-ЛІСТ

Цуды і дзівосы Беларусі
Малюнак Павел Татарнікаў (с) 2014

Альгерд Бахарэвіч: Абменьнік

Абменьнік – месца, адкуль пачынаюцца самыя сьмелыя фантазіі. Напрыклад, фантазія пра тое, што калі памяняць свае беларускія рублі на даляры або эўра – сьвет зробіцца крышку лепшым, а жыцьцё даўжэйшым. чытаць далей >

ВАРТА
Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага невядомага польскага мастака канца ХVІІІ-пачатку ХІХ стагодзьдзя

За каралём Панятоўскім, за Ажэшкай і Пілсудзкім — у Друскенікі

У доме з бэльвэдэрам над возерам у Друскеніках сёньня выстаўляюцца пяць партрэтаў апошняга караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Атмасфэру Друскенік любіла Эліза Ажэшка. чытаць далей >

ПА-БЕЛАРУСКУ ЗЬ ВІНЦУКОМ ВЯЧОРКАМ

Вышэйшая ліга — яшчэ не найвышэйшая

Або як параўнаць Віленскі ўнівэрсытэт з Акадэміяй кіраваньня пры прэзыдэнце. Піша Вінцук Вячорка. чытаць далей >

БЯЗ ЧАРКІ І СКВАРКІ

Змагаемся з дэпрэсіяй-2: пяць практычных парадаў дыетоляга

Мэдыкі адрозьніваюць некалькі тыпаў дэпрэсіі. У мінулым выпуску мы распавялі аб сэзонным афэктыўным расстройстве (САР) і прапанавалі пяць дыеталягічных парадаў па барацьбе зь ім. У гэтым выпуску — наступныя пяць. чытаць далей >

CAFÉ EUROPA
Вітаўтас Ландсбергіс

Захад пакуль не здаецца Пуціну — Ландсбергіс

Першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс выказаўся наконт вайны ва Ўкраіне, апошніх заяваў Аляксандра Лукашэнкі і сытуацыі з расейскамоўнай меншасьцю ў Літве. чытаць далей >

Валянцін Жданко

Аўдыё «Раніцай молімся ў царкве, а вечарам палім язычніцкія вогнішчы...»

Увесь апошні год амаль у кожным допісе, адрасаваным на Свабоду, у той ці іншай форме гучыць украінская тэма. Многія слухачы, спрабуючы асэнсаваць падзеі ў Кіеве і на Данбасе, шукаюць глыбінныя прычыны канфлікту ў супольнай савецкай гісторыі, і найперш — у пэрыядзе, калі Савецкі Саюз слабеў і распадаўся. чытаць далей >

ПАДАРОЖЖЫ СВАБОДЫ
Віктар Шутовіч

Фотагалерэя Памяць пра Віктара Шутовіча жыве ў Барысаве

Беларускі ксёндз Віктар Шутовіч, якога з захапленьнем да гэтае пары ўспамінаюць на Віленшчыне, пасьля 10-гадовай адседкі ў лягеры жыў у Барысаве, дзе і памёр у 1960 годзе. Ці засталіся ў гэтым горадзе сьляды беларускага сьвятара і культурнага дзеяча? чытаць далей >

Свабода ў турмах
Ілюстрацыйнае фота

Мультымэдыі У менскім аквапарку: «Мяне адвялі далей ад відэакамэраў і пачалі зьбіваць»

Калі чалавек нешта скраў у супэрмаркеце, ці дае гэта права ахоўнікам ужываць у дачыненьні да яго фізычную сілу? А калі чалавек ня скраў, а яго абзываюць злодзеем і пачынаюць абшукваць? чытаць далей >