Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэспандэнта Свабоды аштрафавалі


Міхаіл Карневіч
Міхаіл Карневіч
Суд Ленінскага раёна Горадні аштрафаваў нашага гарадзенскага карэспандэнта Міхала Карневіча на 1 мільён 50 тысяч рублёў нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 3 ліпеня. Гэта адбылося нягледзячы на тое, што ў суд быў прадстаўлены дакумэнт, што Міхал выконваў рэдакцыйнае заданьне.

Міхал Карневіч зьбіраецца абскардзіць гэтае рашэньне ў абласным судзе, бо лічыць сваю справу сфабрыкаванай:

«Сёньня на працэс прыйшоў другі сьведка-міліцыянт, які быў ня ўпэўнены, ці затрымліваў ён мяне, сказаў толькі, што яму знаёмы мой твар. Ня мог адказаць на пытаньні, у што я быў апрануты, дзе знаходзіўся, ня мог патлумачыць, калі і як ён складаў на мяне пратакол. Пасьля ўсяго гэтага судзьдзя Дзьмітры Кедаль апусьціў галаву і сказаў: «30 базавых. Калі ня згодныя — абскарджвайце».

Журналіста Свабоды затрымалі падчас маўклівай акцыі 3 ліпеня і абвінавацілі ў тым, што ён браў удзел у несанкцыянаваным шэсьці.

Карневіч: «Я выконваў там свае службовыя абавязкі, знаходзіўся на вуліцы Савецкай і з боку проста рабіў фатаздымкі. У шэсьці ўдзелу ня браў. Мяне тады забралі, нягледзячы на тое, што я прад’явіў сваю акрэдытацыю, і ў пастарунку склалі пратакол. У судзе ўжо сьведчыў першы сьведка, якога я ня бачыў. Ён сказаў, што забіраў мяне на іншым баку вуліцы, дзе я наагул ня быў. Сёньня ў судзе паказалі відэа, дзе я крыху мільгануў, дзе я проста раблю здымак. Міліцыянт, які мяне затрымліваў, напісаў, што затрымліваў мяне разам з тым жа сьведкам і што я браў удзел у шэсьці. Я запатрабаваў, каб у суд выклікалі міліцыянта, які пісаў рапарт і які мяне затрымліваў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG